Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра прымусовую стэрылізацыю пашкадавалі, але ня выбачыліся


Урад Чэхіі публічна выбачыўся у сувязі зь незаконнай стэрылізацыяй цыганак, якая практыкавалася да 2003 году.

Лічыцца, што афіцыйна гэтая практыка была спыненая ў 1990 годзе, калі разваліўся камуністычны рэжым, аднак, паводле праваабаронцаў, апошнія выпадкі прымусовай стэрылізацыі былі зафіксаваныя ў 2003 годзе.

Мэтай стэрылізацыі было зьніжэньне нараджальнасьці ў цыганскіх сем'ях. У Чэхіі не вялося афіцыйнай статыстыкі на гэты конт, аднак толькі ў Астраве каля 80 цыганак заявілі, што іх прымусова стэрылізавалі.

Урад Чэхіі выказаў жаль з гэтай прычыны, але даў зразумець, што не зьбіраецца выбачацца, бо не бярэ на сябе адказнасьць за чужую ініцыятыву. Чэская Ліга правоў чалавека лічыць, што выказанага жалю недастаткова і патрабуе выплаціць кампэнсацыю пацярпелым жанчынам, – паведамляе чэскі друк.

У 2005 годзе ў Палаце прадстаўнікоў Беларусі дэпутат Сяргей Касьцян прапанаваў прыняць закон аб гвалтоўнай стэрылізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця:

"Жывёлы вядуць упарадкаваны лад жыцьця. Бальшыня людзей - 99% - жывуць упарадкавана. Але 1% людзей жыве неўпарадкавана. І ад іх пладзяцца дзеці. І такім чынам мы ўвесь час ствараем умовы для дэбілізацыі грамадзтва. Ведаю, мая прапанова выкліча непаразуменьне, абурэньне. Але гэта адносіцца не да ўсяго грамадзтва, а толькі адносна асобных грамадзянаў. Я маю на ўвазе, што нам трэба прымаць закон аб гвалтоўнай стэрылізацыі", – заявіў тады Сяргей Касьцян.

Ягоная прапанова не была падтрыманая дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG