Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра руху “Маладая Беларусь” Артура Фінькевіча схапілі шасьцёра невядомых мужчын, як толькі ён выйшаў з пад’езду свайго дома.

Артурава бабуля паведаміла, што Артура павалілі з ног і пацягнулі ў машыну. Сваякі хлопца непакояцца. Летась 19 сьнежня яго схапілі каля пад’езду на вуліцы Макаёнка. Тады хлопцу нацягнулі на галаву куртку. Яго зьбівалі невядомыя людзі. У Артура адабралі мабільны тэлефон, а самога выкінулі з машыны недалёка ад Валожына.

Міліцыя распачала крымінальную справу паводле тых падзеяў, але злачынцаў так і не знайшлі.

Паплечнікі Артура Фінькевіча не выключаюць, што яго маглі гвалтоўна павезьці ў ваенкамат, каб забраць у войска дзеля ізаляцыі ад палітычнага жыцьця.

18:20 У міліцыі Заводзкага раёну Менску “Свабодзе” паведамілі, што на кватэру бабулі Артура Фінькевіча накіравалі ўчастковага, каб высьветліць, хто затрымаў лідэра “Маладой Беларусі”.

У ваенкамаце Заводзкага раёну сталіцы дзяжурны адказаў, што Артура туды не прывозілі.

18:50 Артура Фінкевіча адпусьцілі. Ён апавёў Свабодзе, што яго затрымлівалі супрацоўнікі КДБ, сярод якіх быў супрацоўнік 4-га ўпраўленьня КДБ маёр Раман Сівухін. Спачатку хлопца завезьлі ў падатковую інспэкцыю Заводзкага раёну, дзе яму прад’явілі раздрукоўку рахунку ягоных тэлефонных размоў. Паводле інспэктараў падатковай камісіі, Артур меў ноўтбук, іншую аргтэхніку і маёмасьць. Агульная сума разам з тэлефоннымі размовамі склала 17 мільёнаў рублёў. Паводле інспэктараў, Артуру давядзецца заплаціць больш за два мільёны рублёў падаткаў.

З падатковай інспэкцыі Артура павезьлі ў міліцыю Заводзкага раёну Менску. Там яму паведамілі, што праз паўгода яго забяруюць у войска. Цягам гэтага тэрміну пагасіцца судзімасьць Фінькевіча. Артур Фінькевіч адбываў пакараньне ў калёніі за палітычныя графіці падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG