Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпрэзы, прысьвечаныя Уладзімеру Караткевічу, пройдуць у аршанскіх школах і ў мэмарыяльным музэі пісьменьніка. Яны прымеркаваныя да сёлетніх 79-х угодкаў славутага земляка, які нарадзіўся ў Воршы 26-га лістапада 1930 году.

Традыцыя адзначаць угодкі Ўладзімера Караткевіча існуе ў Воршы ўжо даўно.

Арганізацыяй імпрэзаў займаецца музэйны комплекс “Гісторыя і культура Аршаншчыны” і музэй Уладзімера Караткевіча. Яны заплянавалі правядзеньне літаратурна-музычных гасьцёўняў, музэйных урокаў для школьнікаў. Да помніка пісьменьніку ўскладуць кветкі — як звычайна, з удзелам прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў.

Пра сёлетнюю праграму сьвяткаваньня, якая пачалася сёньня ў аршанскіх школах — паэтычнымі чытаньнямі ды экскурсіямі па караткевіцкіх мясьцінах, распавядае Галіна Юркевіч, дырэктарка музэю Ўладзімера Караткевіча:

Галіна Юркевіч
“Тыдзень уключае ў сябе цэлы комплекс мерапрыемстваў, галоўная мэта якіх — гэта ўшанаваньне памяці й папулярызацыя творчай спадчыны славутага земляка. Кульмінацыяй будзе дзень 26-га лістапада — Дзень народзінаў пісьменьніка. Ужо 17-ты год запар каля помніка Ўладзімеру Караткевічу на традыцыйныя літаратурныя чытаньні “І не зьнікаць паэтам вечна” зьбяруцца аршанскія літаратары, вучні сярэдніх школ, прыхільнікі творчасьці Караткевіча — неабыякавыя да беларускай мовы і культуры людзі. Сёлета ў літаратурных чытаньнях возьмуць удзел таксама вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк і бард Эдуард Акулін”.

Аднак сьвяткаваньні ўгодкаў славутага земляка ніколі не абмяжоўваюцца афіцыйна зацьверджаным плянам. Музэй Караткевіча гатовы вітаць ініцыятывы ўсіх прыхільнікаў творчасьці пісьменьніка. Сёлета ўжо пяты раз выказала жаданьне зладзіць сваю імпрэзу група студэнцкай моладзі з Полацку, Віцебску і Менску. Імпрэза мае назву “Плынь разьняволеных пачуцьцяў”. Гэта, па сутнасьці, імправізаваны канцэрт для наведнікаў музэю. 29-га лістапада тут ізноў будуць гучаць вершы Караткевіча і сьпевы пад гітару ў выкананьні самадзейных артыстаў.

Таксама 29-га лістапада мае адбыцца яшчэ адна важная для музэю падзея: зараз у тамтэйшай выставачнай залі экспануецца выстава твораў талачынскага скульптара Юрыя Палякова. Гэта аўтар мэмарыяльнай дошкі і гарэльефа з выявай Уладзімера Караткевіча на вуліцы, якая цяпер носіць ягонае імя.

Напрыканцы караткевіцкага тыдня скульптар вырашыў падараваць музэю свой твор — невялікую драўляную выяву пісьменьніка, кажа дырэктарка Галіна Юркевіч:

“Яна невялічкая, драўляная. Сядзіць на пяньку Ўладзімер Караткевіч — у сваім знакамітым бэрэце, глядзіць некуды ўдалячынь. Задумлівы, спакойны, а каля нагі трэцца кацяня”.

Зараз скульптура экспануецца на выставе, а потым пяройдзе ў музэйныя фонды і стане элемэнтам сталай экспазыцыі, прысьвечанай Уладзімеру Караткевічу.
XS
SM
MD
LG