Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлюсконі можа мець у Беларусі прыватныя інтарэсы


Жан-П'ер Дарні, намесьнік кіраўніка аддзелу бясьпекі і абароны ў Рымскім інстытуце міжнародных справаў, зазначае, што ў італьянскай замежнай палітыцы ёсьць даўняя традыцыя - быць першапраходцам у дачыненьнях з праблематычнымі краінамі.

На ягоную думку, паездка Бэрлюсконі можа ўкладвацца менавіта ў гэтую схему:

“Візыт Бэрлюсконі ў Менск у пэўным сэнсе ілюструе даволі традыцыйную плынь у італьянскай зьнешняй палітыцы. Італія – саюзьніца ЗША і ўдзельніца НАТО, і гэта – моцная апора яе замежнай палітыкі. Яна таксама адзна з заснавальніц Эўразьвязу, і гэта другая моцная апора. Але па-за гэтымі апорамі застаецца прастора для дзеяньня, для руху, дзе Італія можа ўступаць у кантакты з краінамі, якія могуць успрымацца як праблемныя. Прыклад Лібіі і апошнія дачыненьні паміж Італіяй і Лібіяй могуць быць добрай ілюстрацыяй”.

Дарні тлумачыць, што італьянская замежная палітыка адлюстроўвае даўнюю традыцыю гэтай краіны, якая палягае ў няспынных пошуках магчымасьцяў для бізнэсу ва ўсім сьвеце. Гэта дае стымул для такіх, здавалася б, нечаканых візытаў нават у краіны, якія ў дадзены момант могуць лічыцца парыямі.

Аднак Бэрлюсконі, які найчасьцей прыцягвае ўвагу сродкаў масавай інфармацыі скандаламі свайго прыватнага жыцьця, - гэта спрытны бізнэсовец, які рэдка вяртаецца з-за мяжы, не прасунуўшы бізнэсовыя інтарэсы – як дзяржаўныя, гэтак і асабістыя.

Беларусь, якая не валодае значнымі прыроднымі рэсурсамі, уяўляе цікавасьць як транзытная дзяржава для паставак расейскага газу ў Эўропу. Беларусь мае таксама разьвітую ваенную прамысловасьць і шукае доступу да заходніх тэхналёгіяў, каб захаваць канкурэнтаздольнасьць на глябальным рынку ўзбраеньня.

Бэрлюсконі, мэдыямагнат, які валодае паловай італьянскай прэсы і тэлеканалаў, мае цесныя сувязі зь дзяржаўнай энэргетычнай кампаніяй ENI і з паўдзяржаўным канглямэратам Finmeccanica, які працуе ў галіне касьмічнай тэхналёгіі і ўзбраеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG