Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцылярыя Качыньскага тлумачыць справу з ордэнам для Буйвала


Валер Буйвал

Валер Буйвал

На просьбу Радыё Свабода прэсавая служба прэзыдэнта Леха Качынськага патлумачыла прычыны затрымкі ўзнагароджваньня Ордэнам Заслугі Рэчы Паспалітай беларускага апазыцыйнага палітыка Валерыя Буйвала.

Як пісала “Свабода”, прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі прыняў рашэньне ўзнагародзіць спадара Буйвала, а таксама расейскіх дысыдэнтаў Букоўскага і Падрабінэка ордэнамі Заслугі пасьля згоды на гэта ўрадаў Беларусі і Расеі. Падрабінэк з гэтай нагоды выказаў свой пратэст, Буйвал лічыць патрэбным пачакаць.

“Прававыя нормы некаторых краін прадугледжваюць абавязковасьць атрыманьня згоды іх уладаў на прыняцьцё іх грамадзянамі дзяржаўных узнагародаў замежных краін, — піша Канцылярыя польскага прэзыдэнта.— У сувязі з гэтым згодна з існуючым правам Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы была абавязаная зьвярнуцца ў МЗС дзеля выкананьня ім неабходных крокаў, каб атрымаць такую згоду.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Польшчы ухваліў рашэньне аб уганараваньні заслуг 17 замежных дзеячоў за іх дзейнасьць на карысьць дэмакратычных перамен ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе і падтрымкі імкненьня Польшчы да незалежнасьці. З гэтай групы 14 асоб атрымалі ўзнагароды 20 лістапада ў Бэльвэдэскім палацы ў Варшаве. Іншыя 3 асобы зьяўляюцца грамадзянамі краін, у якіх дзейнічае вышэй апісанае патрабаваньне. Такія палажэньні датычаць між іншым грамадзян Беларусі, Расеі, а таксама Канады, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і іншых краін.

У сувязі з гэтым Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы была абавязаная зьвярнуцца ў МЗС з просьбай ажыцьцявіць належныя крокі. Працэдура атрыманьня згоды працягваецца. Пасьля пацьвярджэньня МЗС Польшчы факта атрыманьня такой згоды Прэзыдэнт Польшчы падпіша адпаведную пастанову і ўзнагароды будуць уручаныя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG