Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфармаваньне сыстэмы аховы здароўя, жыльлёвай сфэры і сыстэмы адукацыі стануць прыярытэтамі для нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на 2010 год. Пра гэта сёньня заявілі кіраўнікі нацкаму на сваёй прэсавай канфэрэнцыі. Яны адзначылі, што сёлета рэкамэндацыямі дэмакратычных сілаў карысталіся і ўрадавыя, і міжнародныя структуры.

Галоўныя кірункі працы на 2010-ы год вызначыліся па выніках апытаньня насельніцтва краіны. Так, 85% удзельнікаў сацыялягічнага дасьледаваньня заявілі, што найбольш іх непакояць менавіта праблемы са здароўем.

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Схему сваёй працы нацкам пакідае сёлетнюю: стварэньне спэцыяльных групаў, падключэньне да іх працы экспэртнай супольнасьці і падрыхтоўка канкрэтных рэкамэндацый. Але часу на ўсё гэта цяпер даецца значна меней, падкрэсьлівае кіраўнік Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька:

“Ставім амбіцыйную задачу-мэту, каб практычныя напрацоўкі, як выніковыя пазыцыі, былі зробленыя да мясцовай выбарчай кампаніі. І тады ўсе дэмакратычныя кандыдаты могуць скарыстацца гэтым матэрыялам для сваёй выбарчай кампаніі ў тым ці іншым рэгіёне”.

Напрацоўкі дэмакратычных экспэртаў сёлета спатрэбіліся і дзяржаўным структурам, адзначыў Яраслаў Раманчук. Ранейшы скептыцызм уладаў да ўсяго, што сыходзіла ад дэмакратычных структураў, пачаў памалу зьмяншацца:

Яраслаў Раманчук
“Сёньня попыт на іншую думку, безумоўна, ёсьць. Асабліва з боку мясцовых органаў улады. Да мяне пасьля прэзэнтацый падыходзілі чыноўнікі і пыталіся: ці ёсьць канкрэтныя прапановы па стварэньні новых месцаў працы, збалянсаваньні бюджэту, падтрымцы прадпрымальнікаў, прыцягненьні замежных інвэстараў?.. Гэта тыя пытаньні, якія ім „спускаюцца“ зьверху.

І ёсьць дзіўная сытуацыя. Калі ты накіроўваеш прапановы непасрэдна ва ўрад, там адразу такая рэакцыя: нейкі нацыянальны камітэт, апазыцыя, незалежныя цэнтры. Як кажа спадар Макей, неканструктыўныя сілы. Але калі ж тыя самыя прапановы ідуць празь дзяржаўныя крыніцы (аблвыканкамы ці нейкія іншыя структуры), то тыя ж самыя прапановы бяруцца і разглядаюцца ўрадам”.

Анатоль Лябедзька паабяцаў выправіць ранейшыя хібы:

“Мала выпрацаваць добрую праграму. Вельмі важна, каб яшчэ былі і праваднікі гэтых ідэй. Таму сёлета мы шмат займаліся навучаньнем. Мы правялі 15 сэмінараў па падрыхтоўцы антыкрызісных агітатараў. І да канца гэтага году пройдуць яшчэ 5, бліжэйшыя ў Магілёве і Бабруйску. 20-30 чалавек прысутнічаюць на кожным такім мерапрыемстве”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG