Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тры тысячы подпісаў у абарону Севастопальскага парка


Высяканьне дрэваў у Севастопальскім парку ў Менску, 13 красавіка 2009

Высяканьне дрэваў у Севастопальскім парку ў Менску, 13 красавіка 2009

Жыхары мікрараёну “Ўсход-2” сабралі каля 3 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва аб'ектаў і зьнішчэньня артэзіянскіх сьвідравінаў у Севастопальскім парку ў Менску.

Тут зьбіраюцца пабудаваць рэстарацыю, кавярню, саўну, фітнес-цэнтар, паркоўку. Для гэтага давядзецца высекчы болей за тысячу дрэваў і зьнішчыць артэзіянскія сьвідравіны, вадой зь якіх забясьпечваецца мікрараён.

Парк, паводле генэральнага пляну разьвіцьця Менска, адносіцца да ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны і водаахоўнай зоны Сьляпянскай воднай сыстэмы. Тут разьмешчаны восем сьвідравінаў водазабору “Зеляноўка”, піша БелаПАН.

Адна з жыхарак мікрараёну Валянціна Шалейнікава кажа, што ў яе ёсьць копія ліста галоўнай санітарнай лекаркі Беларусі Валянціны Качан, дзе тая піша, што праца сямі сьвідравінаў з васьмі прыпыненая.

Пры гэтым, паводле Шалейнікавай, раней кіраўніцтва прадпрыемства “Мінскводаканал” пісьмова запэўніла жыхароў, што сьвідравіны знаходзяцца ў тэхнічна спраўным стане і якасьць пітной вады за апошнія пяць гадоў не зьмянілася.

“Парушаюцца ўсе палажэньні міжнародных праектаў і канвэнцыяў. Неправамерна выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі: зносяцца сьвідравіны ў парку, а новыя плянуецца будаваць за 60 км ад Менску”, — абураецца Шалейнікава.

Жыхары раёну зьбіраюцца зьвярнуцца да кіраўніка прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску Жана-Эрыка Гольцапфэля, бо лічаць, што беларускія ўлады парушаюць дамоўленасьці пра супрацоўніцтва з ЭЗ у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG