Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ехаць у Швэйцарыю? (5)


Жэнэва-Салеў-БЭРН


Салеў, а дакладней Мон Салеў (Mont Salève) – гэта маляўнічы горны хрыбет, які ўсяго за пяць кілямэтраў ад цэнтру Жэнэвы. Ад камуналкі майго сына туды можна дабрацца гадзіны за паўтары пешкі, а на тралейбусе (дарэчы, вельмі распаўсюджаным ў Швэйцарыі відзе транспарту) – хвілінаў за 20. Па сутнасьці, ты апынаесься ўжо ў суседняй дзяржаве – Францыі, на тэрыторыі якой і знаходзіцца гэтая гара. Пасьля таго, як Швэйцарыя далучылася да шэнгенскіх пагадненьняў, грамадзянін Беларусі з адпаведнай візай можа цягам дня спакойна шпацыраваць туды-сюды з краіны ў краіну.


Грыбная рэвалюцыя


У часе жэнэўскай эміграцыі (1895, 1903 – 1905, 1908 гг.) Ленін часта езьдзіў роварам у Салеў. Нярэдка кампанію яму складаў другі рэвалюцыянэр-бальшавік Карпінскі. Абодва да ўсяго былі заўзятымі грыбнікамі. Нягледзячы на тое, што на той час паміж Францыяй і Швэйцарыяй існавалі межы, расейскія рэвалюцыянэры рабілі дастаткова частыя вылазкі ў горы і вярталіся назад з поўнымі кошыкамі грыбоў – белымі, рыжыкамі, апенькамі. Грыбы дастаўляліся ў адзін з жэнэўскіх дамоў на беразе ракі Арва. Там месьціліся рэдакцыя газэты “Вперед”, экспэдыцыя і бальшавіцкая сталоўка Лепяшынскіх. Вялікія грыбныя зборы і кулінарныя здольнасьці сталоўскіх кухараў, якія рабілі з дароў альпійскіх лясоў сапраўдныя далікатэсы, дазвалялі істотна эканоміць грошы партыйнай касы.


Натхніўшыся прыкладам Ульянава – Карпінскага, я перад уласнай вандроўкай на Салеў пачала шукаць кошык. Аднак сынавы сябры параілі ўстрымацца ад гэтай ідэі. Па-першае, пасьля Чарнобылю альпійскія грыбы маюць высокі ўзровень радыянуклідаў. Па-другое, у швэйцарцаў ёсьць і іншая падстава для таго, каб не зьбіраць грыбоў у альпійскіх лясох. Разам з сапраўднымі белымі, рыжыкамі, апенькамі і г.д. там водзяцца вельмі падобныя да іх фальшывыя белыя, рыжыкі, апенькі... Многія зь іх, напрыклад, Psilocybe semilanceata, Psilocybe montana , Psilocybe merdaria ўтрымліваюць такое рэчыва псыляцыбін. Гэтае рэчыва нейкім чынам уплывае на мозг чалавека і выклікае галюцынагенны эфэкт. Ленін і Карпінскі наўрад ці атрымлівалі падобныя парады біёлягаў-эколягаў, а таму з высокай доляй імавернасьці можна дапусьціць, што ў іхныя кошыкі траплялі й такія грыбы.

Тут, у Швэйцарыі, я нарэшце зразумела, на чым грунтаваліся высновы ленінскіх біёграфаў адносна таго, што Ільліч бачыў многае наперад. Мяркуючы з таго, што большую частку эміграцыі Ленін правёў у альпійскай Швэйцарыі, можна меркаваць, што Ленін бачыў рэвалюцыю неаднойчы.


Характэрна, што да 1916 году, то бок цурыскага пэрыяду Ўльянава, ленінскія бачаньні рэвалюцыйных ператварэньняў у Расеі насілі больш-менш ідылічны характар – выглядалі мірнымі і бяскроўнымі. Пасьля ж знаёмства з дадаістамі у цурыскім “Кабарэ Вальтэр”, дзе, акрамя танных страваў з грыбоў, таксама падавалася самае таннае ў горадзе піва, Ленін ўжо не выключаў гвалтоўнага характару бальшавіцкага перавароту. Перамены ўяўляліся Ільлічу выключна ў чырвоных фарбах. Трэба дадаць, што дадаісты таксама былі грыбнікамі. 1916 год у Цурыху аказаўся надзвычай ураджайным на грыбы.

Бэрн і бэрнцы



Напярэдадні паездкі ў сталіцу канфэдэрацыі – самы швэйцарскі ў сьвеце горад Бэрн – спрацоўвае прафэсійны (а можа і местачковы) рэфлекс. Спрабую адшукаць у далёкай краіне землякоў, а менавіта нашчадкаў Уладзімера Пруса.

Калісьці гэтае імя я ўпершыню пачула ў Палітэхнічным музэі ў Маскве, дзе пабывала разам зь нямецкай групай. Наш зямляк, які доўгі час пражыў у Бэрне, нарадзіўся ў 1883 годзе ў мястэчку Гарадок на Віцебшчыне. У 1920-я ён стаў заснавальнікам савецкай гадзіньнікавай прамысловасьці. Пад яго кіраўніцтвам набраная ім каманда нямецкіх і швэйцарскіх майстроў пачала вырабляць у Маскве якасныя савецкія гадзіньнікі. У 1937-м Пруса расстралялі як нямецкага і швэйцарскага шпіёна.

Хадзілі чуткі, што ў Швэйцарыі ў яго застаўся хтосьці са сваякоў. Гадзіньнікавая майстэрня “Preuss” нібыта працавала яшчэ і ў 1930-я.

Прус апынуўся ў Швэйцарыі на пачатку 1900-х. Сюды ён уцёк з радзімы без пашпарта і дакумэнтаў. Паводле ленінскіх біёграфаў, падставай для ўцёкаў сталі ідэйныя разыходжаньні маладога чалавека зь ягоным настаўнікам-ювэлірам. У Швэйцарыі здольны да ювэлірнай працы Прус уладкаваўся на адну з гадзіньнікавых вытворчасьцяў у кантоне Залятурн. Неўзабаве наш зямляк выклікаў да сябе дзяўчыну-зямлячку, каб ажаніцца зь ёй. Аднак у Швэйцарыі бяз пашпарта не расьпісвалі. Росьпіс жа быў патрэбны, бо не зарэгістраваных у шлюбе мужчыну і жанчыну ў гэтым вядомым строгімі каталіцкімі традыцыямі кантоне на кватэру браць не хацелі.

Хтосьці з расейскіх эмігрантаў параіў Прусу зьвярнуцца да спадара Ўльянава, які на той час знаходзіўся ў Жэнэве. Будучы правадыр Кастрычніцкай рэвалюцыі рабіў адпаведныя паслугі для ўцекачоў з Расеі, даказваючы паліцыі, што гэта не крымінальнікі, а палітычныя іншадумцы.

У часе сустрэчы з Прусам Ленін прапанаваў яму пераехаць у больш лібэральны швэйцарскі кантон накшталт Бэрну і адкрыць там свой уласны бізнэс. Што Прус і зрабіў. Неўзабаве ён абзавёўся вялікай уласнай кліентурай. Зразумела, гэта былі бальшавікі, але таксама і эсэры, меншавікі, уласна швэйцарцы. Сярод іх вядомы швэйцарскі мастак Паўль Мюлер.

Зь Леніным Прус сустрэўся зноў толькі амаль праз 10 гадоў, у 1914-м, калі лідэр расейскага рэвалюцыйнага руху пераехаў у эміграцыю ў Бэрн. На той момант Ленін прадбачыў ня толькі рэвалюцыю, але і эканамічныя пераўтварэньні ў царскай Расеі. Ён паведаміў Прусу, што бачыць яго на пасадзе аднаго з кіраўнікоў расейскай гадзіньнікавай прамысловасьці. У 1920-я Прус перабраўся ў Маскву. Так скончылася кар’ера аднаго пасьпяховага бэрнскага ювэліра зь Беларусі.


...Пры канцы кастрычніка 2009-га тэлефаную на бэрнскі тэлефон спадарыні Эрыкі Прус.

Мяне ветліва слухаюць. Адчуваецца, што мой званок – поўная, мякка кажучы, нечаканасьць. Продкі жанчыны, дакладней яе мужа-нябожчыка, быццам бы паходзілі з Усходніх Прусаў, аднак да ювэлірна-гадзіньнікавай справы дачыненьня ня мелі. Мне кажуць, што нумар маёй швэйцарскай сім-карты высьвеціўся, а таму мне пазвоняць, калі раптам пра штосьці даведаюцца...

Званка, зразумела, не чакаю... Аднак, на дзіва, мне тэлефануюць, калі наш цягнік прыбывае ў Бэрн...

Спадарыня Прус кажа, што пакуль яшчэ нічога не даведалася. Аднак з таго часу, як я ёй пазваніла і расказала ўсю гэтую гісторыю пра цёзку, яна ўвесь час думае над адным пытаньнем.

– Скажэце, а чаму Прус паехаў у Расею?
– Ну, яму Ленін сказаў.
– Хто?
– Рэвалюцыянэр.
– Ах так... Ну й што, што сказаў?

Спадарыня Прус жадае мне цудоўнага дня ў Бэрне. “Гэта горад, у якім надзвычай прыемна шпацыраваць. Як ні ў якім іншым горадзе Швэйцарыі”, – кажа спадарыня Прус.

Я дзякую ёй і таксама зычу цудоўнага дня. У адказ чую, што ёй было вельмі прыемна са мной паразмаўляць.

Далей пачынаецца швэйцарская звышветлівасьць, у выніку чаго ні я, ні мая суразмоўца ня можам паставіць кропкі ў размове. Наша разьвітаньне расьцягваецца на хвіліны. Спадарыня Прус ужо пачынае распытваць мяне пра мае ўражаньні ад яе краіны. Я кажу пра надзвычайную гасьціннасьць і ветлівасьць яе жыхароў і пра тое, што шмат чула пра асаблівую сардэчнасьць бэрнцаў.

Выратоўвае толькі гучная абвестка правадніка, які інфармуе, што цягнік прыбывае ў сталіцу канфэдэрацыі. Мы разьвітваемся. Нарэшце. А Бэрн – сапраўды цудоўны горад, дзе надзвычай прыемна шпацыраваць. У бэрнцаў свой дыялект, своеасаблівае пачуцьцё гумару і жыцьцё пад дэвізам “Не сьпяшацца”. Напэўна, у Бэрне самыя павольныя людзі ў Швэйцарыі.

Large Hadron Collider



У самым цэнтры гораду, непадалёк ад будынку швэйцарскага Фэдэральнага сходу (парлямэнту), на плошчы Бундэспляц, пакрысе зьбіраюцца людзі. На 14 гадзінаў аб’яўлена акцыя па пытаньнях кліматычных зьменаў. Выступаюць грамадзкасьць і рок-музыкі. Шмат дрэнных слоў гучыць на адрас Large Hadron Collider.

Гэты важны зь гледзішча квантавай фізыкі аб’ект знаходзіцца непадалёк ад Жэнэвы ля швэйцарска-францускай мяжы, дакладней пад ёй. Ён сапраўды вялікі (large), бо месьціцца на плошчы 24 кв. км. “Hadron Collider” (“гадронны калайдэр”) у перакладзе на адносна даступную мову азначае “сутыкненьне пратонаў” (to collide – сутыкаць, hadron – група часьцінак - гадронаў, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх відах фундамэнтальных узаемадзеяньняў і ў якую ўваходзяць элемэнтарныя мадэлі атама – пратоны). З дапамогай гэтых “сутыкненьняў” дзясяткі тысячаў навукоўцаў са 180 краінаў, якія працуюць там жа пад зямлёй у CERN (Эўрапейскі цэнтар дасьледаваньняў ядра). спрабуюць змадэляваць момант зараджэньня Сусьвету. Апошнім часам калайдэр рамантуецца, аднак неўзабаве яго мяркуюць запусьціць...

Швэйцарскія “зялёныя”, якія прыйшлі на бэрнскі Бундэспляц, у гэтай сувязі б'ьюць трывогу. Яны занепакоеныя, што аб’ект істотна сапсуе клімат. У якасьці аргумэнтаў найбольш часты — наступны: “Толькі сьвятло ўсіх лямпачак за год падвышае агульную тэмпэратуру на Зямлі на 1 градус... Чым навукоўцы могуць даказаць, што калайдэр не паўплывае на глябальнае пацяпленьне ячшэ болей?!”


Тут жа на плошчы можна пачуць довады апанэнтаў: “Мы кожную хвіліну карыстаемся самымі рознымі дасягненьнямі цывілізацыі. Няўжо трэба вяртацца назад у пячоры? Так, практычнага эфэкту ад Large Hadron Collider можна чакаць не раней чым праз 50, 100, 200 гадоў. Аднак з дапамогай праекту можна атрымаць новыя фундамэнтальныя веды пра ўласьцівасьці матэрыі, тайны Сусьвету”.

Мой сын і яго сябры былі на экскурсіі ў CERN. Кажуць, “ён робіць ўражаньне таго, што тут займаюцца вельмі сур’ёзнай навукай. Аднак наколькі яна сапраўды сур’ёзная, ім меркаваць цяжка, паколькі не валодаюць прадметам”.

Каб дыхаць чыстым швэйцарскім паветрам



Дасягнуўшы ў 1970-я гады самых высокіх жыцьцёвых стандартаў, швэйцарцы актыўна пачалі змагацца за навакольнае асяродзьдзе. Пры шчыльным пражываньні людзей побач зь прыроднымі вадаёмамі (бадай, кожны швэйцарскі горад знаходзіцца на беразе возера ці ракі) можна было б чакаць, што гэтыя вадаёмы ператворацца, як і ў нас, у нейкія канавы ці адстойнікі фэкаліяў. Аднак нічога падобнага. Вада з гарадзкіх швэйцарскіх кранаў нагадвае нашу мінэралку. Дарэчы, шпацыруючы па любым швэйцарскім горадзе, можна ўбачыць вялікую колькасьць фантанчыкаў, адкуль вы таксама можаце піць колькі заўгодна. Кажуць, што ў свой час у Бэрне пры закладаньні трамвайных каляінаў пару фантанаў хацелі ліквідаваць, аднак жыхары гораду абурыліся і не дазволілі. Таму трамваі ды іншыя віды гарадзкога транспарту – аўтобусы і тралейбусы – у гэтым горадзе ходзяць, агінаючы кожны фантан...

Па ўтульных вулачках старажытнага Бэрну мы гуляем дапазна. Паступова бэрнскі дыялект “Swissdutsch” неяк непрыкметна выцясьняецца самымі рознымі замежнымі мовамі. Галоўная прыкмета швэйцарскіх гарадоў, а тым больш вёсак – тут вельмі рана кладуцца спаць. Пасьля 21-й - 22-й на вуліцах сустрэнеш рэдкага швэйцарца – адны турысты. У гэты ж час як правіла зачыняюцца ўсе кавярні, бары ды рэстарацыі.


З гэтай прычыны італьянскія сябры майго сына лічаць Швэйцарыю “вельмі нуднай краінай”, зь якой бы яны ніколі не зьбіраліся зьвязваць сваю будучыню. Такога самага меркаваньня і знаёмыя зь Нідэрляндаў, якія таксама вучацца разам з сынам у Жэнэве. Да таго ж, галяндцы лічаць Швэйцарыю вельмі дарагой краінай. Сынаву сябру - немцу не падабаецца тут з-за непрыязнага, як ён лічыць, стаўленьня да яго і іншых немцаў з боку жыхароў нямецкамоўных кантонаў. Што да майго сына, то ён лічыць год вучобы ў Жэнэве вельмі важным досьведам, але пры гэтым кажа, што тут яму “вельмі складана”. Гэта – “не яго краіна”.

