Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Юры Мяккі бароніць сваю майстэрню ад зносу


Юры Мяккі ля сваёй хаты-майстэрні.

Юры Мяккі ля сваёй хаты-майстэрні.

Яму загадана пакінуць памяшканьне, дзе ён працаваў сам і навучаў мастацтву дзяцей зь вёскі Славені, бо Талачынскі райвыканкам вырашыў зьнесьці гэты будынак.

Юры Мяккі лічыць, што рашэньне зьнесьці будынак майстэрні скіраванае супраць яго асабіста. Маўляў, такім чынам раённае і мясцовае начальства помсьціцца за ягоны пратэст супраць высечкі парку ў вёсцы Славені. Паводле рашэньня мясцовых уладаў і адміністрацыі тамтэйшай школы была высечана лістоўнічная алея каля магілы францускага лётчыка Жака Гастона са славутай эскадрыльлі “Нармандыя-Нёман”, а таксама частка пладовага саду. На знак пратэсту мастак намаляваў сэрыю плякатаў ды выставіў іх у вокнах майстэрні, каб бачылі аднавяскоўцы.

Пратэст не застаўся незаўважаным: плякаты зьніклі, а ў мастака пачаліся праблемы — яму загадана вынесьці свае рэчы і мастацкія творы, бо будынак майстэрні пойдзе пад знос.

Юры Мяккі вырашыў з майстэрні не высяляцца і забарыкадаваўся ў памяшканьні. Ён разумее, што майстэрня — не ягоная асабістая ўласнасьць, аднак кажа, што лепей бараніць тое, што табе не належыць, чымсьці зьнішчаць агульнае дабро. Тут маецца на ўвазе і зьнішчэньне дрэваў, і знос будынку, дзе займаўся з вучнямі маляваньнем ды разьбярствам.
я буду тут сядзець, пакуль не дачакаюся нейкай справядлівасьці ...

“Мне мясцовыя ўлады не далі ніводнага цьвіка сюды, ніводнай лямпачкі! І зараз да мяне ходзяць дзеці, глядзяць, як я малюю, як раблю драўляныя скульптуры. Я хачу маляваць сам і каб малявалі мае дзеці — каб ім было дзе маляваць.Таму — няхай выганяюць мяне зь міліцыяй, няхай выносяць мае працы, а я буду тут сядзець, пакуль не дачакаюся нейкай справядлівасьці”.

Юры Мяккі кажа, што сёньня даслаў ліст у пракуратуру, патрабуючы спагнаньня з адказных асобаў, якія зьнішчылі старасьвецкі парк у вёсцы Славені.

Навучэнка майстэрні.
Сакратарка Слаўненскага сельсавету, у які ўваходзіць вёска Славені, пра мастака Юрыя Мяккага кажа з павагаю і цьвердзіць, што ніякіх канфліктаў зь ім не было:

“Мы паважаем такіх людзей, гэта цяпер рэдкасьць — такія людзі. Памяшканьня мы яму ніякага не давалі, але і ня зносілі нічога. У Славенях увогуле нічога ня зносілі ў апошнія паўгода”.

Сакратарка сельсавету мяркуе, што канфліктныя стасункі ў мастака Юрыя Мяккага ўзьніклі менавіта з адміністрацыяй Славенскай школы: ёй належыць будынак майстэрні. І менавіта дырэктарка школы Ала Харкевіч дала загад сьпілаваць старыя лістоўніцы ды іншыя дрэвы: яны нібыта псавалі зьнешні выгляд вёскі, якую рыхтуюць да пераводу ў статус аграгарадка.

Тая самая хата ў Славенях.
У школе канфлікт камэнтаваць адмаўляюцца:

“Гэта сур’ёзная размова, і не ў маёй кампэтэнцыі пра гэта з вамі гаварыць. Я завуч па выхаваўчай працы. Вось сельсавет падрыхтаваў нам 11 блакітных елак, і замест сьсечаных мы сёньня каля помніка пасадзілі алейку з двух бакоў”.

Некалькі год таму Юры Мяккі прыехаў зь Менску, каб назаўжды пасяліцца на сваёй малой радзіме, жыць і працаваць у вёсцы і далучаць да мастацтва мясцовых дзяцей. Ён кандыдат на ўступленьне ў Беларускі Саюз майстроў, прадстаўляе Талачыншчыну на выставах жывапісу і прыкладнога мастацтва. Аднак мастак кажа, што пачаў адчуваць сябе незапатрабаваным і нават гнаным мясцовымі чыноўнікамі, а таму не выключае, што неўзабаве яму давядзецца проста зьехаць ці адсюль, ці зь Беларусі ўвогуле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG