Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менску прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі маюць намер падпісаць дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу “тройкі”. Плянуецца, што ён пачне дзейнічаць ад 1 студзеня 2010 году. З 1 ліпеня таго ж году мяркуецца скасаваць дзяржаўны мытны кантроль на беларуска-расейскай мяжы, а яшчэ праз год — і на расейска-казахстанскай.


Аляксандар Лукашэнка днямі заявіў: Мытны саюз — гэта перадусім наймацнейшая падтрымка для Расеі. А літаральна за тыдзень да гэтага ён жа рэзка абвінавачваў урад, які мала дбае пра беларускія інтарэсы ў гэтым новаўтварэньні.

Аналітыкі гавораць: беларусы найбольш адчуюць недарэчнасьці Мытнага саюзу праз аўтамабілі. Цяпер мыта на ўжываныя легкавыя імпартныя аўто ў Беларусі ў некалькі разоў меншае за расейскае. Пераходзіць на беларускія памеры расейцы ня хочуць. Іх утрымліваюць ад гэтага велізарныя складанасьці свайго аўтапрому.

І гэта публічна прызнаў сябра Савета Фэдэрацыі Расеі Анатоль Васькоў. У сярэдзіне кастрычніка ён прыяжджаў у Менск. І тады, адказваючы на маё пытаньне наконт магчымага супольнага мыта, спадар Васькоў выказаўся так:
Мыта мытам, але трэба падтрымліваць свайго ўласнага вытворцу.

“Мыта мытам, але трэба падтрымліваць свайго ўласнага вытворцу. Таму што ў Расеі ідуць працэсы, якія зьвязаныя са скарачэньнем, пошукам іншых працоўных месцаў, ўзьнікаюць сацыяльныя праблемы. І для Расейскай Фэдэрацыі важна ня проста падтрымаць, але і дапамагчы нашаму таваравытворцу, які выпускае легкавую тэхніку”.

А вось першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Петрышэнка зьвязвае з Мытным саюзам “тройкі” так бы мовіць эўрапейскія чаканьні:

“Тры дзяржавы актыўна рашаюць пытаньне пра непасрэднае ўжываньне рашэньняў органаў мытнага саюзу, якія маюць абавязковы характар для ўсіх бакоў, паводле досьведу Эўразьвязу”.
Мядзьведзеў і Пуцін сказалі, што нафта і газ не з’яўляюцца таварамі Мытнага саюзу

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць параўнаньне новаўтварэньня з Эўразьвязам наагул некарэктным: Хаця экспэрт не сумняецца: сёньня ўсе дакумэнты Мытнага саюзу будуць падпісаныя:

“Але яны ніколі не стануць сапраўднай дамовай, якая б ператварыла тры краіны ў Мытны саюз. Прадстаўнікі МЗС Беларусі на круглым стале, які адбыўся на мінулым тыдні, казалі, што для Беларусі Мытны саюз – гэта толькі саюз энэргетычны. А Мядзьведзеў і Пуцін сказалі, што нафта і газ не з’яўляюцца таварамі Мытнага саюзу”.

Экспэрт таксама назваў такія лічбы: энэрганосьбіты ў гандлі трох краін займаюць аж 40% усяго таваразвароту. І Мытны саюз, які пакідае такую велізарную колькасьць грошай па-за сваімі рамкамі, ніяк нельга назваць паўнавартасным.
XS
SM
MD
LG