Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А ў цябе няма шкоднага накірунку думак?


Ідэалягічнае браджэньне розумаў у грамадзтве, пра якое вялося ў тэкставай частцы агляду, не засталося без увагі адмысловых людзей. Палкоўнік дзяржбясьпекі Леанід Дзядкоў, які зьяўляецца начальнікам УКГБ па Берасьцескай вобласьці, заявіў, што праца «з шкодным накірункам думак у шырокім сэньсе слова» ужо праводзіцца. Радзіма можа спаць спакойна.



(Фотаздымак зроблены valery_brest_by)


«Так што, калі ў вас, крый божа», — піша poczobut — «узьніклі няправільныя думкі, вы ўжо ведаеце, да каго трэба зьвяртацца».


Блогер dug_w пацікавіўся, за якія заслугі атрымаў свае мэдалі пан палкоўнік. Выявілася, што мэдалі збольшага юбілейныя (заўважаныя: «65 год вызваленьня Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» і «90 гадоў на варце мяжы»). Пэўна, узнагародай за выкараненьне шкодных думак можна лічыць мэдаль «За бездакорную службу» III ступені.


ГАЛОДНЫХ НЕ КАРМІЦЬ!



Шкодным накірункам думак у Берасьці нядаўна было прызнанае жаданьне актывістаў руху F.N.B (Food not bombs — Ежа замест бомбаў) накарміць галодных. За што супраць іх распачалі судовы перасьлед.


РУСКІЯ МАСТАКІ-ПЕРАДЗЬВІЖНІКІ Ў ВІЦЕБСКУ



Фотаздымак зроблены блогерам luchosa у Віцебску (падземны пераход на Маскоўскім праспэкце). Цікава, наколькі шкодны накірунак думкі ў аўтара гэтага графіці? Палкоўнік Дзядкоў нешта казаў пра «экстрэмістаў і сэпаратыстаў з асяродку нацыяльных мяньшыняў». Мо гэта яны і ёсьць? Калі, вядома, графіці не адрасаванае ўсходнім суседзям — маўляў, цесна ўжо ў абдымках вашай любові, перастаньце гэтак нас любіць, любіце самі сябе. А гэта цягне на антыінтэграцыйны заклік.


НЯ КАРКАЙ!


У Расеі таксама змагаюцца з шкодным накірункам думак, нават з большым размахам. Днямі тут быў асуджаны на 1 год і 9 месяцаў калёніі-паселішча блогер irek_murtazin — за пакінуты ў верасьні 2008 году запіс, у якім ён падзяліўся з чытачамі неправеранай інфармацыяй пра раптоўную сьмерьць прэзыдэнта Татарастану Мінтымэра Шайміева. Вядома, гэты допіс стаў толькі добрай нагодай і апошняй кропляй, а сапраўднай прычынай было тое, што Муртазін ужо колькі гадоў дапякаў татарстанскія ўлады.



Аляксандр Фядута, чыім сябрам быў і застаецца асуджаны, заклікае «усіх блогераў праявіць салідарнасьць з блогерам irek_murtazin, а журналістаў — з журналістам Ірэкам Муртазіным». Ён піша:


У нас зь ім падобныя лёсы. Абодва сыйшлі ў апазыцыю да былога патрону, абодва напісалі па кнізе пра іх. Але ж наколькі Шайміеў аказаўся больш драбязьлівым і зласьлівым за Лукашэнку. Апошні не апусьціўся да напісаньня заявы ў суд і дачы паказаньняў...


Я зьвяртаюся да блогера blog_medvedev.

Дзьмітры Анатольевіч! Судзілішча над Ірэкам Муртазіным рызыкуе стаць адной з самых ганебных старонак Вашага кіраваньня ў Расеі. Ня пуцінскага — а ўжо Вашага. Мінае час такіх, як Шайміеў, аскепкаў савецкай эпохі. Але гэтыя жывыя мерцьвякі хапаюць усіх, хто хацеў бы жыць у новай Расеі, хацеў бы жыць па-новаму. «Адзіная Расея» пэўная ў тым, што і пры Вас ёй будзе дазволена ўсё. Падумайце, ці варта Вам, юрысту, дазваляць прывесьці гэты прысуд у выкананьне? Можа, прасьцей зрабіць уладу адкрытай, даступнай для грамадзянаў — каб выпадкі з чуткамі пра сьмерць таго ці іншага рэгіянальнага лідэра, які раптам выпадзе з поля зроку тэлекамераў, не пацягнулі за сабой новыя судовыя працэсы?


Я мог бы сказаць ад сябе беларускім блогерам нешта кшталту «калі ты сёньня прамаўчыш, то заўтра прыйдуць па цябе», але паспрабаваў прыгадаць якія-небудзь запісы ў беларускай блогасфэры, што цягнулі б на турэмны тэрмін, і... ня змог. Калі ўлады і крытыкуюць, гэтая крытыка застаецца на ўзроўні бяскрыўднага бурчаньня. Няма за што? Ці то ўсёж няма чым кусаць — зубы ня вырасьлі? Даволі балюча часам пакусваюць апазыцыйных дзеячоў. Але ж за гэта не саджаюць. Карацей, судовы прысуд за допіс у блогу яшчэ заслужыць трэба.


БРЫНДЗЮЛЬКІ, ЛЯМПАСЫ І ФУРАЖКІ


Адзін з найбольш кусьлівых у беларускай блогасфэры — shumovik, чые зубы заточаныя адмыслова на Мілінкевіча. Гэтым тыднем ён вырашыў апрабаваць іх вастрыню на Лукашэнку. Параўнаўшы яго з адыёзным пэрсанажам расейскай глямурнай тусоўкі — Сяргеем Зьверавым:



Адкуль гэтая схільнасьць да брындзюлькаў, лампасаў і фуражкаў з высокім верхам? Здавалася б, якія розныя людзі. Адзін прэзыдэнт незалежнай дзяржавы, другі — стыліст, адмысловы тусоўшчык і, баяць, асоба нетрадыцыйнай арыентацыі... А можа ёсьць паміж імі нешта агульнае? — піша блогер.


Ці можна палічыць параўнаньне зь Сяргеем Зьверавым абразай прэзыдэнта, за якую прадугледжаная крымінальная адказнасьць? Калісьці Ксенія Сабчак, у інтэрвію з Рамзанам Кадыравым, пыталася, што агульнага паміж ім і Зьверавым. Намякаючы на гадзіньнік за 100 тыс. у.а., які прэзыдэнт Чачэніі неспадзявана падараваў апошняму. «Вы ж зь ім як насарог і янот — поўныя супрацьлегласьці. Да таго ж, Рамзан Кадыраў хіба не праціўнік гей-культуры?», — казала Сабчак. Ужо нашто суворы мачо чачэнскі прэзыдэнт, але ж стрываў. Лукашэнка мусіць і пагатоў стрываць.


Не за тое месца кусаеце, пане shumovik, спрабуйце яшчэ.


НОВЫЯ ЧАЧЭНСКІЯ


Дарэчы, пра Кадырава. Тацьцяна Елавая, якая пільна адсочвае ягоныя целазрухі, выклала ў сваім блогу відэаролік. Дзе засьняты картэж кадыраўскай «братвы» падчас паездкі на вясельле да чачэнскага бізнэсоўцы Руслана Байсарава:




Усе прэзыдэнты сьвету, напэўна, нэрвова паляць у куце і зайздросьцяць. Дзіўна, што ім яшчэ не зацікавілася Кніга рэкордаў Гінэса. Менавіта за гэта, атрымліваецца, лілі сваю і чужую кроў чачэнскія партызаны-сэпаратысты. Каб Рамзан мог шыкаваць «на ўсю іванаўскую».


ЭЛІТНАЯ БОЖАЯ МАЦІ ДЛЯ ЭЛІТНАГА ПАСЁЛКУ


У багатых свае дзівацтвы. Жыхарам закрытага элітнага падмаскоўнага пасёлку «Княжье озеро» (кошты дамоў ад 800 тыс. да 6 мільёнаў даляраў) захацелася мець у сваёй царкве ікону Маці Божай Тарапецкай, набытай калісьці Эўфрасіньняй Полацкай для полацкага манастыра. На што заклікае зьвярнуць увагу Алесь Чайчыц. Па просьбе патрыярха Кірыла Міністэрства культуры прыняло рашэньне аб часовай (тэрмінам на год) перадачы іконы. Натуральна, гэтае перанясеньне пагражае яе захаванасьці.



Алесь Чайчыц адзначае, што ў дыскусіі вакол лёсу іконы, якая пачалася ў расейскай інфармацыйнай прасторы, адно меркаваньне не разглядаецца: меркаваньне аб магчымасьці вяртаньня іконы ў Полацак.

На галоўнай старонцы сайту элітнага падмаскоўнага пасёлку плаваюць лебедзі, гучаць салаўіныя выцілінькваньні, шуміць чарот — ціш, гладзь і Бож’я благадаць. Здаецца, менавіта такога кшталту карцінкі расейска-амэрыканскі пісьменьнік Уладзімер Набокаў лічыў узорам пошласьці і «кепскім імітаваньнем дабра».



У гэты алігархічна-чынавенскі раёк і адправіцца ікона, месца якой — хіба ня так? — у Полацкім манастыры.


По моєму, чувак, нас кинули


Гэтая песьня прысьвячаецца пятай гадавіне «памаранчавай рэвалюцыі», але пасуе, пэўна, ня толькі для гэтай нагоды:




Відэаролік выклаў tiradorrus.


HEIL! VICTORIA! FUCK!


Чэскі мастак Roman Týc дапрацаваў ў Празе помнік, прысьвечаны аксамітавай рэвалюцыі, дадаўшы да яго дзьве сэкцыі: 1939 год — рукі ўскінутыя ў нацыстоўскім вітаньні, 2009 — у жэсьце расчараваньня, пагарды і абразы:



Выклаў b0rmann


УСЁ НЯ ТАК, АПРОЧ НЭЎРА ДЗЮБЕЛЮ


Гэтым тыднем сваё 20-годзьдзе адсьвяткаваў беларускі рок-гурт «Нэўра Дзюбель»:



(Фотаздымак блогера vojur)


...Куллінковіч літаральна міраточыў і пастаянна падаў сваім тонкім храбтом ігуаны на чужыя растапыраныя пальцы, прама ў натоўп, і мы перажывалі — ці можна яму так? Хаця, напэўна, можна, гэта як остэахандрозны масаж, катацца сьпінай па цьвёрдых чужых руках, поўных жарсьці, пота і пены; гэтыя пенныя рукі ў нейкі момант зрабіліся часткай мяне, калі мая ўласная далонь па локаць увайшла ў чыюсьці мяккую, узмакрэлую, мыльную сьпіну, і я паімчалася далей, сыходзячы гэтым чужым ліпкім потам, нібыта ўласнай крывёю. У гэтай краіне шмат што ідзе ня так, але канцэрты «Нэўра Дзюбелю» гэта ўсё неяк ураўнаважваюць, — напісала vinah.


КАЛІ ВАМ СУМНА



Зараз будзем гуляць, раю і вам, калі, напрыклад, вы хварэеце і людзі вас баяцца. Ці калі вам сумна. Дапамагае пасьля цяжкага працоўнага (і нават нядзельнага) дню.


Вам спатрэбяцца: 1. Чалавек (ты сам), 2. Ванна з нацягнутымі над ёй вяроўкамі-шнурамі для сушкі бялізны. 3. Калготкі (можна контэ ці гольдэн лэдзі).

Як гуляць: апранаеце калготкі на галаву (каб атрымаліся вушы, як у зайца, заднім месцам, карацей, на галаву), залазіце ў ванну, становіцеся ў поўны рост, ногі (калготачныя, не свае) закідваеце на вяроўкі для сушкі бялізны. Павольна рухаецеся зь месца і робіце некалькі крокаў наперад. Вы — тралейбус. Калі пры гэтым насунуць лыжы — атрымліваецца трамвай, а калі насунуць лыжы і наліць у ванну вады — атрымліваецца рачны трамвай, а калі ў ванну з вадой кінуць уключаны фен, то атрымліваецца электрычка, а калі выключыць сьвятло і надзець на галаву ліхтарык, то вы — мэтро.</i> (nusmumrik)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG