Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, праспэкт Машэрава (былая вуліца Варвашэні), 8У гэтым доме з канца 1992 году месьціцца сядзіба Беларускага Народнага Фронту — палітычны і культурны цэнтар беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху.

У беларускай сталіцы ёсьць толькі адно месца, дзе над ганкам казённага будынка свабодна лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта — сядзіба Беларускага Народнага Фронту. Сынонімам сядзібы БНФ ёсьць яе адрас — вуліца Варвашэні, 8, нягледзячы на перайменаваньне ў праспэкт Машэрава.

Гэты адрас — самы папулярны ў дэмакратычнай грамады. Дзе адбудзецца выстава суполкі “Пагоня”? На Варвашэні, 8. Дзе можна купіць нацыянальны сьцяг ці незалежную газэту, пазычыць для прагляду дыск беларускіх рок-выканаўцаў? Дзе адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды?” Дзе палітвязьні пасьля вызваленьня з турмаў даюць прэсавую канфэрэнцыю? У сядзібе БНФ, на Варвашэні, 8.

Калі б павесіць шыльду з імёнамі выбітных людзей, якія тут бывалі, дык яна б заняла не адну сьцяну. І на адным зь першых месцаў было б імя Васіля Быкава. Зрэшты, кожны чалавек, калі раптам адчуе сьверб свабоды, ведае, куды прыйсьці, каб знайсьці аднадумцаў.

Гарачай вясной 1996 году, калі востра паўстала пагроза згубы незалежнасьці Беларусі, сядзіба БНФ стала штабам абароны дзяржавы, — кажа адзін зь лідэраў БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Там плянаваліся масавыя шэсьці пратэсту. Адтуль выносілі асноўную сымболіку. І туды ўсе тэлефанавалі, пыталіся: дзе зьбірацца, што мы можам зрабіць? Туды людзі прыносілі ахвяраваньні. Вельмі ўразіла, калі неяк каля будынка спынілася аўто, зь яго выйшла прыгожая маладая жанчына, забегла ў памяшканьне, паклала дзьве купюры высокага на разуменьне 1990-х гадоў наміналу і кажа: “Зрабіце што-небудзь, каб Беларусь засталася незалежнай”. Гэта быў парыў людзей. І яны ведалі, дзе знаходзіцца цэнтар супраціву. Памяшканьне ня раз штурмавалі амонаўцы, арыштоўвалі людзей проста ў гэтым памяшканьні, выцягвалі іх адтуль сілай. І мяне арыштоўвалі каля гэтай сядзібы, звозілі ў невядомым кірунку байцы падразьдзяленьня “Алмаз”.

Пасьля разгону дэманстрацыяў, калі не было куды ўцячы, многія актывісты апазыцыі хаваліся там. Тады ў будынак урываліся амонаўцы, часам людзям удавалася схавацца, часам усе разам адбівалі напады.

Сядзіба БНФ — месца, дзе жыве свабодная Беларусь.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG