Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік генсека ААН Ян Кубіш правёў перамовы зь Сяргеем Мартынавым


Сёньня завяршыўся візыт у Беларусь намесьніка генэральнага сакратара Арганізацыі аб'яднаных нацыяў Яна Кубіша, які таксама ачольвае Эўрапейскую эканамічную камісію ААН.

Агенцтва БелаПАН піша, што візыт Кубіша ў Беларусь быў прымеркаваны да міжнароднага форуму па электрасувязі пад назвай "Аб'яднаем прасторы СНД", які стартаваў у Менску ў панядзелак.

Падчас свайго візыту Кубіш меў двухбаковую сустрэчу зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, на якой бакі абмеркавалі супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з Эўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН.

У прыватнасьці былі разгледжаныя пытаньні спрашчэньня гандлёвых працэдураў, разьвіцьцё інавацыйнай эканомікі, супрацоўніцтва ў сфэры транспарту і энэргетык, а таксама іншыя тэмы.

Форум "Аб'яднаем прасторы СНД", які завяршае сваю працу ў пятніцу, зьяўляецца часткай глябальнай ініцыятывы Міжнароднага Зьвязу Электрасувязі (МЗЭ) "Злучым Сьвет". У канфэрэнцыі прынялі ўдзел каля двухсот урадоўцаў і прадстаўнікоў індустрыі, у тым ліку прэзыдэнты пяці краінаў: Беларусі, Казахстану, Таджыкістану, Кыргызстану і Армэніі.

Галоўнымі тэмамі саміту стала абмеркаваньне інтэграцыі электрасувязі на пост-савецкай прасторы і разьвіцьцё ў рэгіёне шырокапалоснага інтэрнэту. Былі абмеркаваныя пытаньні каардынацыі ў разьвіцьці інфраструктуры высокіх тэхналёгіяў у рэгіёне і разгледжаныя найбольш пэрспэктыўныя сфэры электрасувязі для міжнародных інвэстыцыяў.

Міжнародны Зьвяз Сувязі, які быў заснаваны ў 1865 годзе, як Міжнародны Тэлеграфны Зьвяз, на сёньняшні дзень зьяўляецца ведамствам ААН, у рамках якога адбываецца каардынацыя дзейнасьці ўрадаў і бізнэсу ў справе разьвіцьця тэлекамунікацыйных тэхналёгіяў.
XS
SM
MD
LG