Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні візыту ў Беларусь прэм'ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію італьянскай газэце La Stampa. Фрагмэнты інтэрвію паказвала 25 лістапада беларуская тэлевізія, сёньня інфармацыйныя агенцтвы БЕЛТА і Інтэрфакс паведамілі новыя падрабязнасьці. На сайце газэты інтэрвію яшчэ няма.

Адказваючы на пытаньне пра гарантыі ў пляне дэмакратызацыі, якія Беларусь магла б даць Сыльвіё Бэрлюсконі, Лукашэнка сказаў: “Ня думаю, што Сыльвіё едзе сюды па нейкія гарантыі дэмакратызацыі. Што да дэмакратыі, мы можа яшчэ зь сім-тым падзяліцца гэтым дарам”.

“Што да кола пытаньняў, якія мы будзем абмяркоўваць з прэм'ерам Італіі, то гэта перш за ўсё эканамічныя праблемы, стварэньне нарматыўна-прававой базы нашых дачыненьняў”, - сказаў Лукашэнка і дадаў, што апрача таго могуць абмяркоўвацца пытаньні замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку.

“За апошнія месяцы ў нас пабывала каля двух дзясяткаў буйных палітычных фігураў Эўразьвязу, і практычна ўсе яны адзначалі, што Беларусь - гэта сапраўды эўрапейская дзяржава”, - заявіў Лукашэнка.

У будучыні дачыненьні паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі істотна палепшацца. “Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены”, - заявіў Лукашэнка. Паводле яго, пакуль прайшло занадта мала часу ад моманту, калі да ўлады ў ЗША прыйшла новая адміністрацыя. Кіраўнік Беларусі зазначыў, што любы ціск звонку на Беларусь, зь якога боку ён ні чыніўся, будзе контарпрадыктыўны.

Імкненьне Беларусі да ўмацаваньня дыялёгу з Эўразьвязам, паводле Лукашэнкі, абумоўлена тым, што Беларусь - гэта аб'ектыўна эўрапейская дзяржава, я ніяк ня цяжкасьцямі ў дачыненьнях з Расеяй. “Калі ЭЗ хоча аб'яднаць усю Эўропу, дык ён ня можа не заўважаць Беларусь, гэтаксама як і Ўкраіну”, - заявіў ён.

Кіраўнік Беларусі ня выключыў, што ў недалёкай будучыні ў Беларусі можа адбыцца сустрэча папы рымскага Бэнэдыкта XVI і патрыярха маскоўскага Кірыла. Ён зазначыў, што калі кіраўнікі дзьвюх галіна хрысьціянства дамовяцца аб такой сустрэчы ў Беларусі, гэта стане сапраўдным падарункам беларускаму народу.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі немагчымае ўсталяваньне дыктатуры. “У Беларусі няма для гэтага падставаў. Гэтаксама, як ня можа быць сёньня ўсталяваны дыктатарскі рэжым у Італіі або ў нейкай іншай эўрапейскай дзяржаве, - сказаў ён. - Гэта магчыма ў ЗША, Кітаі, часткова ў Расеі - у самадастатковых дзяржавах, якія могуць існаваць практычна незалежна, нават калі б на іх абрынуўся ўвесь сьвет”.

Лукашэнка выказаў думку, што дзеячам беларускай апазыцыі добра было б прайсьці стажыроўку ў адной з заходнеэўрапейскіх краінаў, “каб яны ўдыхнулі гэтага сьлезацечнага газу і атрымалі па рэбрах паліцэйскімі дубінкамі. Тады б яны разумелі, што такое апазыцыя і што такое грамадзкі парадак, якога трэба прытрымлівацца ў дзяржаве”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG