Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета пракуратура папярэдзіла 15 журналістаў


Бярозаўская пракуратура папярэдзіла журналістку Тамару Шчапёткіну аб недапушчальнасьці працы на незарэгістраванае ў Беларусі радыё “Рацыя”. Журналістка напісала ў пракуратуры, што ня згодная з папярэджаньнем, бо мае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Сёлета як мінімум 15 журналістаў атрымалі аналягічныя пракурорскія папярэджаньні.

Тамара Шчапёткіна, рэдактар газэты “Бярозавы венік”, паведаміла “Свабодзе”, што падставай для пракурорскага рэагаваньня сталі дзьве заявы. Першая — ад галоўнага ўрача бярозаўскага шпіталя, а другая — ад камандзіра мясцовага вайсковага батальёну. Тамара Шчапёткіна распавяла, што 23 лістапада брала інтэрвію ў доктаркі наконт эпідэміі грыпу. А вайскоўца наведвала яшчэ год таму, але да інтэрвію справа не дайшла.

“Памочнік пракурора сказаў мне, што яны абмеркавалі ўсё з пракурорам і што яны ведалі пра тое, што я буду ад усяго адмаўляцца. Кажа: „Вось падпішыце гэтую паперку“. І адразу выцягнуў падрыхтаванае папярэджаньне, падпісанае нават пракурорам. Яны ў позьве напісалі, што выклікаюць мяне ў якасьці сьведкі. Потым, калі я спыталася ў памочніка пракурора, то ён мне адказаў, што выклікаюць насамрэч за незаконную журналісцкую дзейнасьць”.

Сёньня Тамара Шчапёткіна наведала выканкам з-за вуснай заявы дырэктаркі мясцовага дзіцячага прытулку. Журналістка даведалася, што 11 дзецям зрабілі прышчэпку ад грыпу і яны адразу захварэлі. Тамара паведаміла, што правяла расьсьледаваньне і высьветліла, што малых разьвезьлі па розных шпіталях. Паводле яе слоў, дырэктарка паведаміла мясцовым уладам, што журналістка патрабавала зь ёй сустрэчы.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прыгадаў, што Беларусь ратыфікавала міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а артыкул 19-ы гэтага пакту дае права кожнаму распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад дзяржаўных межаў і любымі сродкамі.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец прыгадаў таксама артыкул 1 “Закона аб сродках масавай інфармацыі”, дзе пазначана, у якіх выпадках журналіст замежнага выданьня мусіць атрымліваць акрэдытацыю.

“Гэта асоба, якая зьвязаная з рэдакцыяй менавіта працоўнымі адносінамі. Гэта абавязковае патрабаваньне, каб асоба знаходзілася ў штаце, працавала, напрыклад, паводле аўтарскіх ці іншых дамоваў.

На жаль, беларускія пракуроры сёньня зьвяртаюць няшмат увагі на міжнародныя акты, якія ратыфікаваныя Беларусьсю, і нават на існуючы ў краіне закон “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў з гэтае нагоды зьвярталася да генэральнага пракурора. 25 лістапада ў лісьце з пракуратуры было напісана, што паколькі самі журналісты не зьвяртаюцца з просьбай адказаць на гэтае пытаньне, то адказваць БАЖ пракуратура ня лічыць патрэбным.

Андрэй Бастунец паведаміў, што вядома як мінімум пра 15 выпадкаў папярэджаньняў з боку пракуратуры беларускім журналістам. Трох папярэдзілі за працу на расейскія СМІ, астатніх — на заходнеэўрапейскія.

Андрэй Бастунец зазначыў, што пасьля таго, як закон пра СМІ ўступіў у сілу, увага да журналісцкай дзейнасьці з боку пракуратуры ўзмацнілася.

У выпадку паўторнага выкліку ў пракуратуру журналістаў могуць пакараць штрафам на 20 базавых велічыняў (гэта 700 тысяч рублёў).

Паўтара года таму супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі ператрусы ў Менску і ў рэгіёнах на кватэрах журналістаў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з Радыё Рацыя і кампаніяй “БелСат”. У іх забралі кампутары, але потым вярнулі. Тады абышлося без папярэджаньняў.
XS
SM
MD
LG