Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскія парлямэнтары пра візы для беларусаў

  • Тацяна Поклад

Сёньня працягваецца сустрэча у Кіеве міністраў замежных спраў Літвы, Беларусі і Ўкраіны, у часе якой абмяркоўваецца трохбаковае супрацоўніцтва і ўдзел Украіны і Беларусі у праграме “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу. Беларусь, Украіна і Літва будуць першымі краінамі, якія 8 сьнежня прадставяць Эўракамісіі трохбаковы праект праграмы “Ўсходняга партнэрства”.

Міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас зноў выказаўся за як мага хутчэйшае ўвядзеньне льготаў у выдачы візаў для грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны.

Юсьцінас Каросас
Старшыня парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», віцэ-старшыня камітэту замежных спраў Сойму Літвы Юсьцінас Каросас сказаў сёньня Радыё Свабода, што далейшыя крокі у супрацоўніцтве краін-суседзяў паспрыяць вырашэньню праблемы зь візавым рэжымам:

«Пытаньне візавага рэжыму зь Беларусьсю – праблема, зьвязаная з прыналежнасьцю Літвы да Шэнгенскай зоны, і ўсе зьмены павінны быць ухваленыя практычна ўсімі краінамі Шэнгену і Эўракамісіяй, таму, сапраўды, праблема існуе. Мы ўжо дамовіліся аб першым этапе – ільготах для памежных жыхароў. Гэта будзе першы крок, калі з дазволам на некалькі гадоў людзі змогуць перасякаць мяжу. Другі момант – будзе зьменшаны кошт на візы. Дамоўленасьць ёсьць і зь Беларусьсю, а мы выступалі зусім за бязьвізавы рэжым, але ў часе візыту Лукашэнкі, калі чакалася падпісаньне дамоўленасьці аб візах, з-за не зусім зразумелых прычын дамова не была падпісаная. Але мы спадзяемся, што да канца году гэтае пагадненьне паміж дзьвюма краінамі будзе падпісанае. Было б добра, каб людзі маглі зусім бязь візаў езьдзіць, але, на жаль, на дадзеным этапе, пакуль гэта цяжка уявіць рэальна».

Аўдронюс Ажубаліс
Кіраўнік камітэту замежных спраў Сойму Літвы Аудронюс Ажубаліс лічыць, што прагрэс у накірунку трохбаковага супрацоўніцтва Літвы, Беларусі і Украіны ў праграме “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу можа паспрыяць хутчэйшаму вырашэньню праблемы спрашчэньня візавага рэжыму паміж Літвой і Беларусьсю. Парлямэнтар заявіў, што скептычна глядзіць на вырашэньне візавага пытаньня толькі для памежных жыхароў — палёгку атрымаць павінны усе.

Парлямэнтар сказаў Радыё Свабода:

«Адносна аблягчэньня візавага рэжыму ўдзельнікам запісана ў самым тэксьце Праграмы “Ўсходняга партнэрства”. З-за беларускага боку не было падпісанае пагадненьне аб аблягчэньні візавага рэжыму для памежных жыхароў, але я скептычна гляджу на гэтую дамову. Таму што значэньне павінна быць нададзенае для візавых палёгак усім жыхарам абедзьвюх краін. А тут адзін ці два кілямэтры у які-небудзь бок ад мяжы — гэта не вырашае усёй праблемы, так што я гляджу на гэта вельмі асьцярожна».
XS
SM
MD
LG