Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 22 — 28 лістапада


Па выніках студзеня-кастрычніка 2009 году Беларусь заняла другое месца сярод краінаў былога СССР па тэмпах інфляцыі. Сумнеўным «лідэрам» толькі Ўкраіна, дзе цэны з пачатку года ўзрасьлі на 10%. У Беларусі і Расеі гэты паказьнік перавысіў 8%.

Падзеньне пакупніцкай здольнасьці насельніцтва прымушае гандляроў жыць адным клопатам: як прадаць тавары ва ўмовах, калі ў пакупнікоў нестае грошай?

Нават на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. На прадпрыемстве спадзяюцца, што разладаваць склады дапаможа надыход сьвятаў:

«Калі сьвяты вось гэтыя, рэалізацыя, канечне, павялічваецца. На навагоднія сьвяты. Сьнежань, студзень у нас нядрэнныя месяцы для рэалізацыі. Нават самыя лепшыя у годзе. На дадзены момант у нас даволі вялікае зьніжэньне аб’ёмаў».

Тым часам на слодычы бабруйскай фабрыкі «Чырвоны харчавік» цэны падаюць. Упершыню прадпрыемства вырашала камплектаваць навагоднія падарункі са сваёй прадукцыі. У плянавым аддзеле зазначылі:

«Кіляграм чакалядных цукерак каштуе 11 тысяч рублёў. Скінулі цэны ў параўнаньні зь мінулым годам на 17% са спадзевам на тое, што пакупнік у Беларусі ўбачыць, што нашы цукеркі высакаякасныя й недарагія».

На «Цэнтральным» рынку ў Горадні пакупнікі ўсё больш наракаюць на рост цэнаў. Кажуць, што яны растуць пастаянна, а на сьвяты, маўляў, як звычайна, падымуцца ў некалькі разоў:

«Дарагое мяса: 12 тысяч рублёў і вышэй. Нават сала — па 10 тысяч за кіляграм, а мяса — 15, 17, 18 тысяч. Вось такія цэны. А што, хочаце, каб так як у Польшчы было? Не, тут увесь час паціху, але ўсё даражэе».

У Слоніме пакупнікі таксама заўважылі падаражаньне — перш за ўсё на садавіну і салодкія рэчы:

Спадар: «Ну вось садавіна кшталту бананаў, апэльсінаў, то адназначна падрасьлі кошты. Ды і чакаляды, да прыкладу „Альпен гольд“, каштавалі 2650, а зараз — 2900 рублёў».

У Астраўцы, распавядае Іван Крук, цэны таксама на ўсё даражэйшыя, чым у Менску і Горадні, паколькі тавар завозяць адтуль, а канкурэнцыя, зь яго слоў, вельмі слабая:

«У нас нават на хлеб кошты накручваюць. Прадаюць менскі хлеб і бяруць за яго з улікам дастаўкі. Многія людзі абураныя такімі коштамі. Атрымліваецца, што ў нас практычна ўсё даражэйшае, чым у Менску, на тысячу, альбо нават на некалькі тысяч рублёў».

Дабрабыт беларусаў падкасіла і эпідэмія грыпу. Паводле некаторых падлікаў, у сярэднім на набыцьцё сродкаў прафіляктыкі ад грыпу й вострых рэсьпіраторных захворваньняў людзі трацяць 30-50 тысяч рублёў. Але часта за здароўе даводзіцца плаціць куды больш:

Спадарыня: «Адзін прэпарат бярэш, потым другі. Тое падышло, тое не. Вось так лечысься».

Спадарыня: «Мы наагул лекі набывалі ў Расеі. Пачак „Арбітолу“ 250-290 расейскіх рублёў. Хапае на дзень, на два. Гэта калі лячыцца. Для прафіляктыкі хапае адной пачкі на пяць дзён».

Жыхарам Віцебска давялося сутыкнуцца з тым, што амаль усе лекі падаражэлі. 20 таблетак «Рэмантадыну» перад эпідэміяй грыпу каштавалі ад 2 да 7 тысяч рублёў, у залежнасьці ад фірмы-вытворцы. Цяпер — амаль 15 тысяч рублёў. Звыклая «аскарбінка» каштуе ўжо не 1,5 тысячы, як раней, а амаль 4 тысячы. Народныя сродкі таксама на сёньня каштуюць нятанна.

Лімоны, якія нядаўна былі 6 тысяч за кіляграм, каштуюць ужо 7 200. А на кірмашы «Сьвет мёду» за кіляграм натуральнага прадукту просяць 30-35 тысяч, хаця ў дзяржаўнай пчалярскай краме ён нядаўна каштаваў 20 тысяч. Высокія кошты гандляры падмацоўваюць аповедамі пра высокую супрацьгрыпозную эфэктыўнасьць: на посудзе зь мёдам вісяць абвесткі, ад якіх хваробаў ён дапамагае. ВРВІ там на першым месцы.

У вясковых амбуляторыях на Гарадзеншчыне хворыя на прастуду імкнуцца набываць лекі, якія прапісвае ўрач, не зважаючы на кошты. Спадарыня, якая прабыла на бальнічным 12 дзён, кажа: за гэты час аддала амаль палову свайго заробку:

«Значна даражэй, чым летась, лекі каштуюць. Да прыкладу, цэтрафіаксін каштуе 30 тысяч, а гэта толькі ўколы на пяць дзён. А калі браць дадаткова тыя ж сіропы ад кашлю — мне лячэньне абышлося трохі болей за 100 тысяч пры заробку ў 300 тысяч».

Лекарка з амбуляторыі ў Івейскім раёне зьвяртае ўвагу на тое, што сёлета прастуднымі захворваньнямі былі напалоханыя нават старэйшыя людзі і ўсе імкнуліся выклікаць лекара на дом. Яна ўзгадвае, як людзі казалі пра кошты:

«Казалі так: захочаш жыць, купіш усё. Гэта бабулькі так казалі. І, ведаеце, куплялі нават дарагія прэпараты».

Тым часам афіцыйны Менск спрабуе вытаргаваць для сябе лепшыя ўмовы па пастаўках газу ў зьвязку са стварэньнем Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану.

Расея плянавала выйсьці на так званыя цэны net-back — для ўнутраных спажыўцоў, а таксама для Беларусі — з 2011 году. Менск прапануе адтэрмінаваць гэты пераход на 2014-2015 гады. Адносна гэтага прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў сказаў:

«У нас дзейнічае кантракт, і пакуль нешта дадаць яшчэ наўрад ці мы зможам».

Паводле эканамічнага аглядальніка Тацяны Манёнак, беларускія перамоўшчыкі пад стварэньне Мытнага саюзу хочуць выгандляваць максымум:

«Мытны саюз не рэгулюе пытаньне цэнаўтварэньня на энэрганосьбіты. Але беларускі бок вельмі настойліва яго лабіруе. Пабачым, які настрой будзе ў Расеі, бо, канечне ж, трэба будзе нечым заплаціць удзельнікам саюзу. Беларусь, вядома ж, хоча выкарыстаць такую магчымасьць. Беларускія перамоўшчыкі паставілі пытаньне пра тое, што павінны быць аднолькавыя кошты на газ з расейскімі спажыўцамі. Але гэтае пытаньне, магчыма, узьнікне больш відавочна ў зьвязку са стварэньнем эканамічнага саюзу».

На нядаўняй нарадзе па фармаваньні Мытнага саюзу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дагэтуль няма ніякай яснасьці ў пытаньні пра адзінае цэнаўтварэньне на прыродны газ і іншыя энэргарэсурсы на тэрыторыі Мытнага саюзу. У гэтым годзе беларускі бок аплачвае расейскі газ па сярэднегадавой цане ў 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прычым разьлічваецца паводле графіку, які афіцыйны Менск стварыў сам для сябе, спасылаючыся на вусныя дамоўленасьці паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі.

Шклоўскі завод газэтнай паперы ня можа збыць 2100 тон сваёй прадукцыі. У тым, што газэтная папера незапатрабаваная, кіраўніцтва прадпрыемства вінаваціць выдаўцоў друкаваных выданьняў Беларусі, бо тыя закупілі яе ў Расеі.

Між тым, на завод вазілі прадстаўнікоў рэдакцыяў дзяржаўных газэт і пераконвалі іх у неабходнасьці набываць менавіта тутэйшую паперу. Aфіцыйныя крыніцы цытуюць намесьніка дырэктара Алега Падабеда:

«Улічваючы тое, што многія рэдакцыі забясьпечаныя расейскай паперай, робіцца ўсё неабходнае, каб павялічыць экспартныя пастаўкі. Дзесьці на 5% мы пойдзем на зьніжэньне цаны, для таго каб утрымацца на рынку. Можа, такія складанасьці будуць у нас да канца сьнежня, да сярэдзіны студзеня».

2100 тон не рэалізаванай прадукцыі — гэта 20 дзён працы прадпрыемства. Пакуль яно працуе на 60% ад сваёй магутнасьці. Напоўніцу завод абяцаюць запусьціць у сьнежні, і тады будуць вырабляць 3000 тон паперы штомесяц.

Беларускі Дом друку выкарыстоўвае шклоўскую паперу. Там запэўніваюць, што якасьць і цана іх задавальняе:

«Яна ж патаньнела нібыта ад учорашняга дня. Цяпер без НДС каштуе тона мільён пяцьсот зь лішнім».

У 2007 годзе ўрад Беларусі выдзеліў заводу бюджэтную пазыку на 2 мільёны даляраў для фармаваньня прадпрыемствам уласных абаротных сродкаў. Вярнуць іх завод мусіць цягам 2 гадоў, пачынаючы ад 2014 году. Чакаецца, што шклоўская папера задаволіць патрэбы ўсяго беларускага рынку.

Сыльвіё Бэрлюсконі
У абвешчанай палітыцы на дывэрсыфікацыю Беларусь углядаецца на Апэніны. Пакуль у дзясятцы асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі Італія месьціцца на 9-м месцы: на яе прыпадае ўсяго 1,7% ад агульнага аб’ёму таваразвароту. Аб’ём беларускага экспарту ў Італію за першае паўгодзьдзе 2009-га склаў усяго 70 мільёнаў даляраў, але нават гэтая сума — толькі палова ад аналягічных паказьнікаў 2008 году.

Ці ёсьць магчымасьць зьмяніць сытуацыю з прыездам у Менск 30 лістапада італьянскага прэм’ера Сыльвіё Бэрлюсконі? Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан на гэты конт выказвае больш пэсымізму, чым мае аптымістычных чаканьняў:

«Тэарэтычна МАЗ ці іншыя могуць зрабіць тэхніку паводле цяперашніх эўрапейскіх стандартаў. Але наўпрост сабраць у Беларусі і паставіць праблематычна з адной простай прычыны: у Эўразьвязе вельмі высокая ўвозная пошліна — 22,5%. Да таго ж, што тычыцца грузавікоў, то там свая „Івэка“. Таму тэарэтычна — так, але практычна вельмі цяжка ўявіць, што можна туды пастаўляць з прамысловасьці. Трактары свае таксама ёсьць, яны зараз у міжнародным альянсе. Знайсьці на тамтэйшым рынку для сябе нішу вельмі няпроста. Ня кажучы ўжо пра мытныя пошліны».

Пры гэтым італьянскія экспэрты не выключаюць: уласны інтарэс да Беларусі мае і сам Бэрлюсконі — спрытны бізнэсовец, які рэдка вяртаецца з-за мяжы, не прасунуўшы як дзяржаўныя, гэтак і асабістыя свае інтарэсы. Беларусь хоць і не валодае прыроднымі рэсурсамі, але мае разьвітую вайсковую прамысловасьць і шукае доступу да заходніх тэхналёгіяў, каб захаваць канкурэнтаздольнасьць на глябальным рынку ўзбраеньня.

Дзьмітрый Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў.
Цягам усяго тыдня адной з актуальных была тэма падпісаньня Мытнага саюзу паміж Расеяй, Казахстанам і Беларусьсю. Аднак чым бліжэй дата пачатку функцыянаваньня адзінай мытнай прасторы, тым меней аптымізму ў Беларусі і Казахстану — прынамсі на пачатковым этапе гэтыя дзяржавы на тле Расеі маюць больш праблемаў, чым дывідэндаў.


Гаворыць казахстанскі палітоляг Дасым Сатпаеў:

«Незадоўга да гэтага Лукашэнка выступіў з крытычнымі заўвагамі адносна стварэньня Мытнага саюзу — маўляў, ён не ўлічвае эканамічных інтарэсаў Беларусі. У самім Казахстане таксама ідзе вельмі жорсткая дыскусія. У прыватнасьці, прадпрымальнікі, лічаць: стварэньне саюзу нанясе ўдар па казахстанскаму бізнэсу, у цэлым па эканамічных інтарэсах краіны. Я не выключаю, што Казахстан і Беларусь паспрабуюць узгадніць некаторыя сумесныя пазыцыі ў дачыненьні да Расеі. Бо ў цэлым і ў Казахстане, і ў Беларусі вельмі многія апасаюцца стварэньня Мытнага саюзу, у першую чаргу падазраючы, што гэта будзе больш выгадна Расеі».

У адпаведнасьці зь міждзяржаўнымі плянамі, ад 1 студзеня 2010 году пачне дзейнічаць Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстана. З 1 ліпеня таго ж году мяркуецца скасаваць дзяржаўны мытны кантроль на беларуска-расейскай мяжы, а зь ліпеня 2011-га — на расейска-казахстанскай. Аднак больш глыбокі аналіз мытнай прасторы паказвае, што прынамсі беларусы больш страцяць, чым прыдбаюць. Асноўны ўдар прыйдзецца на аўтамабільную галіну: у выніку уніфікацыі мытнага заканадаўства шматразова вырасьце мыта на імпартаваныя новыя і патрыманыя аўтамашыны.

Днямі Аляксандар Лукашэнка выказаў перакананасьць, што Мытны саюз — гэта перадусім наймацнейшая падтрымка для Расеі. А літаральна за тыдзень да гэтага ён жа рэзка абвінавачваў урад, які мала дбае пра беларускія інтарэсы ў гэтым новаўтварэньні.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за 10 месяцаў сёлета склаў 99% да адпаведнага пэрыяду мінулага году. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Віктар Бура падчас выступу перад дэпутатамі абедзьвух палатаў Нацыянальнага сходу. Найбольш складанае становішча захоўваецца ў прамысловасьці, дзе аб’ём вытворчасьці скараціўся на 4,5% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась. Прычына такога становішча, як удакладніў Бура, — адсутнасьць попыту на беларускія тавары за мяжой.

Як станоўчыя дасягненьні за гэты час чыноўнік адзначыў: кошты за 10 месяцаў 2009 году вырасьлі толькі на 8,3% — у той час, як летась гэты паказьнік складаў 11%. А рэальныя заробкі насельніцтва параўнальна з мінулым годам сёлета ўзрасьлі на 0,6%. Так што, згодна са статыстыкай, беларусы жыць сталі лепей — праўда, толькі на 0,6%".
XS
SM
MD
LG