Зразумела, ёсьць шмат тых, для каго застацца ў Швэйцарыі і дыхаць яе паветрам – мара жыцьця. Пры гэтым кожны разумее, што атрымаць статус грамадзяніна замежніку вельмі няпроста. Асабліва калі ня маеш швэйцарскіх бацькоў ці швэйцарскага кампаньёна, не зьяўляесься мастаком, прычым мастаком вядомым і багатым... Акрамя наяўнасьці гэтых фактараў замежніку для атрыманьня швэйцарскага пашпарта, неабходна пражыць у ёй як найменей 10 гадоў. Большая ж частка іншаземцаў (а гэта амаль 20% насельніцтва) маюць так званы “від на жыхарства”.

Трэба дадаць, што астатнія 80% (то бок карэннае насельніцтва) ня надта рады падобнай акалічнасьці, бо лічаць, што ўсе недасканаласьці жыцьця ў краіне ідуць менавіта ад іншаземцаў (турысты ў гэты разьлік не ўваходзяць).

Чым беларусы падобныя на швэйцарцаў?


“Пра Беларусь у Швэйцарыі ведаюць вельмі і вельмі няшмат”, - кажа мой знаёмы, бэрнскі парлямэнтар і дэпутат ПАРЭ Андрэас Грос, які, дарэчы, бываў у Беларусі.

Ён таксама лічыць, што беларусам ня варта сумаваць з гэтай нагоды. Паводле Гроса, Швэйцарыю ў сьвеце таксама ня надта ведаюць. Тыя самыя эўрапейцы нярэдка блытаюць імя сталіцы краіны: Жэнэва? Цурых? Усё, толькі ня Бэрн. Самая ж вялікая блытаніна зьвязаная з адной з назваў краіны. Немцы называюць Швэйцарыю Schweiz, французы - Suisse, італьянцы – Svizzera, англамоўныя – Switzerland.

Калі ж гучыць назва – Helvetia, многія не разумеюць, дзе такая краіна. А менавіта ад словаў Confoederatio Helvetica і ідзе сымбаль “СН”, які выкарыстоўваецца на міжнародных аўтамабільных знаках.

Андрэас Грос
“Напэўна, такая слабая інфармаванасьць пра Швэйцарыю ў іншых краінах ідзе ад таго, што швэйцарцы падсьвядома хочуць заставацца непрыкметнымі”, – жартуе вядомы палітык. Ён лічыць, што ёсьць некаторыя рысы, якія абагульняюць жыхароў яго краіны і беларусаў. Гэта павольнасьць. Беларусы павольныя, аднак швэйцарцы ўсё ж павальнейшыя:

“У Беларусі ўсё адбываецца са спазьненьнем на 20-30 гадоў. Лічу, што праз гадоў 50 ня будзе ніякай розьніцы паміж Беларусьсю і Польшчай ці Чэхіяй у пляне палітычных свабодаў і жыцьцёвага ўзроўню. Лічу таксама, што рэжым Лукашэнкі абрынецца ў найбліжэйшыя 15 гадоў, што Беларусь прыме сувэрэннае рашэньне ўступіць у Эўразьвяз, а яе эканамічныя і палітычныя тэмпы будуць больш хуткія, чым у суседніх эўрапейскіх краінах. А Швэйцарыя так і ня ўступіць у Эўразьвяз. Тут доўга разважаюць. Швэйцарцы лічаць: калі ў мінулыя 50 гадоў мы дасягнулі ўсяго самі самастойна, тады і ў наступнае паўстагодзьдзе ўсё зробім самі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG