Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя актывісты пра раскол АДС


Сёньня “Свабода” зноў зьвяртаецца да тэмы магчымых наступстваў выхаду Партыі БНФ з кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС). Нашы карэспандэнты гутарылі наконт гэтага з рэгіянальнымі актывістамі апазыцыі.





БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


З-за адсутнасьці дзейнай падтрымкі з боку кааліцыі рэгіянальны актывіст вырашыў зьехаць зь Беларусі


Кіраўнік Драгічынскай суполкі Партыі БНФ Уладзімер Казека:

“Я зараз вырашыў увогуле зьехаць ва Ўкраіну. Тут далей проста немагчыма жыць, бо літаральна кожны дзень дзяжураць пад вокнамі міліцыянты і пільнуюць, калі я прыеду, ці буду за рулём аўтамашыны. У нас тут на мясцовым узроўні супрацьстаяньне са спэцслужбамі вельмі напружанае”.

Уладзімер Казека актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзеньні апошніх парляманцкіх выбараў. Быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты. За гэта ўлады чынілі перасьлед:

“У мяне тады забралі пасьведчаньне вадзіцеля. Я ўжо цэлы год безь яго. Даводзіцца наймаць вадзіцеля, каб хоць нешта зарабіць на жыцьцё на гэтым уласным аўтамабілі”.

Уладзімер Казека крыўдуе, што ня мае падтрымкі ад структураў апазыцыі ні ў Берасьці, ні ў Менску. А калі яшчэ разваліцца АДС, то нешматлікія ў рэгіёнах апазыцыйныя актывісты апынуцца ў яшчэ больш складаным становішчы.

“Я ведаю, што калі б займаў у адносінах да ўлады больш жорсткую пазыцыю, то ў іх жа неймаверныя штрафы. А з чаго плаціць? Яшчэ што ў хаце ацалела, то і гэта забяруць. Вось далі штраф у 800 тысяч рублёў, то ледзьве сплаціў…”

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Мы тут усе супрацоўнічаем, нягледзячы на тое, хто ўваходзіць ці не ўваходзіць у АДС”


Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч, сябра АГП з Астравецкага раёну, лічыць, што АДС пацярпелі ад Эўрапейскага форуму. Ён прыхільнік таго, каб апазыцыя была больш рознабаковай, і мяркуе, што АДС яшчэ адыграе сваю ролю:

“Я лічу, што адназначна роля АДС больш пазытыўная, а Беларускі нацыянальны блёк (БНБ) адыгрывае дэструктыўную ролю для апазыцыі. Справа ў тым, што ў БНБ пераважна сабраліся прадстаўнікі так званага трэцяга сэктару. А там, дзе атрымальнікі нейкіх грашовых сродкаў, справа звычайна зводзіцца да дзяльбы нейкага пірага, а не да палітычнай барацьбы. Вось у гэтым заключаецца сэнс”.

“Мяркую, што БНФ не саскочыць з нашага чоўна”


Іван Шэга
Кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Іван Шэга — лекар па прафэсіі. На палітычную праблему ў яго свой погляд. Кажа, што трэба пераканацца: ці дыхае пацыент і ці ёсьць у яго пульс:

“Калі АДС застанецца ў тым фармаце, які зараз, з АГП, камуністамі і іншымі, ды яшчэ ў дадатак будзе працаваць, то, думаю, і БНФ будзе далучацца да гэтае працы і нікуды ня дзенецца з гэтае лодкі. АДС жа стваралася дзеля таго, каб аб’яднаць намаганьні ў барацьбе з рэжымам. А мэты сваёй АДС, як я разумею, да канца ня выканала”.

“АДС патрэбныя Калякіну, Лябедзьку — таму і будуць існаваць”


Уладзімер Каўшовік
Уладзімер Каўшовік ад КХП БНФ з Мастоў лічыць, што ад рэгіёнаў наагул нічога не залежыць, а што датычыць АДС, то яна будзе існаваць надалей паколькі патрэбна лідэрам партый:

“АДС патрэбная Калякіну, Лябедзьку — таму і будзе існаваць. У нас наагул усё, што ні адбываецца ў палітычнай прасторы, зыходзіць толькі зь вярхоў, ініцыятыва зьнізу адсутнічае. Так што калі і выйшла толькі адна Партыя БНФ з АДС, то тут у прынцыпе праглядаецца яе мэта, але разваліць АДС такім чынам не атрымаецца, бо пераважная большасьць партый усё роўна там застаецца”.

Зьміцер Кухлей
Cябра хрысьціянскіх дэмакратаў Зьміцер Кухлей з Мастоў:

“Мы тут у рэгіёне, прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партыяў і рухаў, увесь час супрацоўнічаем паміж сабой, нягледзячы на тое, хто ўваходзіць альбо не ўваходзіць у АДС. А развал АДС, ці, наадварот, працяг дзейнасьці гэтае структуры на нас ніяк не паўзьдзейнічае”.

“Аб’яднацца прымусяць выбары”


Віктар Сазонаў
Сябра БСДГ з Горадні Віктар Сазонаў лічыць, што выбары ў мясцовыя Саветы ўсё роўна прымусяць апазыцыю да аб’яднаньня, бо, на яго думку, іншага шляху няма. Але на тое, што АДС зараз перажывае працэсы трансфармацыі — са слоў Сазонава, ёсьць аб’ектыўныя прычыны:

“Стварэньне БНБ стала магчымым таму, што АДС не адлюстроўвае тых спадзяваньняў, якія на іх былі ўскладзены. На працягу ўсёй дзейнасьці АДС так і ня вызначыліся зь лідэрам, з адзіным кандыдатам на выбары, а гэта самы пройгрышны варыянт, які толькі можа быць”.

ВІЦЕБШЧЫНА


Палітычная сытуацыя ў Беларусі змушае розныя партыі ў рэгіёнах да супольных дзеяньняў


Кастусь Смолікаў
Паводле Кастуся Смолікава, старшыні Віцебскай абласной суполкі Партыі БНФ, яго арганізацыя фактычна прыпыніла супольную працу ў рэгіянальнай структуры АДС яшчэ летась — задоўга да адпаведнага рашэньня сойму партыі:

“Яшчэ ў мінулым годзе абласная рада Партыі БНФ абвясьціла пра прыпыненьне дзейнасьці ў абласной АДС, за гэта прагаласавалі 5 сябраў рады з 7-мі. Былі праблемы з будаўніцтвам кааліцыйных структураў у рэгіёнах. Бо ў рэгіёнах ёсьць асобныя актывісты, але казаць, што там ёсьць моцныя суполкі розных партый і вядзецца супольная праца, даволі цяжка”.

Між тым на рэгіянальным узроўні структура АДС пасьпяхова існуе і зараз, кажа старшыня абласной арганізацыі ПКБ Мікалай Селівашка:

Мікалай Селівашка
“Кааліцыя АДС працуе ў вобласьці — ПКБ, сацыял-дэмакраты, АГП, прадпрымальнікі… А што рух „За свабоду“ і Партыя БНФ заявілі пра свой няўдзел, дык жыцьцё прымушае шукаць шляхі супольнае працы. Бяз гэтага нельга праводзіць такія сур’ёзныя кампаніі, як выбары, да прыкладу. Таму ўсе агульныя пытаньні будуць вырашацца разам. Бо мэта ў нас агульная — зьмена становішча ў краіне”.

Аднак спадар Селівашка таксама адзначае, што ў рэгіёнах існуюць пэўныя праблемы як у стасунках паміж прадстаўнікамі розных партыйных структур, так і ў шэрагах ПКБ. Нядаўні выпадак — спроба былога кіраўніка Полацкай гарадзкой арганізацыі перайсьці разам з усімі сябрамі ў шэрагі праўладнай КПБ:

Віктара Пасечніка нейкім чынам улады схілілі на свой бок, і ён сапраўды паспрабаваў перавесьці структуру ў КПБ. Але ў яго нічога не атрымалася. Мы выключылі яго з партыі, і Полацкая гарадзкая арганізацыя ПКБ існуе, і ніхто нікуды не пераходзіць…”


“У Воршы кааліцыя АДС працуе ў поўную сілу і практычна бяз збою”


Адзіны рэгіён на Віцебшчыне, дзе кааліцыя АДС дзейсна працуе, — гэта Ворша, лічыць старшыня тамтэйшай структуры Партыі БНФ Алесь Шутаў:

“У нас існуе свая рэгіянальная кааліцыя. І мы застаемся працаваць у ёй — гэта Партыя БНФ, ПКБ, АГП, прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі пад кіраўніцтвам Ляўковіча і прадстаўнікі аргкамітэту сацыял-дэмакратычнай партыі пад кіраўніцтвам Статкевіча, шэраг спраў мы робім супольна зь сябрамі КХП БНФ, пагадненьне пра супрацоўніцтва падпісаў прадстаўнік руху „За свабоду“. На Беларусі яшчэ ня вырашана сытуацыя з наступленьнем дэмакратыі, са зьменай існуючага таталітарнага рэжыму, а змагацца лепей заўсёды разам”.

Спадар Шутаў кажа, што аршанская кааліцыя АДС гатовая працаваць і ўжо працуе ў рэгіёнах, дзе няма разьвітых партыйных структур — у Бешанковіцкім, Чашніцкім і Талачынскім раёнах.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


“Гомельская кааліцыя не разваліцца, бо тут няма чаго дзяліць”


На Гомельшчыне ў асяродку дэмакратычных сілаў розгалас набыла заява вядомага ў рэгіёне палітыка Ўладзімера Кацоры. Ён, па сутнасьці, без тлумачэньня прычынаў выйшаў са складу рэгіянальнай кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і абвясьціў, што спыняе актыўную палітычную дзейнасьць.

Дык ці распадаюцца ў зьвязку з крызісам дэмакратычныя кааліцыі — у цэнтры, у рэгіёнах? Пра гэта разважаюць гомельскія актывісты.

Алег Шабетнік
Алег Шабетнік, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БСДГ:

“Палітыка — гэта рух, сёньня адно, заўтра іншае. Я ня думаю, што гомельская кааліцыя разваліцца — яна будзе працаваць. Што адышоў ад яе рух „За свабоду”, дык гэта ягоная справа. І асабістая справа Ўладзімера Кацоры. Наколькі я ведаю, нідзе, апрача гомельскай кааліцыі АДС, рух “За свабоду“ ня быў прадстаўлены. І Народная Грамада ў нас у кааліцыі ёсьць, хаця ў іншых рэгіёнах яе няма. У нас, наадварот, кааліцыя досыць шырокая. Яна, я спадзяюся, будзе працаваць і надалей”.

“Некаторыя з нас такія закасьцянелыя, як эгіпэцкія піраміды”


Пятро Кузьняцоў
Пятро Кузьняцоў, каардынатар Гомельскага дэмакратычнага форуму:

“Аб’ектыўна эканамічны крызіс уплывае на палітычнае становішча й жыцьцё ў Беларусі. Апазыцыя разумее, што ў новых умовах у яе зьяўляюцца дадатковыя шанцы, якіх не было раней. Яна павінна эвалюцыянаваць, шукаць новыя хады, якія маглі б сябе спраўдзіць. У адрозьненьне ад тых хадоў, якія ня спраўдзілі сябе цягам апошніх пятнаццаці гадоў.

Ускосна крызіс уплывае й на распад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Некаторыя суб’екты кааліцыі ў стане шукаць гэтыя новыя захады, эвалюцыянаваць — лепш працаваць, лепей сябе адчуваць у новай сытуацыі. А некаторыя — яны такія закасьцянелыя, як эгіпэцкія піраміды. Яны будуць так стаяць, пакуль час іх увогуле не разбурыць”.

“Крызіс мог бы дапамагчы АДС замацавацца, шырэй апэляваць да грамадзтва”


Андрэй Толчын
Андрэй Толчын, старшыня Гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП:

“Ніякім чынам не ўплывае крызіс на згуртаванасьць у Гомелі й Гомельскай вобласьці. Гэта я бачу. Разыходжаньні — яны, на маю думку, ішлі зь Менску. Крызіс, калі казаць пра апазыцыю, стварыўся ў нас шмат гадоў таму. Бо ў нас былі лідэры, якія больш вырашалі свае асабістыя пытаньні, чымсьці праблемы Рэспублікі Беларусь”.

Валер Пуціцкі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ:

Валер Пуціцкі
“Маё меркаваньне, што наша гомельская кааліцыя не разваліцца: нам няма тут нічога дзяліць. Што рэспубліканскія АДС мала чым займаюцца, гэта вядома. А тут мы нармальна працавалі.

Уладзімер Кацора сышоў, бо трымае сваё слова. Да яго не прыслухаліся — адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах ня будзе, таму ён сышоў. У цэнтры дамовіліся пра стварэньне нацыянальна-дэмакратычных сілаў — ну ня бачаць яны ў супольнасьці з камуністамі разьвіцьця стасункаў з новым сьветам”.

Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны, рэгіянальны прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Вясна”:

“На нацыянальным узроўні Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы разбураюцца, губляецца ўвесь такі суб’ект, як агульная апазыцыя. Зараз ня трэба разважаць пра ідэалёгіі, праграмы — чыя лепшая, чыя горшая. Патрэбна найперш даць магчымасьць грамадзтву свабодна выбіраць. Крызіс, наадварот, мог бы АДС дапамагчы замацавацца, шырэй апэляваць да грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG