Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постскрыптум да дзяцічага Эўрабачаньня-2009.


Я ўвогуле з насьцярогай стаўлюся да ўсяго, зьвязанага з дзецьмі ў шоў-бізнэсе, бо часам гэта выглядае сьмешна і недарэчна, як колісь перадача БТ “Дзеці Беларусі сьпяваюць з аркестрам М.Фінберга”, якую я ахрысьціў “Дзеці Беларусі зьдзекваюцца з аркестра М.Фінберга”.

Так, часам выглядае сьмешна, а часам і страшнаваценька, бо калі бачыш на экране тэлевізара адну з пераможцаў дзіцячага Эўрабачаньня, якая, крыўляючыся, вядзе нейкую чарговую лаховую праграму, то задаеш сабе пытаньне, а нават два: “Ці ёсьць у яе бацькі, а калі яны ёсьць, то што яны думаюць? І што з ёй, гэтай беднай дзяўчынкай, будзе далей, які лёс яе чакае?”

Дзеці маюць права перадусім на дзяцінства, на ружовае, бесклапотнае, смаркатае, з пламбірам у адной руцэ і пачкаю кукурузных палачак у другой.


Але калі яны выходзяць на сцэну, няважна якую, малую ці вялікую, трымаючы замест пламбіра і палачак у руцэ мікрафон, то не трэба ставіць на іх, як на коней на іпадроме, не трэба падымаць вэрхал у мас-медыях, што наш – ужо напэўна лепшы, а ўсе астатнія – так сабе, быццам прэстыж краіны залежыць менавіта ад месца, якое гэтае няшчаснае замучанае стварэньне, хлопчык ці дзяўчынка, на конкурсе высьпеваюць.

Дзеці маюць права на дзяцінства, бесклапотнае і смаркатае.



Дык што ж гэта за такая краіна такая, прэстыж якой мусіць абараніць малое, слабое дзіця?

Сваёй дарослай, нездаровай, у некаторых месцах пэдафільскай цікаўнасьцю вялікія, абцяжараныя ўсімі сьмяротнымі грахамі дзядзькі і цётухны апашляюць гэты ў прынцыпе мілы і бяскрыўдны конкурсік.

Ах, як бы хацелася, каб замест прыдуркаватага журы і накручаных гістэрычных гледачоў у зале сядзелі старыя бабулі і дзядулі, і, змахваючы чарговую сьлязіну, з замілаваньнем сачылі за сваімі ўнукамі і ўнучкамі, а тыя сьпявалі б на розных, але родных мовах пра запэцканыя атрамантам пальцы, пра пачуцьцё да суседкі па лесьвічнай пляцоўцы, пра дождж і сонца, пра рэчы натуральныя.

Я ня ведаю, ці жывуць дагэтуль у беларускіх лясах пад Смалявічамі чароўныя трусікі, але волшебные трусы, калі пашукаць, то знайсьці можна. Чаго і вам жадаю!!!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG