Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлюсконі — Лукашэнку: “Ваш народ вас любіць”


У рэзыдэнцыі прэзыдэнта адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Сыльвіё Бэрлюсконі ў вузкім і шырокім складах.

Самалёт італьянскага прэм’ера прыбыў у Менск са спазьненьнем на 15 хвілін паводле папярэдняга графіку.

У рэзыдэнцыі прэзыдэнта адбыліся перамовы Лукашэнкі і Бэрлюсконі ў вузкім складзе.

Сыльвіё Бэрлюсконі заявіў Аляксандру Лукашэнку:

«Мы можам зрабіць у нашых адносінах нашмат, нашмат болей». У прыватнасьці Італія магла б стварыць місію сваіх прадпрымальнікаў у Беларусі і магла б падзяліцца тэхналёгіямі хуткага домабудаўніцтва. Місію прадпрымальнікаў гатовы ўзначаліць сам Бэрлюсконі. Лукашэнка выказаў спадзеў на ўзмацненьне супрацоўніцтва не толькі між дзяржавамі, але і кампаніямі

Пазьней у часе перамоў у пашыраным складзе Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Мы ўспрымаем прыезд кіраўніка ўраду Італіі як вельмі красамоўны жэст падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне». Паводле ягоных словаў, Італія стала для Беларусі значным палітычным і эканамічным, «прывілеяваным» партнэрам.

Беларусь гатовая да сур’ёзнай працы па разьвіцьці ўзаемадзеяньня зь Італіяй ва ўсіх сфэрах гандлёва-эканамічнай, крэдытна-інвэстыцыйнай, банкаўскай, транспартна-лягістычнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай, — заявіў Лукашэнка.
Бэрлюсконі ў адказ канстатаваў, што адносіны Італіі зь Беларусьсю знаходзяцца ніжэй плянкі існуючых магчымасьцяў, зазначыўшы, што ягоная краіна знаходзіцца толькі на 15-м месцы па інвэстыцыях у беларускую эканоміку.

«Дасягнутыя дамоўленасьці дазволяць італьянскім прадпрымальнікам зрабіць больш упэўненыя крокі ў Беларусі», — цытуе Бэрлюсконі «Інтэрфакс».

Асабліва ён падкрэсьліў дамоўленасьць беларускага ўрада з групай «Фінмэканіка» і прапанову Беларусі стварыць у Берасьці «італьянскую прамысловую акругу» для сумесных прадпрыемстваў, якія прадавалі б сваю прадукцыю на тэрыторыі Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана.

Урад Беларусі і італьянская кампанія «Фінмэканіка» падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве ў сфэры транспарту, энэргетыкі , космасу, бясьпекі.


Цырымонія адбылася пасьля завяршэньня перамоваў Лукашэнкі і Бэрлюсконі. Пра гэта паведаміла БЕЛТА. Апрача таго ўрады падпісалі пагадненьне аб эканамічным супрацоўніцтве і аб супрацоўніцтве ў галіне вэтэрынарыі.

Гэта першы афіцыйны прыезд заходнеэўрапейскага палітыка такога рангу ў Менск за ўсе 15 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Праграма візыту італьянскага прэм'ера ў Беларусь разьлічаная на тры гадзіны.

Пасьля двухбаковых перамоваў кіраўнік Беларусі і прэм’ер Італіі выступілі з заявамі для прэсы.

«Я жадаю ўдачы асабіста вам, спадар прэзыдэнт, вашаму народу, народу, які вас па-сапраўднаму любіць, сьведчаньнем чаму зьяўляюцца вынікі выбараў, якія перад вачамі ўсіх нас», — сказаў Сыльвіё Бэрлюсконі Аляксандру Лукашэнку пасьля завяршэньня двух раўндаў перамоваў.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Італія адкрылі новы этап партнэрства, «фундамэнтам якога зьяўляецца ўзаемапаважлівы, шчыры і зацікаўлены дыялёг».

Анатоль Лябедзька
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што Бэрлюсконі ажыцьцяўляе ў Менску палітыку эўрапейскага прагматызму, а не эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Спадар Лябедзька раней меў магчымасьць асабіста сустрэцца і пагутарыць з Сыльвіё Бэрлюсконі і мае асабістае ўражаньне ад ягонай асобы:

«Бэрлюсконі — эпатажны палітык. Паводле чалавечых якасьцяў ён у чымсьці нават падобны на Аляксандра Лукашэнку, таксама схільны да палітычнага авантурызму.

На мой погляд, так, да нас прыяжджае лідэр адной з краін Эўрапейскага зьвязу, але палітык-бізнэсмэн. Для Бэрлюсконі ўсё зьяўляецца таварам, які мае свой кошт, у тым ліку і эўрапейскія каштоўнасьці. Ягоны прыезд азначае, што некаторыя эўрапейскія палітыкі зацікаўленыя, каб хтосьці пратаптаў сьцяжынку ў менскі Чырвоны дом».

Анатоль Лябедзька назваў парадак дня візыту Бэрлюсконі сьціплым:

«Я выключаю, што ў часе дыялёгу з Лукашэнкам ён паставіць пытаньне аб свабодных выбарах у Беларусі. Гэта яго не цікавіць Ня будзе ён казаць пра свабоду СМІ ў Беларусі, у яго ад сваіх СМІ галава баліць. Могуць пагутарыць аб аздараўленьні беларускіх дзяцей у Італіі, эканамічных адносінах».

Алесь Лагвінец
Прадстаўнік Руху «За Свабоду!» Алесь Лагвінец назваў візыт Бэрлюсконі адлюстраваньнем таго дыялёгу, які Эўразьвяз спрабуе разьвіваць зь Беларусьсю, і ў якім Італія стала ў першыя шэрагі.

«Пазыцыя прэм’ер-міністра Італіі цяпер ня самая моцная. Літаральна ад заўтра яго чакаюць вялікія праблемы ў сваёй краіне, гэта тычыцца як і ягонай маёмасьці, гэтак і ягоных стасункаў з прэсай, абвінавачваньнямі ў карупцыі... Цяжка казаць, што візыт італійскага прэм’ера зможа істотна паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека і палітычную лібэралізацыю ў Беларусі. Паводле заяваў як міністра замежных справаў Італіі, так і самога Бэрлюсконі, гэтыя пытаньні для іх не зьяўляюцца першачарговымі».

Палітоляг Андрэй Фёдараў ня лічыць візыт Бэрлюсконі нейкім прарывам у адносінах Беларусі і Захаду.

Андрэй Фёдараў
«Эўразьвяз — гэта не тая арганізацыя, у якой адзін чалавек, нават лідэр такой уплывовай краіны як Італія, можа прымаць нейкія рашэньні. Тым больш мы ведаем што Бэрлюсконі даволі экстравагантны чалавек, і ў ягонай краіне ў яго ёсьць пэўныя праблемы, зьвязаныя з гэтым. Такім чынам, я думаю, што прынцыпова ў адносінах з Эўразьвязам гэта нічога ня зьменіць. Іншая справа, што, магчыма, у двухбаковых адносінах могуць зьявіцца больш-менш значныя дасягненьні».

Андрэй Фёдараў нагадаў, што пасьля візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Менск у студзені 1994 года тут не было лідэраў краінаў Захаду.

«Аднак ня варта чакаць, што пасьля прыезду Бэрлюсконі іншыя заходнія лідэры ўключаць Менск у свае пляны паездак. Астатнія будуць больш асьцярожнымі. Тое, што санкцыі ЭЗ былі прадоўжаныя, сьведчыць, што Эўропа насьцярожана ставіцца да таго, што тут адбываецца ».

Гл. таксама:


Толькі бізнэс, нічога асабістага?

Бэрлюсконі вязе кантракт з абарончым канцэрнам

Грушавы: «Лукашэнка і Бэрлюсконі „прыкрыюцца“ чарнобыльскай тэмай»

Чарговая крымінальная справа супраць Бэрлюсконі

Да нас едзе Бэрлюсконі (2)

Да нас едзе Бэрлюсконі (1)

У Менск едзе Бэрлюсконі

Лукашэнка пра Сыльвіё, Эўропу, дыктатуру, апазыцыю

Лёс Лукашэнкі залежыць не ад Бэрлюсконі, а ад народу

Бэрлюсконі можа мець у Беларусі прыватныя інтарэсы

Л.Мацытэлі: Бэрлюсконі спадзяецца, што яго за гэта пахваляць

Беларусь – Італія: спадзяваньне на непераборлівасьць

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG