Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы наведаў студэнтаў ЭГУ


Вігаўдас Ушацкас

Вігаўдас Ушацкас

Сёньня міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас сустрэўся ў Вільні з адміністрацыяй і студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Нагадаем, што пасьля вымушанай міграцыі з Беларусі гэтая ВНУ атрымала сталы статус установы вышэйшай адукацыі у Літве.

Якая была нагода да такога візыту і пра што ўвогуле йшла гаворка? Расказвае адзін з удзельнікаў сустрэчы, студэнт 3 курсу спэцыяльнасьці “Культурная спадчына і турызм” Дэпартамэнту гісторыі Кірыл Атаманчык:

Кірыл Атаманчык
“Думаю, што не было нейкай вялікай нагоды, а гэта проста працоўны візыт міністра. Наколькі вядома, Міністэрства замежны спраў Літвы таксама зьяўляецца адным з партнэраў ЭГУ, і міністру было цікава паразмаўляць як з адміністрацыяй унівэрсытэту, так і са студэнтамі. На сустрэчы прысутнічалі прыкладна 80 чалавек, былі самага рознага кшталту пытаньні, але ў асноўным яны датычыліся размоваў пра добрасуседзкія стасункі Літвы. То бок, гэта як гісторыя, так і палітыка. Ну і закраналіся пытаньні “Усходняга партнэрства”, візавага рэжыму, пытаньні Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту – яго лёсу, далейшага знаходжаньня ў Вільні”.

Карэспандэнт: “То бок, у студэнтаў была магчымасьць наўпрост задаваць пытаньні? Не быў маналёг міністра?”

“Безумоўна. Студэнты фактычна толькі і задавалі пытаньні. Выступ міністра быў досыць кароткі, хвілін 15, а пасьля – прыкладна паўгадзіны – можна было задаваць пытаньні”.

Карэспандэнт: “Увогуле ці паўстала пытаньне аб магчымасьці вяртаньня ЭГУ ў Беларусь?”

“Было зададзенае такое пытаньне, але само па сабе пытаньне збольшага рытарычнае. Бо як людзі, якія задавалі пытаньне, так і міністар, які вымушаны быў адказваць на гэтае пытаньне, ужо ведалі на яго адказ. Безумоўна, што няма ніякіх умоваў для вяртаньня ЭГУ, таму на сёньняшні дзень гэтае пытаньне можна адкласьці ў далёкую скрыню”.


XS
SM
MD
LG