Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Казахстане непакояцца пра свае бэнзін і мяса


Пэрспэктыва аб’яднаньня ў мытны саюз з Расеяй і Беларусьсю выклікае пэўную занепакоенасьць у казахстанскім інтэрнэце. “У Расеі нашмат даражэйшае, чым у Казахстане, харчаваньне, тое ж мяса, — піша рэсурс “Литер” і нагадвае чытачам, што Расея наагул адмовілася ад паставак мяса з Казахстану.

“Трэба разумець, што шмат якія адкормачныя пляцоўкі, якія будуюцца на поўначы Казахстану і адпачатку арыентаваліся на расейскага спажыўца, застануцца бяз працы”, — канстатуе Литер.

Яшчэ больш непакою выклікаюць кошты на бэнзін, які ў Расеі традыцыйна даражэйшы на 15—20%. Казахстанская крыніца паведамляе, што ўжо зараз у сумежных з Расеяй рэгіёнах часта назіраецца дэфіцыт бэнзіну. “Як будзе вырашацца гэтае пытаньне, пакуль незразумела. З аднаго боку, Расея быццам бы мае намер падтрымліваць свабодны гандаль у межах Мытнага саюзу, а зь іншага — уводзіць абмежаваньні, пераважна на сваю карысьць”, — зазначае інтэрнэт-рэсурс.

Тэму не абмінае і інтэрнэт-выданьне Zonakz.net, якое паважліва называе прэзыдэнта Казахстана Нурсултанам Абішавічам і падкрэсьлівае, што ён уклаў у стварэньне Мытнага саюзу “шмат сілаў”. Паводле выданьня, мытны саюз у казахстанскім грамадзтве абмяркоўваюць “вяла”, бо ягоны лёс нібыта “быў вырашаны адпачатку: саюзу — быць!”
XS
SM
MD
LG