Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод беларускіх алькаголікаў — 45 дзяцей


Нягледзячы на ўвядзеньне рэгулярных дзён цьвярозасьці ў розных населеных пунктах Беларусі, спажываньне алькаголю беларусамі расьце. Калі цягам 2007 году беларусы спажылі 11,74 л у пераліку на абсалютны алькаголь, а ў 2008 — 12,39 л, то цягам толькі 10 месяцаў гэтага году лічба сягнула амаль 10 літраў. А “ўраджайныя” для алькагольных аддзелаў навагоднія і калядныя сьвяты яшчэ наперадзе. Тым часам Усясьветная арганізацыя аховы здароўя лічыць паказчык у 8 літраў крытычным для здароўя нацыі. Якія захады, каб спыніць і прадухіліць рост алькагалізацыі насельніцтва, лічыць патрэбнымі Мінздраў Беларусі?

Адна з рэкамэндацый Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя дзеля зьніжэньня спажываньня алькаголю — абмежаваньне доступу да алькагольных напояў. Гэта тычыцца і месцаў продажу, і тых, каму можна, а каму нельга прадаваць алькаголь. Асобным пунктам у рэкамэндацыях значыцца “ўзмацненьне адказнасьці і забесьпячэньне кантролю над недапушчэньнем продажу алькагольных напояў асобам, якім продаж алькаголю забаронены, асабліва дзецям да 18 гадоў”.

На думку Аляксея Аляксандрава, галоўнага нарколяга Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі гэткі кантроль значна слабейшы за суседнюю Расею:

“У Беларусі ў нас няма гэткай формы адказнасьці для гандляра, якая ператвараецца ў звальненьне. У Расейскай Фэдэрацыі, дзе праблема алькагалізму, трэба прызнаць, стаіць яшчэ больш востра, чым у Беларусі, цяпер робяць пэўныя высілкі , каб прадухіліць гэтыя праблемы. І цяпер у Расейскай Фэдэрацыі пачынаецца вельмі жорсткая палітыка адносна тых гандляроў, якія — натуральна, для ўласнай выгады — не заўважаюць узросту пакупнікоў. Паколькі патрабаваньне пашпарту ў нас зьяўляецца аблігатным, то ўсе мы можам стаць сьведкамі, калі ў крамах маладыя людзі, відавочна маладзейшыя за 16 год, набываюць ня толькі піва, але й мацнейшы алькаголь”.

Але разьбірацца з гэтым, зазначае Аляксей Аляксандраў, — ня справа Мінздраву:

“Пытаньне ў кампэтэнцыі тых людзей, хто павінен кантраляваць гэта. Натуральна, гэта ня органы Мінздраву. Я думаю, варта абмяркоўваць гэтае пытаньне з тымі, хто ўпаўнаважаны кантраляваць продаж. А мы можам толькі канстатаваць гэткія факты”.

Нягледзячы на слабы кантроль за продажам алькаголю тым катэгорыям, якім яго прадаваць нельга, статыстыка дзіцячага алькагалізму зьмяншаецца, кажа Аляксей Аляксандраў:

“На жаль, мусіць, не змагу „пацешыць“ вас статыстыкай у гэтым кірунку, таму што колькасьць дзяцей, якія хворыя на алькагалізм, штогод зьмяншаецца. Мы прымаем усе меры, каб не дапускаць дзіцячага алькагалізму. Цяпер ва ўсёй краіне 45 дзяцей маюць устаноўлены дыягназ алькагалізму. І гэтая лічба будзе зьмяншацца штогод, мы прымем усе меры, каб не дапусьціць і прадухіліць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG