Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Дзьмітрый Мядзьведзеў запрасіў беларускіх журналістаў?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў правёў прэсавую канфэрэнцыю для беларускіх журналістаў. Чым патлумачыць гэтую сустрэчу? Ці зьбіраўся Дзьмітрый Мядзьведзеў перавыхаваць Аляксандра Лукашэнку? Якое пасланьне адрасаваў прэзыдэнт Расеі беларускаму грамадзтву?

Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Товарищ” Анатоль Гуляеў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Дзеля чаго ладзілася прэсавая канфэрэнцыя?

Валер Карбалевіч: “Пасьля азнаямленьня з стэнаграмай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнта Расеі зь беларускімі журналістамі складаецца ўражаньне, што сам факт гэтага мерапрыемства больш цікавы, чым зьмест адказаў Мядзьведзева. Чаго раптам захацелася расейскаму прэзыдэнту паразмаўляць з прадстаўнікамі беларускіх мэдыяў? Навошта іх запрасілі ў рэзыдэнцыю “Барвіха”?”

Анатоль Гуляеў: “У мяне і маіх калегаў — самыя лепшыя ўражаньні ад гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Я згодзен, што сам факт гэтага мерапрыемства больш цікавы, чым зьмест адказаў Мядзьведзева. Бо тое, што было сказана, гучала і раней.

Існуе некалькі прычынаў правядзеньня гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Мядзьведзеў адзначыў, што Лукашэнка даўно выкарыстоўвае практыку камунікацыі з расейскімі журналістамі. Таму цяпер і ён будзе ладзіць такія мерапрыемствы.
Анатоль Гуляеў

Пасланьне Мядзьведзева мае некалькі адрасатаў. Напрыклад, расейскаму грамадзтву. Невыпадкова ў расейскіх інтэрнэт-сайтах ёсьць загаловак кшталту: “Мядзьведзеў паўшчуваў Лукашэнку”.

Адказваючы на маё пытаньне наконт лёсу саюзнай дзяржавы, Мядзьведзеў перайшоў да эканамічных аргумэнтаў. Ён казаў, што нельга разбураць тое, што ёсьць”.

Кірыл Коктыш: “У кіраўніцтва Расеі бракуе наўпроставых кантактаў зь беларускім грамадзтвам. І ў Расеі, і ў Беларусі існуюць стэрэатыпы пра палітыку хаўрусьніка, якія ня вельмі адпавядаюць рэальнасьці. Таму Мядзьведзеў хацеў паглядзець на рэакцыю беларускага грамадзтва на гэтую прэсавую канфэрэнцыю.

З 2003 году кіраўніцтва Расеі прытрымлівалася пазыцыі ў дачыненьнях зь дзяржавамі СНД: размаўляць толькі з афіцыйнымі асобамі. Цяпер Крэмль мяняе сваю пазыцыю і дэманструе, што гатовы размаўляць з усімі грамадзкімі плынямі”.

Ці ўдасца перавыхаваць Лукашэнку?

Карбалевіч: “Самае цікавае ў гэтай прэсавай канфэрэнцыі — гэта ацэнка выказваньняў Лукашэнкі. Можа, у гэтым і быў асноўны сэнс падзеі — паўзьдзейнічаць на беларускага лідэра, перавыхаваць яго. Бо тон Мядзьведзева ў гэтым сюжэце быў мэнтарскі, як настаўнік вучыць вучня: ”Я лічу гэта недапушчальным”. Ці будзе эфэкт ад гэтага выхаваньня?”

Гуляеў: “Ня думаю, што гэта было асноўным матывам. Ня думаю, што ад гэтага “выхаваньня” будзе нейкі толк. Зьвяртаю ўвагу, што беларускія ўлады вельмі хваравіта сустрэлі гэтую падзею. Напярэдадні, па маёй інфармацыі, у беларускіх кіроўных колах было абмеркаваньне: ці варта ўвогуле ехаць на гэтую прэсавую канфэрэнцыю прадстаўнікам дзяржаўных мэдыяў.

І зьвярніце ўвагу: ад недзяржаўных мэдыяў паехалі галоўныя рэдактары, а ад дзяржаўных — шараговыя журналісты. І апошнія задавалі вострыя пытаньні. Напрыклад: тое, што ў Маскву запрашаюцца апазыцыйныя палітыкі, ці ня ёсьць гэта ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі? Прадстаўніца газэты “Рэспубліка” спыталася: ці ня страціць Расея праз сваю палітыку апошніх сяброў? Журналістка газэты “Советская Белоруссия” абуралася, што расейскія мэдыі дрэнна пішуць пра Беларусь”.

Карбалевіч: “Цікавая сытуацыя: пытаньні прадстаўнікоў дзяржаўных мэдыяў выявіліся вастрэйшымі, чым пытаньні недзяржаўных мэдыяў”.

Гуляеў: “Напярэдадні падзеі прадстаўнікі недзяржаўных мэдыяў прыйшлі да высновы, што ня варта задаваць пытаньні з нэгатывам, што на першай такой прэсавай канфэрэнцыі трэба захоўваць паліткарэктнасьць. Хоць вострыя пытаньні былі. Напрыклад, Сярэдзіч казаў, што Расея паўтарае шлях Беларусі ў пляне адступленьня ад дэмакратыі. А што тычыцца дзяржаўных мэдыяў, то вельмі адчувалася рэжысура”.

Маштаб непаразуменьняў

Карбалевіч: “Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў нядзелю, напярэдадні гэтай прэсавай канфэрэнцыі, на БТ у “Панараме” было тры сюжэты, якія ўмоўна можна назваць “антырасейскімі”. І ў панядзелак таксама пасьля інфармацыі пра гэтую падзею быў такі ж “антырасейскі” сюжэт”.
Кірыл Коктыш

Коктыш: “Мядзьведзеў прывёў прыклад дачыненьняў паміж Расеяй і ЗША. У часы Дж. Буша дачыненьні паміж кіраўнікамі былі цёплымі, а паміж дзяржавамі — дрэннымі.

У беларуска-расейскіх дачыненьнях — усё наадварот. Непаразуменьні паміж краінамі носяць структурны характар. Бо Беларусь і Расея рэалізуюць процілеглыя стратэгіі адносна транзытнага чыньніка”.

Карбалевіч: “Яшчэ адзін важны момант. Мядзьведзеў акцэнтаваў увагу на расейскіх субсыдыях беларускай эканоміцы. І ўзамен патрабаваў выконваць абавязкі ў рамках АДКБ і Мытнага зьвязу. Можа, гэта таксама важнае пасланьне ня толькі Лукашэнку, але і беларускаму грамадзтву? Маўляў, за субсыдыі трэба расплачвацца”.

Гуляеў: “Гэта адна з падставаў. Мядзьведзеў казаў пра неабходнасьць выконваць абавязаньні”.

Коктыш:
“Быў такі намёк, але не наўпроставы. Вядома, што ў палітыцы аказаная паслуга ўжо нічога ня вартая. Але Расея працягвае субсыдыяваньне Беларусі, таму хвалюецца за тое, каб гэта было не дарма”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG