Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргаў на жытло стане менш, пакрыўджаных – больш


Паводле афіцыйнай статыстыкі, на чарзе для паляпшэньня жыльлёвых умоваў у Беларусі стаіць больш як 701 тысяча чалавек. Пры гэтым летась сваё жытло пабудавалі крыху больш за 30 тысяч грамадзян, якія знаходзіліся ў гэтай чарзе. Яшчэ дзьве з паловай тысячы атрымалі бясплатнае сацыяльнае жытло. Такім чынам, у Менску гэтая чарга расьцягваецца на 20 гадоў. Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які робіць мэханізм пастаноўкі на ўлік грамадзянаў, што маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, больш жорсткім.

Чарга на льготнае жытло, якое будуецца пад больш-менш прымальныя 5—10%, можа скараціцца як мінімум на 20—30%. Па-першае, стаць на чаргу змогуць цяпер сем’і, у якіх менш за 15 квадратных мэтраў на чалавека (раней было 20 мэтраў).

Былы начальнік упраўленьня жыльлёвай палітыкі Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч выказаў такую думку наконт указу:

“Усе разьлічваюць на нейкія льготы на крэдытаваньне. Вось дзяржава і вырашыла зьменшыць тэрміны атрыманьня жытла, каб ня 20 гадоў людзі чакалі, а хаця б 10 гадоў. Гэта з аднаго боку. З другога боку, калі зробяць умовы пастаноўкі на ўлік больш жорсткімі, то многія будуць пакрыўджаныя”.

Ці вераць людзі, якія шмат гадоў стаяць у чарзе на льготны крэдыт, што чарга стане рухацца хутчэй?

42-гадовая спадарыня Ірына адчаялася ўжо атрымаць уласнае жытло:

“Даўно ўжо ва ўсім сьвеце ніхто не жыве ў такіх кватэрах, якія нормы ў нас. Давайце наагул урэжам да 3 квадратаў на кожнага, і атрымаецца, што ў Менску наагул няма тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Жывём з бацькамі, ужо 17 гадоў стаім у чарзе, як нарадзілася маё дзіця. Сьвёкар ужо памёр, сьвякроў сталага веку, даруй Божа, нядоўга ёй засталося, і, як думаю, нам урэшце скажуць, што мы ўжо ня маем патрэбы ў жылплошчы, так і застанемся ў “хрушчоўцы”.

Усяленьне сваякоў у кватэру пазбаўляе на 5 гадоў права пастаноўкі на чаргу.

Указ выключае магчымасьць будаваць жытло на льготных умовах другі раз. Дакладна апісаныя і правілы падзелу чаргі, калі чальцы адной сям’і становяцца ў яе асобна.

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па жыльлёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлю і прыватызацыі Галіна Палянская лічыць, што, з аднаго боку, адсеюцца несумленныя грамадзяне, якія шукаюць прабелы ў заканадаўстве. Але ўказ ня вырашыць самой праблемы крэдытаваньня — не сакрэт, што ў беларускіх банках стаўкі па крэдытах на будаўніцтва жытла даходзяць амаль да 30% гадавых:

“Гэты ўказ сьведчыць, што трэба гэтае пытаньне абмяркоўваць. І ствараць трэба нармальную сыстэму жыльлёвага крэдытаваньня. Толькі для тых, хто мае патрэбу — гэта ж не вырашэньне пытаньня. Любы чалавек павінен думаць, якое ў яго павінна быць жытло, і мець магчымасьць. А зараз у нас магчымасьць пабудаваць жытло мае хто? Толькі тыя, хто мае патрэбу. А ўказ тычыцца ў асноўным тых, хто мае патрэбу”.

25 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў адбудуцца парлямэнцкія слуханьні па жыльлёвым крэдытаваньні з запрашэньнем прадстаўнікоў ураду, банкіраў, супрацоўнікаў выканкамаў, праектантаў, будаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG