Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатолю Тарасу 65 гадоў, нарадзіўся на Гомельшчыне, у сям'і кадравага афіцэра савецкай вайсковай выведкі. Служыў у асобным выведна-дывэрсійным батальёне, удзельнічаў у апэрацыях ГРУ ў розных рэгіёнах сьвету. Мае некалькі ўрадавых узнагарод. У 1972-м скончыў філязофскае аддзяленьне БДУ; у 1979 – Акадэмію пэдагагічных навук у Маскве. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю, прысьвечаную злачыннасьці падлеткаў і моладзі. Мае чорны пояс па дзю-дзюцу і віет-ва-дао. Апошнія 18 гадоў займаецца выдавецкай дзейнасьцю. Заснавальнік сэрыі «Невядомая гісторыя».

"А"

1) Што для вас свабода?


Па-першае, здароўе, таму што ў хворага чалавека няма выбару і таму – свабоды. Ён можа добраахвотна сысьці з жыцьця, каб пазбавіцца ад пакут, але гэта не па-хрысьціянску. Па-другое, адсутнасьць дурных абмежаваньняў у розных галінах грамадзкага жыцьця і эканомікі. Па-трэцяе, грошы, каб мець магчымасьць займацца тым, што падабаецца, а ня проста зарабляць на хлеб. Я пакуль яшчэ здаровы, а вось другога і трэцяга няма і ў мяне, і ў 90 % насельніцтва.

2) Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Патрэба ў грошах. З-за гэтага іншым часам раблю тое, чаго рабіць не хачу. А грошай няма таму, што няма магчымасьці мець свой “бізнэс”, бо нашыя ўлады дзень і ноч мараць аб тым, якія яшчэ зрабіць людзям перашкоды на шляху да багацьця.

3) Што для вас шчасьце?


Першым чынам, дабрабыт маіх дзетак і іншых блізкіх да мяне людзей. Потым – дасягненьне пастаўленых мэт у сваёй творчасьці. Зь першым справа кепская, з другім – лепш.

4) Чаго вы найбольш баіцеся?


Стаць бездапаможным, быць прыкаваным да ложка з-за хваробы.

5) Які талент вы хацелі бы мець?


Я заўсёды хацеў умець сьпяваць. Але Бог ня даў мне ні музычнага слыху, ні добрага голасу.

6) Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Каб моцна – нікім. Але мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць дамагацца сваіх мэт нягледзячы на “акалічнасьці”. Ведаю шмат такіх у розных сфэрах дзейнасьці. Яны выклікаюць у мяне павагу.

7) Што вы найбольш любіце рабіць?


Адказ відавочны. Мне падабаецца ствараць тэксты на розныя тэмы.

8) Калі бы можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Раней перастаў бы марнаваць час на жанчын і раней пачаў бы пісаць кнігі.

9) Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Я даўно знайшоў яе ў Бібліі: "Мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам". Усе мае памылкі ў жыцьці былі зьвязаныя з тым, што хоць я ведаў гэтае навучаньне з маладосьці, доўгі час не разумеў яго праўдзівага сэнсу і не ўжываў да сабе.

10) Які ваш улюбёны дэвіз?


Заўтра паміраць, а сёньня жыта сей.


“В”

1) У якой палітычнай сыстэме вы хацелі бы жыць?


Ідэальнай сыстэмы няма нідзе. Але з тых, што існуюць у сьвеце, самая лепшая – лібэральная буржуазная дэмакратыя. Напрыклад такая, як у Англіі.

2) У якой краіне вы хацелі бы жыць?


Там, дзе і жыву – у Беларусі.

3) У якую эпоху вы хацелі бы жыць?

У другой палове XIX стагодзьдзя.

4) Калі бы вы сталі кіраўніком Беларусі, што бы зрабілі найперш?


Я б прапанаваў суайчыньнікам праводзіць у жыцьцё вельмі простыя лёзунгі: 1) Давайце станем багатымі! 2) Давайце станем здаровымі! 3) Давайце станем культурнымі!

І ўсю сваю дзейнасьць будаваў бы ў адпаведнасьці зь імі, менавіта ў такім парадку. Бо лічыць усіх людзей, акрамя сябе, несумленнымі, дурнымі і ворагамі сваёй Айчыны – гэта хвароба.

5) Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Сяброўскія, але ў Эўразьвяз не ўступаць. Там занадта шмат такога, што задушыць нашу слабую нацыянальную культуру. Таксама імгненна зруйнуе той комплекс дурасьцяў, якія мы лічым эканомікай, але нічога ня дасьць наўзамен. У выніку ўсе беларусы, акрамя пэнсіянэраў, зьедуць у іншыя краіны, каб зарабляць сабе на жыцьцё. Перш чым уступаць у Эўразьвяз, нам трэба стварыць нармальную эканоміку замест таго «інваліда», які ёсьць цяпер.

6) Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Толькі гандлёва-эканамічныя, і толькі ўзаемна выгодныя. Больш ніякіх.

7) Некаторыя думаюць так: "Хай дыктатура, абы свая". А Вы?


Дыктатура нідзе і ніколі ня скончылася нічым добрым. Згадайце Кастра на Кубе, Піначэта ў Чылі, Чаўшэску ў Румыніі, Мілошавіча ў Сэрбіі. Шмат каго можна ўспомніць. І ў нас яна нічым добрым ня скончыцца. Ні для тых, хто наверсе, ні для тых, хто ўнізе.

8) Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Тады, калі самай актыўнай частцы грамадзтва (гэта 5 % насельніцтва) стане немагчыма жыць далей так, як мы жывем цяпер. Калі яны пачнуць задыхацца ў душнай атмасфэры. Думаю, гэты працэс стане відавочным праз два-тры гады.

9) Калі беларусы загавораць па-беларуску?

На мове Купалы і Коласа, Гарэцкага і Бядулі, Дубоўкі і Ўлашчыка – ніколі. Сучасная беларуская мова – «трасянка», хоць яна нікому не падабаецца.

10) Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Трагедыі ня здарыцца. Этнічная ідэнтычнасьць (адчуваньне сябе беларусам або ўкраінцам, летувісам або расейцам) вызначаецца ня мовай, не тэрыторыяй сумеснага існаваньня, не адзінай рэлігіяй, а самасьвядомасьцю. Кім людзі самі сябе лічаць, тыя яны і ёсьць.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG