Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Казахстан на бок Беларусі ў Мытным саюзе?


Якое месца займае Беларусь у замежнай палітыцы Казахстану? Ці выглядае рэальным праект пастаўкі казахстанскай нафты на беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы? Ці можна чакаць, што ў рамках Мытнага саюзу Менск і Астана могуць пайсьці на больш шчыльнае супрацоўніцтва, каб ураўнаважваць у рамках гэтага аб’яднаньня Расею? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць: з Астаны — незалежны палітоляг Бэрык Абдыгаліеў, і зь Менску — экспэрт у міжнародных дачыненьнях Андрэй Фёдараў.


Бэрык Абдыгаліеў
Андрэй Фёдараў
віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Якую ролю займае Беларусь у казахстанскай замежнай палітыцы? Пэўны час, як выглядае, Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў імкнуліся заняць нішу галоўных інтэгратараў на постсавецкай прасторы, і паміж імі адчувалася пэўная палітычныя канкурэнцыя. Як цяпер можна акрэсьліць гэтыя адносіны — і паміж дзяржавамі, і паміж кіраўнікамі?

“Беларускі праект я б не лічыў прыярытэтным”


Абдыгаліеў: Беларусь для нас традыцыйна вельмі блізкая дзяржава. У нас добра ведаюць вашага прэзыдэнта, які неаднаразова бываў у Казахстане, адпачываў, гуляў у хакей. Сяброўскія адносіны нашых прэзыдэнтаў добра адбіваюцца і на міждзяржаўных адносінах. У Казахстане цэняць беларускую прадукцыю, і лічу, што двухбаковыя адносіны заўсёды былі цёплымі і сяброўскімі.

Што да пэўнай “канкурэнцыі”, то, мне здаецца, такога мы не заўважалі. Магчыма, гэта хутчэй у адносінах з Расеяй, а ў дачыненьнях паміж нашымі краінамі няма прадмету для канкурэнцыі.

Цыганкоў: Наколькі для Казахстану важны праект, каб казахстанская нафта дастаўлялася на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы? На гэта робіцца вялікая стаўка, ці гэта проста адзін з варыянтаў — на ўсялякі выпадак?

Абдыгаліеў: У прынцыпе — так, адзін з варыянтаў. У Казахстана ёсьць больш сур’ёзныя праекты, адносна транспартаваньня праз Кітай, Іран, Каўказ. Натуральна, і праекты ў супрацоўніцтве з Расеяй. Разглядаем і варыянты праз Чорнае мора, праз Украіну. Так што беларускі праект я б не лічыў прыярытэтным, бо Казахстан шукае ўсе магчымасьці, і гэта адзін з варыянтаў з улікам сяброўскіх адносінаў дзьвюх краінаў.

“Доля Казахстану складае ўсяго 0,7 працэнта ў замежным гандлі Беларусі”


Цыганкоў: Напярэдадні візыту Нурсултана Назарбаева прагучала лічба, што таваразварот паміж краінамі склаў сёлета 288 мільёнаў даляраў. Гэта ня вельмі вялікая лічба, мякка кажучы. Ці ёсьць тут істотныя рэзэрвы, або эканамічныя стасункі паміж краінамі даволі абмежаваныя з аб’ектыўных прычынаў?

Фёдараў: Сапраўды, сёлета таваразварот зьменшыўся. Калі экстрапаляваць гэтую лічбу, што вы назвалі, то ў канцы году атрымаецца прыблізна 400 мільёнаў даляраў. Летась было 500 мільёнаў, падзеньне на дваццаць працэнтаў. Але варта ўлічыць, што сёлета агульны таваразварот Беларусі ўпаў на 40 працэнтаў, так што падзеньне з Казахстанам выглядае больш-менш прыстойна.

У параўнаньні з суседзямі Беларусі гэты таваразварот, безумоўна, невялікі — доля Казахстану складае ўсяго 0,7 працэнта ў замежным гандлі Беларусі. Латвія, напрыклад, — звыш 3 працэнтаў. Але беларускі экспарт у Казахстан складае найперш прамысловая прадукцыя, у той час як у краіны Балтыі і ўвогуле на Захад — пераважна сыравіна (калійныя ўгнаеньні альбо нафтапрадукты).

Што тычыцца палітычных адносінаў, то ведаем, як у свой час кіраўнікі дзяржаваў актыўна цягнулі на сябе інтэграцыйную коўдру. Зараз гэта ўжо ў меншай ступені, бо інтэграцыйныя заклікі прыглушыліся, — але, магчыма, пэўная рэўнасьць засталася.

Наконт пэрспэктываў — гаварылася, што галоўнай перашкодай для паступленьня казахстанскай нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы ёсьць высокі транзытны тарыф праз Расею. Зараз, калі будзе заключаны Мытны саюз, гэтая перашкода нібыта павінна зьнікнуць.

“У Мытным саюзе павінна быць правіла кансэнсусу”


Цыганкоў: 27 лістапада прэзыдэнты трох краінаў — Беларусі, Казахстану і Расеі — падпішуць дакумэнты, якія вызначаць Мытны саюз. У гэтым утварэньні будзе адна вялікая краіна і дзьве меншыя. Ці было б лягічным, каб Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў наладзілі больш блізкія адносіны, каб неяк ураўнаважыць Расею?

Абдыгаліеў: Безумоўна, што Расея як найбуйнейшая дзяржава ў рамках саюзу будзе дамінаваць і ўплываць нават на таваразварот і вытворчасьць. І натуральна, што пэўныя абарончыя мэханізмы як з боку Казахстану, так і Беларусі павінны быць. Іначай мы можам разбурыць сваю вытворчасьць. І тут каапэрацыя дзьвюх краінаў заканамерная. Расіяне, я думаю, гэта разумеюць, і яны да гэтага гатовыя. Я спадзяюся, што кіраўнікі дзяржаваў дамовяцца, каб не было такіх выпадкаў, якія будуць ставіць пад пагрозу эканоміку і прамысловасьць нашых краінаў.

Цыганкоў: Права вэта?

Абдыгаліеў: Калі браць працэдуру, то можа і ня права вэта, але правіла кансэнсусу. Калі адна з краінаў нязгодная, то рашэньне не прымаецца. Абавязковая агульная згода, і я думаю, экспэрты і палітыкі павінны гэта адпрацаваць, каб гэта не паставіла пад пагрозу нашы палітычныя адносіны.

“Кожны будзе адстойваць свае інтарэсы”


Цыганкоў: Ці могуць Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка аб’яднацца, каб ураўнаважыць велічыню Расеі ў Мытным саюзе?

Фёдараў: Нават у суме Беларусь і Казахстан несупастаўныя з Расеяй паводле эканамічнага маштабу. На мой погляд, цяжка чакаць, што яны будуць “сябраваць” супраць Расеі, бо кожны будзе адстойваць свае інтарэсы, а інтарэсы Беларусі і Казахстану далёка не заўсёды будуць супадаць. У нас істотна адрозьніваюцца эканомікі: Казахстан — больш сыравінная, Беларусь — больш прамысловая. У гэтым сэнсе Казахстан бліжэйшы да Расеі. Таму ён будзе шукаць хаўрусьнікаў у кожным пытаньні паасобку. І баюся, што ў большай ступені гэта будзе расейскі кірунак, і Менску іншым разам будзе даволі цяжка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG