Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 8а
У гэтым доме ад 21 ліпеня 1995 году па 31 жніўня 1996 году месьцілася рэдакцыя першай недзяржаўнай бесцэнзурнай беларускамоўнай радыёстанцыі “Радыё 101,2”.

Радыё 101, 2 было самым свабодным і самым экспэрымэнтальным у гісторыі айчыннага радыёвяшчаньня. Яго стварылі Жана Літвіна і журналісты зачыненай раней уладамі дзяржаўнай радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”.

У наўпроставым эфіры мелі магчымасьць выказваць свае меркаваньні прадстаўнікі і апазыцыі, і ўлады, і людзі навукі, мастацтва, і проста шараговыя слухачы. Незалежнасьць краіны і дэмакратычныя свабоды былі прыярытэтнымі каштоўнасьцямі для калектыву. Ён першым у краіне прадэманстраваў, што такое абмен інфармацыяй з замежнымі калегамі. На радыё 101,2 гучалі перадачы Бі-Бі-Сі, Польскага радыё, Дойчэ Вэле.

Радыё працавала ў інфармацыйна-музычным фармаце. Свабодная думка, нецэнзураваныя навіны, гістарычная ўсьмешка, неабыякавасьць інтанацыяў радыёвядучых імгненна зрабілі станцыю папулярнай у сталіцы і яе ваколіцах. Культывавалася якасная ўсясьветная і беларуская музыка. Прынцыпова не гучала расейская папса. Адзін зь вядучых радыё Генадзь Кесьнер падкрэсьлівае, што нават падводкі да песень былі радыёжурналістыкай:

“Гэта была альтэрнатыва. Прычым мы, адрозна ад іншых FM-станцыяў, спрабавалі даносіць інфармацыю пра падзеі ў краіне ня толькі ў навінах, якія самі рабілі, але і ў гумарыстычных прагнозах надвор’я, і ў падводках да асобных кампазыцыяў. То бок гэта была цікавая ня толькі музычная, але і размоўна-інфармацыйная FM-cтанцыя, прычым цалкам беларускамоўная. І самае файнае, што там была магчымасьць імправізаваць”.

Тым часам набліжаўся рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году, які незаконна зьменіць Канстытуцыю і надасьць прэзыдэнту дыктатарскія паўнамоцтвы. Такая папулярная крыніца незалежнай інфармацыі, як Радыё 101,2, замінала плянам прэзыдэнцкай каманды.

Кіраўніца радыёстанцыі Жана Літвіна ўзгадвае наўпроставы эфір з старшынёй Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёнам Шарэцкім:

”Калі прагучала ў эфіры пытаньне, ці маеце вы магчымасьць мець аўдыторыю большую, чым аўдыторыя Радыё 101,2, і ці можаце вы на Беларускай тэлевізіі ці на дзяржаўным радыё гэтак жа свабодна распавядаць пра сучасную палітычную і эканамічную сытуацыю, Сямён Шарэцкі адказаў, што ў яго іншай магчымасьці няма. Калі прагучаў гэты адказ, шчыра кажучы, у мяне абарвалася сэрца. Стала зразумелым, што за радыёстанцыяй ужо сочаць, што гэты факт незаўважаным не застанецца. Так і сталася. Ужо празь месяц надышоў той сумны дзень, 30 жніўня, калі калектыў рэдакцыі атрымаў службовы факс, у якім сьцьвярджалася, што перадатчык Радыё 101,2 робіць нейкія некаму тэхнічныя перашкоды, і калектыву паведамлялася, што 31 жніўня стане апошнім днём яго вяшчаньня”.

Радыё праіснавала ўсяго толькі год і сорак дзён.

31 жніўня вядучыя Вольга Бабак і Ірына Курапаткіна ў наўпроставым эфіры паведамілі, што празь некалькі хвілінаў яны спыняць вяшчаньне, і папрасілі кіроўцаў аўтамабіляў пасыгналіць на разьвітаньне. Менск напоўніўся сыгналамі клаксонаў.

Калектыў Радыё 101,2 пратэстуе супраць закрыцьця станцыі ў цэнтры Менску. На пярэднім пляне — Ірына Курапаткіна.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG