Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 лістапада ўСлуцку на гарадзкім стадыёне адбудзецца мітынг у гонар 89-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Арганізатар акцыі — Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. Улады далі дазвол на мітынг.

Дазволены мітынг пачнецца а 14 гадзіне. Яго заяўнік, сябра Партыі БНФ Віталь Амяльковіч, паведаміў “Свабодзе”, што Слуцкі райвыканкам загадзя спагнаў грошы за хуткую дапамогу і дворнікаў, пасьля давядзецца аплаціць працу міліцыянтаў:

“Сёньня падпісаў апошнюю дамову на іхныя паслугі. Заплаціў. Таму чакаем мітынг заўтра”.

Віталь Амяльковіч
Ад 1991 году дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі адзначае Дзень герояў. Заўжды ў лістападзе адбываецца вандроўка па мэмарыяльным маршруце: вёскі Семежава, Грозава (Капыльскі раён) — вёска Чырвоная Слабада (Салігоршчына) — горад Слуцак.

Сёлета будзе яшчэ адзін дадатковы прыпынак — могілкі ў слуцкай вёсцы Агароднікі. Тлумачыць Віталь Амяльковіч:

“Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў даведаўся, што ў Агародніках ёсьць магіла слуцкіх паўстанцаў. Пра гэта я, напрыклад, пачуў упершыню, хаця даўно жыву ў Слуцку і нібыта няблага ведаю гісторыю народнага паўстаньня супраць бальшавіцкай улады”.

Вячаслаў Сіўчык
Ад заўтра, дарэчы, пачнецца адлік падрыхтоўкі да 90-х юбілейных угодкаў Слуцкага збройнага чыну. І, як кажа, старшыня Руху салідарнасьці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, абавязкова будзе павялічана колькасьць мэмарыяльных знакаў, зьвязаных са Слуцкім збройным чынам:

“Трэба падзякаваць беларускім гісторыкам Анатолю Грыцкевічу і Ніне Стужынскай за тое, што цяпер жыхары Беларусі маюць магчымасьць чытаць кнігі, у якіх шмат зьвестак пра герояў Слуцкага збройнага чыну. У наступным годзе мы правядзем навукова-практычную канфэрэнцыю, каб зьявіліся новыя навуковыя працы пра народнае паўстаньне ў абарону незалежнасьці нашай краіны”.

Даведка “Свабоды”
Увосень і ўзімку 1920 году Случчына была цэнтрам мабілізацыі насельніцтва на абарону незалежнасьці сваёй Радзімы перад пагрозаю падзелу яе паміж Расеяй і Польшчай.

17 лістапада Рада Случчыны пачала мабілізацыю насельніцтва. Была сфармаваная Першая Слуцкая брыгада войскаў БНР у складзе двух палкоў — Слуцкіх стральцоў і Грозаўскага. Больш за месяц случакі стрымлівалі бальшавікоў, пераходзілі ў наступ, адбіваючы ў іх значныя абшары.Чырвоныя страцілі Вызна, Семежава.

Масква дадаткова накіравала на гэты фронт тры дывізіі. 28–31 сьнежня больш за 1500 беларускіх паўстанцаў адступілі за польска-савецкую мяжу і былі раззброены польскімі ўладамі.

Афіцэраў і стральцоў інтэрнавалі ў Беластоку, дзе яны сядзелі да красавіка 1921 году, а потым перавезьлі ў Дарагуск над Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца траўня 1921 году.

Тых, хто вярнуўся на Случчыну, ГПУ-НКУС спачатку не чапала, чакаючы, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстаньня. Аднак праз 7–8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і павысылалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, адкуль многія зь іх не вярнуліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG