Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за аўторак 24 лістапада. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы працягваюць размову пра становішча, якое склалася ў краіне напярэдадні выбараў, зьвяртаюцца да тэмы эпідэміі грыпу, разважаюць пра лёс пэрыфэрыйных вёсак.

Традыцыйна ў цэнтры вашае ўвагі, шаноўнае спадарства, узаемаадносіны ўладаў і апазыцыі, стасункі Беларусі з Эўразьвязам.

Cпадар: “Чуў слухача Ўладзімера з Мазыра. Апазыцыю ў нас мала хто ведае. Скажыце, паважаны, за ўвесь час, пакуль Аляксандар Рыгоравіч ля стырна, вы, апрача ягонай фізіяноміі, бачылі па тэлевізары хаця б аднаго апазыцыянэра? У нас апазыцыю ўзгадваюць толькі тады, калі ў чарговы раз хочуць яе апляваць з ног да галавы. Аляксандар Рыгоравіч прыбраў да рук абсалютна ўсё: радыё, тэлебачаньне, друк і г.д. Дзяржаўнай маёмасьцю ён распараджаецца, як сваёй уласнай. За гэта, дарэчы, ёсьць артыкул, які, па-мойму, ніхто не скасоўваў”.

Cпадар: “Якое месца нацыянальнай беларускай культуры ў супольнасьці эўрапейскіх культур, калі нас проста не ацэньваюць, калі ня цэняцца здабыткі нашай нацыянальнай культуры і тыя дасягненьні, якія зрабіла беларуская нацыя, даўшы той самай Эўропе першую канстытуцыю дэмакратычную? Вось пра што трэба думаць нашым мудрым палітыкам”.

Пэўным чынам працягвае апошні званок пытаньне чарговага нашага слухача.

Cпадар: “Чаму ў сьвеце аднаму кіраўніку дазваляецца брыдкасловіць? Я пра нашага гаварыць ня буду, бо гэта або выхаваньне, або ўжо дыягназ. Чаму некаторыя кіраўнікі абражаюць іншых выказваньнямі, як “мазурык” — сустрэча бяз гальштукаў, сабе гэтыя гальштукі зьядуць, а ў сябе бярвеньня ў воку так і ня бачаць. Адкажыце, што ж такое дыпляматыя, калі ласка?”

Адрасуем тэлефанаваньне грамадзкаму рэдактару тыдня — выдаўцу Анатолю Тарасу.

Анатоль Тарас
“На маю думку, стасункі паміж кіраўнікамі дзяржаваў павінны нагадваць узаемаадносіны добрай сямейнай пары: што б там ні адбывалася насамрэч, на людзях заўсёды муж з жонкай дэманструюць цёплыя пачуцьці, станоўчыя эмоцыі, узаемазадаволенасьць. І гэта — добра. Тое самае павінна быць у нармальнай дыпляматыі”.

А зараз — колькі тэлефанаваньняў пра эпідэмію грыпу, здароўе.

Cпадарыня: “Гэта Тацьцяна Барэль з Асіповічаў. Учора ў нас пахавалі 37-гадовую жанчыну, яна памерла ад пнэўманіі”.

Cпадар: “Пайшла ў аптэку, у адну зайшла — расейскія лекі, у іншую — расейскія і беларускія, у трэцюю — тое самае. “Чаму вы не бераце з Захаду, а з Расеі?” — “Гэта ня мы, гэта Лукашэнка бярэ з Расеі лекі і звоніць нам, каб мы атрымлівалі. Вось як атрымліваецца, пішыце яму”.

Спадар Андрэй зь Пінску прапануе засяродзіцца на праблемах глыбінкі.

“Сельскія працаўнікі засталіся самымі нізкааплатнымі ў грамадзтве. Дык мне падаецца, соткі, адабраныя ў сельскіх саветаў, трацяцца на тое, каб сталіцу забудаваць, упрыгожыць, бо там бываюць замежныя госьці, турысты. І яны, канечне, хваляць прэзыдэнта за тое, як ён добра робіць для мінчан і свайго народа, але ж сельскім жыхарам ад гэтага ня лепей”.

І на заканчэньне — яшчэ адно тэлефанаваньне з правінцыі.

Cпадар Кулеш: “Людзі розуму ўсіх краінаў, аб’ядноўвайцеся! Прапаную правесьці зьезд разумных людзей у вёсцы Сіняўка Клецкага раёну Менскай вобласьці. Сіняўку заклала разумная княгіня Княства Літоўскага Бона Сфорца, так што, па-мойму, Сіняўка заслугоўвае быць месцам зьезду разумных людзей”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG