Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старыкевіч: “Каб паслухаць дзяжурныя рэчы, ня варта было запрашаць у Маскву”


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Як ў беларускім журналісцкім асяродку ўспрынялі беспрэцэдэнтны дэсант у Крэмль прадстаўнікоў у тым ліку незалежных выданьняў? Вось што на гэты конт гаворыць галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

“Фармальна гэтая падзея аказалася больш цікавая, чым зьмястоўная. Канечне, тое, што кіраўнік суседняй дзяржавы запрашае журналістаў на адмысловую прэс-канфэрэнцыю, — гэта падзея. Аднак з таго, што было сказана Мядзьведзевым, мала што вынікае. І ў тым ліку сэнс гэтага мерапрыемства застаецца ня надта зразумелым. Так, паказалі дулю Лукашэнку, бо, натуральна, яму ня вельмі спадабаецца наўпроставая размова расейскага прэзыдэнта зь беларускімі СМІ, у тым ліку і незалежнымі.

Яшчэ можна адзначыць, што Мядзьведзеў зусім не двухсэнсоўна даў зразумець: ніякіх канфліктаў паміж ім і Лукашэнкам не існуе і спрабаваць убіць клін бессэнсоўна. Але, з майго гледзішча, неяк драбнавата для такой імпрэзы. І чаго ў прынцыпе хацеў дасягнуць Крэмль, склікаючы гэтую прэс-канфэрэнцыю, пакуль што ёсьць загадкай”.

Карэспандэнт: “Мядзьведзеў сказаў, што такія сустрэчы могуць быць рэгулярнымі і нават наконт магчымых кантактаў з апазыцыйнымі беларускімі палітыкамі выказаўся загадкава: “А чаму б і не?”

“Яно так. Але, уласна кажучы, Мядзьведзеў спаслаўся на лукашэнкаўскі досьвед. Аляксандар Рыгоравіч, як вядома, ужо даўно штогод ладзіць буйное прапагандысцкае шоў для расейскіх СМІ. Аднак я ўсё ж чакаў чагосьці больш зьмястоўнага, калі хочаце, больш цікавага ад прэзыдэнта Расеі, нейкіх ягоных заяваў на гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Але атрымалася ўсё досыць дзяжурна, і каб агучыць усе гэтыя рэчы, на маю думку, не абавязкова было запрашаць беларускіх журналістаў у Маскву. Чаго тут шукаў Крэмль, акрамя таго, каб пагуляць на нэрвах Аляксандра Лукашэнкі, асабіста мне ня надта зразумела”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG