Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не стварайце ў Беларусі дынастыю пажыцьцёвых манархаў”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 23 лістапада. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на распад Аб’яднаных дэмакратычных cілаў і абраньне прэзыдэнта Эўразьвязу, рэагуюць на перадачы Радыё Свабода, выказваюць сваё стаўленьне да алькагалізацыі насельніцтва краіны.

За выходныя слухачы найперш адгукаюцца на інфармацыю пра нібыта распад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і выбары прэзыдэнта Эўразьвязу.

Спадарыня: “Самым страшным вірусам для Беларусі зьяўляецца сам Лукашэнка. Была вакцына супраць яго, хоць і слабаватая, але Мілінкевіч зьнішчыў гэтую вакцыну — Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Дэмакратычных сілаў няма, спадзявацца абсалютна няма на што. Няма вакцыны супраць галоўнага беларускага вірусу — Лукашэнкі”.

Спадарыня Валянціна з Бабруйску зьвяртаецца да кіраўнікоў апазыцыі з такім заклікам:

Спадарыня: “Знайдзіце ў сабе мужнасьць, розум і шчыра выберыце самага-самага добрага кандыдата на пост прэзыдэнта. Вось тады палітычна непісьменныя беларусы змогуць зрабіць слушны выбар, нават калі да сродкаў масавай інфармацыі доступу не дадуць улады”.

А Ўладзімер з Полацку згадвае падзеі ў Брусэлі:

Спадар: “Як бы наш правадыр ні імкнуўся абхаяць Эўразьвяз, Аляксандру Рыгоравічу да іх далёка-далёка! Вось у Эўразьвязе зьявілася пасада прэзыдэнта. Канечне, не з такімі царскімі паўнамоцтвамі, як у нашага правадыра, і выбіраюць яго ўсяго толькі на 2,5 года. І да таго ж адзін чалавек ня можа быць прэзыдэнтам болей за 2 разы. Каб не заседжваліся. Вось дзе нашаму правадыру трэба павучыцца сапраўднай дэмакратыі. А не ствараць тут у нас у Беларусі дынастыю пажыцьцёвых манархаў”.

Гэтыя тры званкі камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — выдавец Анатоль Тарас.

Анатоль Тарас
“Параўнаньне менскіх і брусэльскіх падзеяў — яшчэ адно папярэджаньне: нам пакуль рана ісьці ў Эўропу. Бо яна знаходзіцца на іншай ступені грамадзкага разьвіцьця. А ў нас яшчэ няма агульнага імкненьня аб’ядноўвацца. Мы ўсё яшчэ сядзім кожны ў сваім балоце альбо калгасе, у сваёй краме ці ўстанове… І лічым: іншыя — гэта не сябры, а ворагі, у лепшым выпадку — канкурэнты. І таму — ну якое можа быць зараз аб’яднаньне?”

Хапае гэтым разам і званкоў — водгукаў на перадачы Радыё Свабода. Так, мянчанка Тамара Гулезава рэагуе на перадачу, у якой даводзілася, што сталіца не такая ўжо і ўладкаваная, як тое падаецца ўладамі

Спадарыня: “Закрыты цэнтральны ўваход у паліклініку № 27. Хворыя з тэмпэратурай, на мыліцах, з малымі дзецьмі на руках абыходзяць гэтую гаргару ўжо другі год запар. Я атрымліваю вельмі арыгінальны адказ ад галоўурача: “Вашую заўвагу наконт зацягнутых раскопаў лічым неабгрунтаванай”. Добра, калі там знойдуць залатую жылу! Гэта безуладзьдзе!”

Водгук на перадачу са згадкай пра лёс некалькіх мільёнаў калекаў Вялікай Айчыннай:

Спадар: “Ваш аўтар гаварыў, што іх павезьлі быццам у нейкія інтэрнаты. Чаму за доўгі час ніводзін зь іх не вярнуўся і ніхто іх болей ня бачыў? А вось што піша Ігар Буніч: “Звеня многочисленными орденами и медалями, они собирались в крупных городах вокруг рынков, вокзалов, прося подаяния, и это были главным образом молодые парни, возрастом до 30 лет. Буквально в один день все они исчезли. По всем городам были произведены координированные облавы”. Мяркуючы па ўсім, іх проста зьнішчылі, як я разумею”.

І напрыканцы — эмацыйныя радкі пра п’янства ў краіне.

Ціна Сакаловіч:
“Пусть говорят про дозы и про нормы,
Во все века как пили, так и пьют,
Качают нас, качают нас бутылочные штормы,
И к берегам причалить не дают.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG