Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Дубноў: “Лукашэнка актыўна працягвае сваё ўваходжаньне ў ГУАМ”


Заявы міністраў замежных справаў Украіны, Беларусі і Літвы і прэзыдэнта Ўкраіны мы папрасілі пракамэнтаваць аглядальніка расейскай службы нашага радыё Вадзіма Дубнова.

Гэтую падзею трэба разглядаць для кожнага ўдзельніка канкрэтна. Для Ўкраіны гэта дэманстратыўны працяг "сьвята непаслушэнства", гэта лінія Юшчанкі, лінія на дэманстратыўнае і дэкляратыўнае дыстанцыяваньне ад Расеі і падкрэсьліваньне сваёй хуткай прыналежнасьці да Эўропы. Для Ўкраіны гэта ня варта разглядаць як сыстэмную зьяву, паколькі выбары не за гарамі, Юшчанка наўрад ці застанецца прэзыдэнтам, а той, хто будзе пасьля яго, будзе працягваць прыкладна тую самую лінію паводле зьместу, але па форме гэта будзе куды менш дэманстратыўным.

Што тычыцца Беларусі, то Лукашэнка актыўна працягвае сваё ўваходжаньне ў ГУАМ. Тое, што мы назіраем – гэта новая рэдакцыя ГУАМу, толькі гэта ГУАМ, які ініцыяваны і прызнаны Эўропай. І Лукашэнка ўрываецца ў яго, ён актыўна працуе з Украінай, з Грузіяй, з Азэрбайджанам, з рознай ступеньню пасьпяховасьці, аднак гэтая праца ідзе.

Што да Літвы, то яе выбар таксама можна патлумачыць. Больш звыкла бачыць у гэтай ролі Польшчу, але Эўразьвяз спрабуе пашырыць кола "наглядчыкаў" за “Ўсходнім партнэрствам”. У гэтае кола магла б увайсьці і Латвія, якая вельмі зацікаўленая ў нармальных стасунках з Беларусьсю. Але Латвіі цяпер не да таго, а Літва заўсёды выказвала гатовасьць быць калі не лякаматывам, то правадніком гэтага рэгіёну ў Эўропу.

Што да тандэма Беларусі і Ўкраіны, то гэта зьява па форме хуткацечная. Хутчэй за ўсё ні прэзыдэнт Цімашэнка, ні прэзыдэнт Януковіч так паводзіць сябе ня будуць, але Лукашэнка цяпер спрабуе зафіксаваць нейкую кропку свайго новага пазыцыянаваньня, і ў гэтым яму вельмі дапамагае праграма "Ўсходняга партнэрства".

ГУАМ - рэгіянальная арганізацыя, створаная ў кастрычніку 1997 годзе Грузіяй, Украінай, Азербайджанам і Малдовай (з 1999 па 2005 ў арганізацыю таксама ўваходзіў Узбекістан). Назва арганізацыі склалася зь першых літар назваў краінаў, якія ўваходзяць у яе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG