Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: За інфармацыю плаціце грошы


Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне па Берасьцейскай вобласьці папярэдзіла баранавіцкую газэту “Intex-press” пра тое, што далей за інфармацыю, якая патрабуе “дадатковай падрыхтоўкі”, давядзецца плаціць грошы.

Рэдакцыя даслала ў статыстычнае ўпраўленьне пісьмовы запыт пра індэксы цэнаў на харчовыя тавары, а таксама пра грашовыя выдаткі ў хатніх гаспадарках па Берасьцейскай вобласьці.

18 лістапада першы намесьнік кіраўніка ўпраўленьня Аляксандр Хадошка паведаміў, што наконт грашовых выдаткаў за студзень-кастрычнік 2009 году зьвестак няма. Але пры гэтым ён папярэдзіў рэдакцыю газэты, што надалей за інфармацыю трэба будзе плаціць грошы.

Юрысконсульт ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” Алена Шостак паведаміла БАЖ, што такая практыка стане перашкодай законнай журналісцкай дзейнасьці. Яна спаслалася на артыкул 36 закону “Аб сродках масавай інфармацыі”, паводле якога чытачам газэты гарантуецца права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі.

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец паведаміў “Свабодзе”, што сытуацыя насамрэч неадназначная.

Андрэй Бастунец
“Згодна з палажэньнем аб парадку прадстаўленьня карыстальнікам статыстычнай справаздачнасьці і інфармацыі Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, зацьверджанага яшчэ ў 2003 годзе, бясплатна інфармацыя даецца прэзыдэнту, адміністрацыі прэзыдэнта, Саўміну і г.д. Сярод іншых ёсьць і дзяржаўныя сродкі інфармацыі. Пра недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі размова не вядзецца наагул.

Самае сьмешнае тое, што гэтая Пастанова прынятая на падставе Закону аб статыстыцы ад 1997 году. Хаця гэты закон страціў сваю сілу. Новы закон быў прыняты ў 2004 годзе пад новай рэдакцыяй у 2008 годзе. Незразумелая таму сёньняшняя сытуацыя. Ня кажучы ўжо пра артыкул Канстытуцыі, якая гарантуе роўныя ўмовы для дзейнасьці прадпрыемстваў, у тым ліку выдавецтваў розных формаў уласнасьці”.
XS
SM
MD
LG