Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Мар’інай Горцы загінуў актывіст БНФ


Валянцін Доўнар
У Мар’інай горцы загінуў сябра партыі БНФ Валянцін Доўнар. 20 лістапада яго знайшлі ў непрытомным стане ў цэнтры гораду. Мэдыкі канстатавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Пасьля апэрацыі Валянцін яшчэ некалькі дзён быў у коме, а 26 лістапада памёр. Паплечнікі кажуць, што Доўнар распаўсюджваў незалежныя газэты і быў вельмі прыязным і спакойным чалавекам.

Паводле міліцыі, Валянцін Доўнар загінуў у выніку няшчаснага выпадку.

Кіраўнік крымінальнага вышуку Мар’інай Горкі Яўген Кульбіцкі паведаміў “Свабодзе”, што позна ўвечары ў мінулую пятніцу Валянціна Доўнара знайшлі супрацоўнікі міліцыі недалёка ад будынку РУУС, што ў самым цэнтры гораду. Яны выклікалі “хуткую дапамогу”. Мэдыкі зафіксавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Паводле экспэртаў, ніякіх сьлядоў зьбіцьця на целе Валянціна не было.
“Паваліўся, ударыўся аб асфальтавую плітку тратуарную. Яго знайшлі супрацоўнікі міліцыі і выклікалі хуткую. Яго даставілі ў шпіталь. Дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Было прынятае рашэньне мэдыкамі праапэраваць. Ускрылі чэрап. Ён пасьля яшчэ жыў. Потым памёр. Экспэрты далі заключэньне, што сьмерць наступіла ад ЧМТ. Відочных пашкоджаньняў на целе няма. Адзеньне не парванае. Рэчы ўсе пры ім. Няма ніякага забойства”.

Міліцыянты лічаць, што Валянцін паваліўся на зямлю і ўдарыўся галавой аб брукаваны бардзюр. Гэтая траўма і стала прычынай ягонай сьмерці.

Валянцін пражыў 50 гадоў. Уласнай сям’і ў яго не было. У Мар’інай Горцы ў яго засталіся маці і брат.

Кіраўнік суполкі партыі БНФ Канстанцін Шпунтаў паведаміў “Свабодзе”, што разам зь іншымі паплечнікамі Валянціна Доўнара ўзяў на сябе клопат, каб пахаваць сябра.

“Валянцін такі чалавек, які нікога ў сваім жыцьці не пакрыўдзіў. Ніхто ніколі не назіраў ня тое што агрэсіі зь ягонага боку — ён быў абсалютна неканфліктны чалавек. Сам Валянцін быў не геркулесавага складу. Каб адабраць у яго мабільнік ці яшчэ нешта? У яго ніякіх каштоўнасьцяў не было. Цяжка ўявіць, што яго маглі абрабаваць дзеля нейкіх каштоўнасьцяў. Маці з братам пахаваньне адным не пад сілу, таму мы займаемся гэтым”.

Алесь Міхалевіч сам з Мар’інай Горкі. Ён добра ведаў свайго земляка і аднапартыйца:

“Гэта быў адзін з тых людзей, на якіх трымаецца ўвесь дэмакратычны рух у Беларусі. Ён шмат гадоў ахвярна вазіў у раён, у горад газэты. Распаўсюджваў іх. Бясплатныя газэты раздаваў, платныя прадаваў. Ён рабіў усё магчымае, каб людзі атрымлівалі незалежную аб’ектыўную інфармацыю”.

У міліцыі Мар’інай Горкі паведамілі “Свабодзе”, што выключаюць вэрсію таго, што Валянціна Доўнара забілі. Але паводле факту сьмерці праводзіцца праверка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG