Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскіх уладаў не хапае грошай на сваю газэту


Сёньня болей чым за сорак гадоў існаваньня ўпершыню ня выйшла старэйшая сталічная газэта “Вечерний Минск”. У Беларускім Доме друку форс-мажор патлумачылі запазычанасьцю заснавальніка выданьня – Менскага гарвыканкаму – перад друкарняй.

Каб сытуацыя не паўтарылася, кіраўніцтву рэдакцыі давялося ў тэрміновым парадку пераарыентоўваць фінансавыя патокі ад рэклямадаўцаў наўпрост у Дом друку. Як паведамілі ў офісе “Вячоркі”, заўтрашняму нумару новыя непрыемнасьці нібыта не пагражаюць:
“Заўтра мы выходзім, гэта ўжо факт”.

Карэспандэнт: “А па больш аддаленай пэрспэктыве штосьці можна сказаць?”

“Ну ня ведаю. Пакуль што наконт нейкіх магчымых зьменаў нам нічога не казалі. Гэта мы проста сёньня не выходзілі”.

Карэспандэнт: “На некаторых сайтах напісана, што нявыхад здарыўся ўпершыню ад 1967 году, ад моманту заснаваньня газэты…”

“Вы ведаеце, мала ці што напішуць у інтэрнэце. У нас на год вызначана пэўная колькасьць нумароў. То бок, пакуль што мы ў наш графік цалкам укладаемся”.

У Менскім гарвыканкаме сытуацыю з “Вечерним Минском” камэнтаваць адмаўляюцца. У падпарадкаваньні выканкаму таксама знаходзіцца газэта “Минский курьер”, якая, адрозна ад “Вячоркі”, праблемаў з фінансаваньнем пакуль ня ведала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG