Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: 20 дзён лістапада -- 1885 хворых на пнэўманію


У Магілёве зьявіцца аддзяленьне для рэабілітацыі пацыентаў перахварэўшых на пнэўманію. Такое рашэньне прынятае на паседжаньні кіраўнікоў мэдычных устаноў Магілёўшчыны. На ім мэдыкі абмяркоўвалі сытуацыю з захворваньнямі на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі, а таксама грып.

Паводле афіцыйнай інфармацыі за дваццаць дзён сёлетняга лістападу пнэўманію выявілі ў 1885 жыхароў Магілёўшчыны. Летась жа за 10 месяцаў такі дыягназ быў пастаўлены 4777 хворым. Грып A (H1N1) выяўлены ў 33 чалавек. Тыдзень таму прызнаваліся 25 такіх захворваньняў.

У афіцыйных крыніцах не паведамляецца пра колькасьць сьмяротных выпадкаў ад пнэўманіі й гэтак званага сьвінога грыпу. 18 лістапада прызнаваліся 5 сьмерцяў ад пнэўманіі. У аднаго зь нябожчыкаў быў выяўлены вірус (AN1H1).

Узровень захворваньняў на грып і вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі ў рэгіёне застаецца высокім. Па мэдычную дапамогу 24 лістападу зьвярнуліся больш за тры тысячы чалавек. Палова зь іх — дзеці. У рэгіёне зачыненыя сем школ.

Улады заяўляюць, што сытуацыя з захворваньнямі кантралюецца, мэдыкі ж папярэджваюць, што чакаецца другая хваля грыпу.
XS
SM
MD
LG