Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненьні да жанчын. Сёньня ў Беларусі стартуе кампанія “16 актыўных дзён супраць гвалту ў сям’і”.

Паводле вынікаў нацыянальнага апытаньня, праведзенага летась Цэнтрам сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў Белдзяржунівэрсытэту, 4 з 5 беларускіх жанчын зазнаюць псыхалягічны гвалт у сям’і. Кожная чацьвёртая жанчына цярпіць фізычны гвалт. 22% жанчын цярпяць эканамічны і больш за 13% — сэксуальны гвалт з боку свайго мужа альбо партнэра.

Начальнік Упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік Раман Мельнік прывёў наступную статыстыку:

“Прыкладна 90% злачынстваў, якія рэгіструюцца органамі МУС у галіне хатняга гвалту, адбываюцца па віне ўсё ж такі мужчынаў. Калі ўзяць статыстыку, то толькі 146 забойстваў на бытавой глебе зарэгістравана з пачатку году. Гэта наша бяда, гэта наш боль”.

Дадамо да гэтай лічбы больш за 320 выпадкаў наўмыснага нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, калі былі заведзеныя крымінальныя справы. Прычым 80% забойстваў і 70% выпадкаў зьбіцьця жанчын і дзяцей зьдзейсьнена мужчынамі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Але тысячы жанчын цярпяць хатні гвалт, не зьвяртаючыся па дапамогу, кажа палкоўнік міліцыі Раман Мельнік:

“Мы правялі апытаньне многіх пацярпелых, але ўсё ж такі людзі баяцца заяўляць у міліцыю і распавядаць пра той унутраны боль, які ім давялося перажыць”.

Сямейны псыхоляг парталу www.semeistvo.by Натальля Удавенка сьведчыць, што жанчыны вельмі ахвотна распавядаюць пра свае беды і праблемы ў сеціве, на форумах, але саромеюцца абмеркаваць гэта нават з псыхолягам. Натальля Удавенка не перастае зьдзіўляцца адной з парадаксальных асаблівасьцяў беларускай жанчыны:

“Вельмі многія жанчыны, церпячы гвалт (вось у чым парадокс!), адчуваюць пачуцьцё сораму: іх б’юць, іх зьневажаюць — а сорамна ім! І казаць, што яны трапілі ў такую сытуацыю, ім сорамна. То бок сорамна не мужчыну, які ўчыняе гвалт, а жанчыне, якая пакутуе”.

У Беларусі дагэтуль не прыняты Закон супраць хатняга гвалту. Гэтая праблема актыўна абмяркоўвалася дэпутатамі парлямэнту яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў, у першым чытаньні такі законапраект нават разглядаўся. Але да прыняцьця справа так і не дайшла. Меркаваньне палкоўніка міліцыі Рамана Мельніка:

“Тое настойлівае патрабаваньне, якое мы вылучаем да ўсіх зацікаўленых органаў дзяржаўнай улады, — гэта ўсё ж такі фармаваньне заканадаўчай базы, якая давала б дакладны панятак, што такое хатні гвалт, формы хатняга гвалту. І самае галоўнае на сёньняшні дзень — павінна быць сыстэма прафіляктычных захадаў”.

На думку прадстаўніка ААН у Беларусі Антоніюса Брука, “адна з прычын гвалту ў сям’і — недастатковая абазнанасьць, няведаньне людзьмі таго, што яны могуць спыніць гвалт”. Менавіта жанчыны, ахвяры гвалту, не павінны цярпець, перакананая сямейны псыхоляг Натальля Ўдавенка:

“Я заўсёды кажу: калі вы церпіце, пастаянна церпіце, вы даяце дабро чалавеку на такія дзеяньні. Гэта няправільна, і цярплівасьць павінна мець межы”.

У рамках інфармацыйнай кампаніі “Дзе ёсьць гвалт — няма сям’і!” у сталіцы і ўсіх абласных цэнтрах пройдуць канцэрты вядомых беларускіх гуртоў “Індыга”, “Клёндайк”, “Далі”, “Мэтро”, Drum Extasy”. Усе артысты ўдзельнічаюць у акцыі бясплатна.
XS
SM
MD
LG