Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, плошча Свабоды, 23У гэтым будынку з 1991 да 2005 году месьціўся Свабодны прафсаюз Беларускі, які ачольваў барацьбу працоўных за свае правы, за што быў разгромлены ўладамі. Таксама тут з 1997 году працавала рэдакцыя газэты “Рабочы”. У 2002 годзе рэжым яе зачыніў, а рэдактар Віктар Івашкевіч быў зьняволены.

Свабодны прафсаюз Беларускі быў утвораны на хвалі страйкаў 1991 году і ўжо ў 1995 годзе аб’ядноўваў 10 тысяч чалавек. Улады адчулі небясьпеку, пачалі наступ.

Тады беларуская палітычная апазыцыя ўтварае Камітэт абароны працоўных, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі БНФ, АГП, беспартыйныя. Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў паціснуў працягнутую руку палітыкаў.

З 1997 году яны сумесна выдаюць газэту “Рабочы”. Газэта, рэдакцыя якой месьцілася ў тым жа будынку, дзе і прафсаюзы, і якую ачольваў сябра БНФ Віктар Івашкевіч, дапамагала рабочым абараняць свае правы. Так, увосень 1998 году рэдакцыя і свабодныя прафсаюзы сталі ініцыятарамі буйнога мітынгу на трактарным заводзе, у якім узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Улады ўзмацнілі вайну супраць новай маладой сілы свабоды. Першы жорсткі ўдар быў нанесены па газэце “Рабочы”. У 2002 годзе ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў ёй быў надрукаваны артыкул “Злачынца павінен сядзець у вязьніцы”, за які Віктар Івашкевіч быў асуджаны на адзін год за паклёп на прэзыдэнта. Гаворыць былы рэдактар і палітвязень:

“Мы проста зрабілі кампіляцыю з тых матэрыялаў, што друкаваліся ў расейскай, польскай прэсе, у інтэрнэце. Зыходзячы з закону аб СМІ, дзе сказана, што перадрук зь іншых выданьняў ня цягне адказнасьці за зьвесткі, зьмешчаныя ў гэтых матэрыялах, мы і перадрукавалі іх з пазначэньнем крыніцаў. Там было пра вядомыя справы — пра продаж самалётаў дыктатару з Пэру, пра фонд Эсамбаева, які вызваляўся ад мытных збораў, таксама зьвесткі пра гандаль зброяй і гарэлкай. У матэрыяле былі названыя абсалютна канкрэтныя прозьвішчы, фірмы. Але суд палічыў гэта паклёпам на прэзыдэнта”.

Нумар ня трапіў да чытачоў, увесь наклад канфіскавалі, а газэту зачынілі.

Затым настала чарга Свабодных прафсаюзаў. Спачатку іх выселілі з дому на плошчы Свабоды, а пасьля і з другога офісу — на вуліцы Захарава, 24. Пачаўся адміністратыўны адстрэл прафсаюзных актывістаў, — тлумачыць іх былы лідэр Генадзь Быкаў:

“Пачалі звальняць з заводаў лепшых работнікаў, якія былі ў нас. І асабліва калі ўвялі кантракты. Зьверху заводзкай адміністрацыі даецца каманда дзейнічаць у любы спосаб, каб не было ніякіх свабодных прафсаюзаў. Чалавек ставіцца перад выбарам: ці праца, дабрабыт сям’і, ці прафсаюз. І калі ён, прыкладам, вузкі спэцыяліст, то выбар невялікі. Засталіся самыя стойкія”.

Ужо нешматлікія, а таму і малаўплывовыя ў рабочым руху.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG