Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку адбыўся мітынг у гонар паўстанцаў

абноўлена

28 лістапада дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі адзначае Дзень герояў Слуцкага збройнага чыну.

Зь Менску, а таксама зь іншых рэгіёнаў краіны ў вандроўку па мэмарыяльным маршруце — вёскі Семежава, Грозава, Вызна (Чырвоная Слабада) — выправіліся актывісты Партыі БНФ “Адраджэньне”, Руху “За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, іншых грамадзкіх арганізацый.

У Слуцку на гарадзкім стадыёне а 14-й гадзіне пачаўся мітынг, прысьвечаны 89-угодкам Слуцкага збройнага чыну. За акцыяй і яе ўдзельнікамі назіралі больш як 20 міліцыянтаў і невядомыя людзі ў цывільным. За прысутнасьць міліцыянтаў на мітынгу арганізатарам, а гэта былі слуцкія актывісты Партыі БНФ, давялося заплаціць.

Слуцкі райвыканкам загадзя спагнаў амаль 400 тысяч рублёў. Інакш афіцыйны дазвол на мітынг ўлады не далі б.

Мітынг у Слуцку вёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён вітаў прысутных, падзякаваў жыхарам Случчыны, што магілы паўстанцаў дагледжаныя і на іх усталяваныя трывалыя крыжы.

“Сёньня адбыўся традыцыйны аб’езд ваколіцаў Слуцка, дзе восеньню 1920 года адбылося народнае паўстаньне супраць бальшавіцкай улады і за незалежнасьць Беларусі. Ля крыжоў мы пакінулі жывыя кветкі.

Гэтая падзея вельмі слаўная ў гісторыі Беларусі і яе трэба адзначаць ня проста на ўзроўні грамадзкасьці, але і на дзяржаўным узроўні. Трэба думаць, як юбілейныя ўгодкі адзначыць як дзяржаўнае сьвята”.

На мітынгу ў Слуцку прамаўлялі таксама старшыня руху салідарнасьці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, гісторыкі Ніна Стужынская і Антон Астаповіч, прадпрымальнік Аляксандар Макаеў.

Сёлета ўпершыню ўдзельнікі вандроўкі на Случчыну наведалі вясковыя могілкі ў Агародніках. Раней Антон Астаповіч даведаўся пра пахаваньне тут забітых паўстанцаў.

“Амаль 20 гадоў таму я быў у Агародніках у экспэдыцыі па вывучэньні вясковага побыту. Тады ж старажылы вёскі паказалі курган зь вялікім дубовым крыжам. На жаль, за мінулы час крыжа ня стала, курган зарос хмызьняком. Таму думаем, як добраўпарадкаваць гэтае месца і абавязкова ўсталюем тут новы крыж”.

Гісторык Ніна Стужынская паведаміла для “Радыё Свабода”, што падрыхтавала да выданьня новыя матэрыялы па гісторыі Слуцкага збройнага чыну. Па яе словах, у гістарычных архівах Польшчы і Беларусі ёй удалося адшукаць новыя зьвесткі пра гераічных случчакоў:

“Я асабіста буду рабіць усё магчымае, каб розгалас пра Слуцкі збройны чын быў як мага шырэйшы, асабліва да юбілейных угодкаў. Гэта ж была барацьба за незалежнасьць Беларусі. Увесь сьвет даведаўся, што беларусы не згаджаліся з падпарадкаваньнем ні Расеі, ні Польшчы, а баранілі незалежнасьць сваёй краіны”.

Паводле Ніны Стужынскай, у Беларусі будзе створаны Нацыянальны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы да 90-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну.

Па завяршэньні акцыі ў Слуцкі РАУС быў выкліканы заяўнік мітынгу Віталь Амяльковіч. Міліцыянты склалі ліст апытаньня і папярэдзілі Віталя Амяльковіча, што могуць быць наступствы за тое, што на мітынг у гонар паўcтанцаў удзельнікі крочылі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Грозаў

Семежава

Міліцыянт перапісвае дадзеныя кіроўцаў.

Слуцк. Невялікае шэсьце да стадыёну.

Мітынг на стадыёне ў Слуцку.

Гаворыць Аляксей Янукевіч.

Вячаслаў Сіўчык

Аўтарка кнігі “Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву 20-х гадоў XX стагодзьдзя” Ніна Стужынская.

Сьпявае Зьміцер Бартосік.



Даведка “Свабоды”
Увосень і ўзімку 1920 года Случчына была цэнтрам мабілізацыі насельніцтва на абарону незалежнасьці сваёй радзімы перад пагрозаю падзелу яе паміж Расеяй і Польшчай.

17 лістапада Рада Случчыны пачала мабілізацыю насельніцтва. Была сфармаваная Першая Слуцкая брыгада войскаў БНР у складзе двух палкоў — Слуцкіх стральцоў і Грозаўскага. Больш за месяц случчакі стрымлівалі бальшавікоў, пераходзілі ў наступ, адбіваючы ў іх значныя абшары. Чырвоныя страцілі Вызну, Семежава.

Масква дадаткова накіравала на гэты фронт тры дывізіі. 28-31 сьнежня больш за 1500 беларускіх паўстанцаў адступілі за польска-савецкую мяжу і былі раззброены польскімі ўладамі.

Афіцэраў і стральцоў інтэрнавалі ў Беластоку, дзе яны сядзелі да красавіка 1921 году, а потым перавезьлі ў Дарагуск над Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца траўня 1921 года.

Тых, хто вярнуўся на Случчыну, ГПУ-НКУС спачатку не чапала, чакаючы, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстаньня. Аднак праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і павысылалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, адкуль многія зь іх не вярнуліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG