Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Беларусьфільме” здымаецца антытаталітарнае кіно


Андрэй Расінскі

Андрэй Расінскі

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 22 лістапада.

На мінулым тыдні ў Менску праходзіў міжнародны кінафэстываль “Лістапад”. На ім была прадстаўленая кінапрадукцыя з трох дзясяткаў краінаў, у межах фэстывалю адбылося каля сотні імпрэзаў, у ім удзельнічалі замежныя кінаславутасьці. Але ці займеў “Лістапад” на шаснаццатым годзе жыцьця сваё адметнае аблічча? І якія стужкі сёньня здымаюцца на нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”? Пра гэта мы гутарым з кінакрытыкам Андрэем Расінскім.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: “Андрэй, у конкурснай праграме кінафэстывалю “Лістапад” былі “ажно два” беларускія гульнявыя фільмы – “Інсайт” Рэнаты Грыцковай і “Снайпэр” Аляксандра Яфрэмава. Што вы можаце сказаць пра гэтыя работы?”


Андрэй Расінскі: “Пра “Снайпэр” я не хацеў бы ўвогуле шмат гаварыць, нягледзячы на тое, што ён быў адзначаны на фэстывалі. Гэтая карціна на стандартную ваенную тэму, з расейскімі акторамі. Дарэчы, на такія стужкі заўсёды знойдзецца глядач, прынамсі, з інтэрнэту гэты фільм ужо скачваюць… А вось карціна Рэнаты Грыцковай “Інсайт” сапраўды цікавая, жывая, і за яе ня сорамна на фэстывалі. Гэта псыхалягічная мэлядрама, дзе занятыя вельмі добрыя акторы. Галоўную ролю (ролю Старога) выконвае Багдан Ступка. Да ўсяго, гэта і выдатная апэратарская праца Тацяны Логінавай. У фільме ёсьць цікавыя сюжэтныя хады, прыдуманыя Алёнай Калюновай. І ўвогуле, Рэната Грыцкова – гэта таленавітая рэжысэрка. Іншая справа, што з “Інсайту” яна паспрабавала зрабіць аўтарскае фэстывальнае кіно. На маю думку, гэты фільм глядзеўся б лепш як звычайная мэлядрама, якая пераходзіць у трагедыю, як жанравае кіно. Але гэта выбар аўтараў, выбар рэжысэра і сцэнарыста. Ва ўсялякім разе, у параўнаньні з тым, што выпускалі раней на “Беларусьфільме” (розныя там “Вам – заданьне”, “Чаклун і Румба” і г.д.), “Інсайт” – гэта жывое кіно. Там ёсьць жывыя эмоцыі, цікавыя мэлядрамныя балявыя кропкі, якія дзейнічаюць на гледача”.

Скобла: “На “Лістапад”, як правіла, прыяжджае Кшыштаф Занусі, знакаміты польскі рэжысэр. Быў ён і сёлета і ў адным з інтэрвію зазначыў, што “Лістапад” “дапамагае маладым акторам і рэжысэрам стаць вядомымі”. Ці сапраўды на менскім кінафэстывалі адкрываюцца новыя імёны?”

Расінскі: “Проста Занусі – ветлівы чалавек… Ягоныя словы пра “Лістапад” я разглядаю як пахвалу, выдадзеную авансам. “Лістападу” яшчэ расьці і расьці для таго, каб адкрываць імёны. На фэстывалі паказваюцца пераважна такія фільмы, якія прайшлі ўжо праз іншыя фэстывалі, і вось беларуская публіка зь імі знаёміцца. “Лістапад” яшчэ шукае свой твар”.

Скобла: “У ліку ганаровых гасьцей “Лістападу” – пераважна расейскія кіназоркі, фэстывальнае журы таксама ўзначальваў расейскі рэжысэр. Ці не арыентуюцца ад пачатку ягоныя арганізатары на расейскі кінарынак?”

Расінскі: “Цягам апошніх гадоў фэстываль усё ж пачаў зьмяняцца, пачаў ставіць новыя акцэнты, запрашаць новых людзей. Вы дарэмна робіце акцэнт толькі на расейцах. Напрыклад, Кіра Муратава – клясык украінскага кіно, і ўвогуле – гэта вялікі майстра. Будзем яшчэ прыглядаца, аванс фэстывалю выдадзены, ён пакуль жывы, і гэта добра”.

Скобла: “А які “лістападаўскі” фільм вы можаце параіць для прагляду нашым слухачам?”
параіў паглядзець карціну “Маўчаньне Лорны” братоў Дардэнаў...

Расінскі: “Напрыклад, стужку, якая ўжо была на беларускіх экранах, праўда, прайшла вельмі незаўважна. Хто яе прапусьціў, можа цяпер пабачыць. Гэта карціна “Маўчаньне Лорны” братоў Дардэнаў, якія вельмі часта атрымліваюць у Канах узнагароды. Карціна выбітнейшая, выдатна зробленая, вельмі добра, што яна зноў ідзе ў Менску, і яе можна ўбачыць. Летась, па-мойму, на фэстывалі паказваўся “Баўгарскі сацрэалістычны нуар”. Так што трапляюць на фэстываль і вартасныя стужкі, і казаць, што ўсё на ім кепска, я б ня стаў. Нейкія зьмены да лепшага ўсё ж адбываюцца”.

Скобла: “Дырэктарам кінастудыі “Беларусьфільм” гады два таму быў прызначаны Ўладзімер Замяталін – чыноўнік, які, калі працаваў яшчэ ў Адміністрацыі прэзыдэнта, лічыў, што “беларуская нацыя – гістарычная памылка бальшавікоў”. Дык ці здольная кінастудыя пры такім дырэктару прадукаваць беларускае нацыянальнае кіно?”
пры Замяталіну кінастудыя ажыла ...

Расінскі: “Гісторыя вельмі любіць парадоксы. І менавіта пры Замяталіну кінастудыя ажыла. Была зробленая істотная тэхнічная рэканструкцыя, быў зроблены элемэнтарны рамонт, бо студыя проста развальвалася, перабывала ў жахлівым стане. Цяпер на ёй зьявілася больш-менш нармальная тэхніка, паступова наладжваецца вытворчасьць. Можна па-рознаму ставіцца да Замяталіна, але менавіта ён спрабуе сёньня вярнуць беларускую спадчыну, напрыклад, фільм “Прыгоды Бураціна”, які ў Расеі ідзе, а “Беларусьфільм” яго не пракатвае. Пракатваюць і прадаюць яго “левыя людзі” ў Расеі, а гэта – беларускі нацыянальны дыямэнт. Менавіта Замяталін распачаў судовыя працэсы па вяртаньні беларускіх кінаскарбаў. І нарэшце, менавіта Замяталін запрасіў цікавых беларускіх майстроў на кінастудыю, асабіста ён патэлефанаваў Андрэю Кудзіненку і запрасіў яго здымаць беларускі бульба-хорар. Былі вернутыя на кінастудыю Канановіч і Колбышаў”.

Скобла: “Засталося вярнуць выдатнага сцэнарыста Аляксандра Качана, які зьехаў у Кіеў, дзе і прыжыўся”.
фінальную малітву да гэтага фільму напісаў Уладзімер Замяталін...

Расінскі: “Дык ён жа сцэнарыст фільму “Масакра”, які цяпер здымаецца! Так што Качан таксама вярнуўся на кінастудыю, зь ім падпісаны кантракт. “Масакра” – выдатны нацыянальны праект. Гэта кіно ва ўнікальным жанры бульба-хорар, дзе адначасова страшна і сьмешна. Дзеяньне фільму адбываецца ў ХІХ стагодзьдзі пасьля задушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага, у ім прысутнічаюць сацыяльныя і палітычныя чыньнікі, якія наслойваюцца на містыку, на жахлівыя моманты, на авантуру і мэлядраму. У фільме выкарыстоўваецца сюжэтная канва знакамітага “Локіса” Праспэра Мэрымэ. Карціна разрэклямаваная яшчэ да выхаду, будзем чакаць яе з нецярпеньнем. Я чытаў яе сцэнар ў розных варыянтах. Саша Качан і Андрэй Кудзіненка некалькі разоў яго паляпшалі, хоць кожны раз здавалася, што палепшыць ужо немагчыма. Гэта мусіць быць вельмі добрая стужка. Дарэчы, цяпер ужо зробленая карціна Аляксандра Колбышава “Ваўкі”. “Ваўкі” – выдатная стужка, антытаталітарны твор, я ня мог паверыць, што яе зьнялі на “Беларусьфільме”. Фільм пастаўлены па забароненай у свой час аповесьці Чакмянёва. Пра тое, як у сталінскія часы зэк уцёк з-пад канвою, і за ім пачынаецца паляваньне. Ён хаваецца ў вёсцы, адны вяскоўцы спрабуюць яго выдаць, другія яго хаваюць – ідзе паляваньне на чалавека. Фільм перагукваецца, дарэчы, з “Аблавай” Васіля Быкава. Гэта высокая трагедыя, зробленая надзвычай таленавітым рэжысэрам Аляксандрам Колбышавым. Дарэчы, фінальную малітву да гэтага фільму напісаў Уладзімер Замяталін. Так што людзі зьмяняюцца”.

Скобла: “Вы сапраўды лічыце, што Замяталін наладзіць нацыянальную кінавытворчасьць?”

Расінскі: “На “Беларусьфільме” пры ім пачаліся станоўчыя зрухі, пацяпленьне. Іншая справа, што кінавытворчасьць – вельмі складаны працэс, не ад аднаго адміністратара залежны”.

Скобла: “Мяне зьдзівіла, што вы “Прыгоды Бураціна” залічылі ў дыямэнты нацыянальнага кіно”.

Расінскі: “Так, бо гэты фільм стаў брэндам “Беларусьфільму”. У ім ёсьць беларускія моманты. Прададзены сьмех, Горад майстроў, які захоплівае злы герцаг – гэта ўсё беларуская гісторыя, толькі расказаная на мове дзіцячага кіно”.

Скобла: “Калі я гляджу фільмы Эміра Кустурыцы, я адчуваю ў іх Босьнію. Калі я гляджу “Доўгую дарогу ў дзюнах”, я адчуваю там Літву, хоць гэта яшчэ савецкі расейскамоўны фільм. У якіх нашых фільмах гэтак жа адчуваецца Беларусь?”

Расінскі: “У “Чужой бацькаўшчыне” Рыбарава, ва “Ўзыходжаньні” Ларысы Шапіцькі, у “Дзікім паляваньні караля Стаха” Рубінчыка. Па-рознаму можна ставіцца да гэтай экранізацыі, кожны бачыць Караткевіча па-свойму, але ў “Дзікім паляваньні…” выдатная кінематаграфічная аўтарская мова, зразумелая ва ўсім сьвеце. Беларусь адчуваецца ў фільмах Дашука і Турава”.

Скобла: “Пра гэта я пытаўся ў кінасцэнарыста Аляксея Дударава, у рэжысэра Ігара Дабралюбава, у пісьменьніка і рэдактара “Беларусьфільму” Віктара Казька… Спытаюся і ў вас. Экранізуецца, прыкладам, Караткевіч, чыя творчасьць літаральна прасякнутая беларускім духам. У выніку – у фільме гэта ўсё некуды зьнікае. Чаму так адбываецца?”
У Беларусі праблема з арыгінальнымі сцэнарамі. ...

Расінскі: “Лёгка экранізуюцца слабыя аўтары, а творы, якія ўжо зьдзейсьніліся і цалкам самадастатковыя, для экранізацыі вельмі цяжкія. Калі экранізаваць абсалютна дакладна, слова ў слова, то атрымліваецца нудна і нецікава. Тут неабходна знайсьці залатую сярэдзіну, а гэта надзвычай складана. Увогуле, добрых экранізацый ня так і шмат, гэта тычыцца ня толькі Беларусі, гэта ўсясьветная праблема. У Беларусі праблема з арыгінальнымі сцэнарамі. Ёсьць сцэнарысты, якія пішуць цікава, – Саша Качан, Андрэй Курэйчык...”

Скобла: “А рэжысэры арыгінальныя ёсьць?”


Расінскі: “Ёсьць – Кудзіненка, Колбышаў, Грыцкова. На Канановіча я таксама ўскладаю надзеі, але паглядзім, што будзе з ягоным “Грашовым дрэвам”. Ігар Асмалоўскі са сваім сябрам Сяргеем Сямёнавым проста ўзялі і зьнялі за ўласныя грошы вельмі дасьціпную кінакамэдыю, жывую і сьмешную, дзе здымаліся як прафэсійныя акторы, так і проста жыхары вёскі. І там – усё на месцы”.

Скобла: “Дык што патрэбна, каб у Беларусі нарэшце зьявілася сваё нацыянальнае высокаякаснае кіно?”

Расінскі: “Патрэбныя людзі, патрэбныя ідэі. І тое, і другое мы маем. Кіно – гэта індустрыя, і каб яна запрацавала, адных чыста адміністрацыйных высілкаў мала. Калі гэта відовішчнае кіно, то яно павінна выходзіць на міжнародны кінарынак, павінна прадавацца па-за межы Беларусі. Што тычыцца беларускага кіно, то тут я выкажу крамольную думку. Я лічу, што беларускае нацыянальнаек кіно можа існаваць на беларускай мове, на расейскай мове, на ангельскай і нават на кітайскай мове. Таму што ў кіно ёсьць свая ўласная мова, а тая мова, якая гучыць у кадры, – гэта толькі элемэнт вобразу”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG