Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прастуднымі захворваньнямі перахварэлі ўжо 1,5 мільёна беларусаў


Звычайны грып склаў прыкладна 2,4-2,6% ад усёй колькасьці. Узровень сьмяротнасьці, паводле ведамства, не перавышае леташні паказьнік. Пра гэта сёньня паведаміў першы намесьнік міністра Робэрт Часнойць.

Беларусь абвясьціла тэндэр на атрыманьне вакцыны ад так званага “сьвінога грыпу”. Прычым, з прапановай удзельнічаць у тэндэры Міністэрства аховы здароўя Беларусі зьвярнулася непасрэдна да вытворцаў гэтай прадукцыі -- найперш у Расеі.

Робэрт Часнойць сказаў, што зараз у аптэках знаходзіцца 107 тысяч дозаў прэпарату “Таміфлю”, якія выдаюцца толькі па рэцэптах лекараў. Ён патлумачыў гэта тым, што апарат вельмі таксычны і яго можна ўжываць толькі з дазволу ўрача.

А вось вакцынаў ад “сьвінога грыпу”, паводле Часнойця, сёньня ў Беларусі няма. Аднак па выніках тэндэра ёсьць спадзяваньне, што ўжо ў другой паводле сьнежня яны паступяць у мэдычныя ўстановы краіны і таксама будуць выдавацца выключна па рэцэптах.

Наконт іншых лекавых сродкаў чыноўнік запэўніў: іх маецца у дастатковай колькасьці. Больш за тое, усё часьцей у аптэкі прыходзяць людзі, якія хочуць здаць назад набытыя раней ў вялікай колькасьці лекі ад грыпу, а таксама маскі. У аптэках іх не прымаюць, паколькі гэты асартымэнт абмену і вяртаньню не падлягае.

Старшыня Савету Рэспублікі Барыс Батура адзначыў, што міністэрства пачало гэтым займацца, “калі ўжо грамадзтва стала абурацца”, перадае Інтэрфакс.

“Вы гэту справу прашляпілі, і трэба ўжо гэта прызнаць. Чаму, па вашаму, грып пачаўся раптоўна. Ва ўсім сьвеце было вядома пра эпідэмію грыпу. Гэта ж не трубу прарвала, што трэба аварыйную брыгаду выклікаць. Вы спакойна маглі аб'явіць тэндэр раней. Вы далі мазу - і трэба так і казаць. Што вы тут расьпісваецеся ў сваёй бездапаможнасьці", - сказаў Б.Батура да Р.Часнойця.

На гэта Р.Часнойть адказаў, што "апраўданьняў, напэўна, няма".

Р.Часнойть сказаў журналістам, што ня так важна, колькі хворых на сьвіны грып, галоўнае, што сытуацыя пад кантролем і што ўзровень сьмяротнасьці не перавышае дадзеных мінулага года. Ён дадаў, што ў Беларусі не зафіксавана ніводнага выпадку атыповай пнэўманіі, а ў аптэках знаходзіцца больш за 107 тысяч пакункаў "Таміфлю".

Таксама ён сказаў, што на другую палову сьнежня прагназуецца рост захворваньняў на вірусныя інфэкцыі.
XS
SM
MD
LG