Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня жыхарка Бабруйску Інга Татур атрымала падарунак ад беларускіх блогераў. Яна стала ўладальніцай інваліднага вазка. Інга хворая на міяпатыю, празь якую ня можа хадзіць.

Блогеры сродкі на вазок зьбіралі талакой. Яе яны распачалі летась на Раство пасьля эмацыйнага камэнтару Інгі Татур пра сваё жыцьцё. Гаворыць арганізатарка талакі Наталка Васілевіч:

“Калі я прачытала на Раство, што Інга ня можа самастойна рухацца, мяне гэта ўзрушыла. Час такі быў – Раства, цудаў. Хацелася зьмяніць у гэты час сытуацыю. Я адчула такі імпульс, неабходнасьць напісаць нешта ў сваім блогу. Адрэагаваць на допіс Інгі. Я хацела, каб яе мара стала яваю”.

Натальля Васілевіч

Інга Татур ня ходзіць ад чатырнаццаці гадоў. Пра электрычны вазок яна марыць даўно. Чаму?

“Мне аднойчы прывозілі электрычны вазок, тады ў мяне зьявілася такое пачуцьцё, што ты раптам з маленькага чалавека ператвараесься ў дарослага, – кажа Інга. – Становісься такім, як усе. Той вазок быў вельмі вялікі, стары, і шмат трэба было ўкласьці ў яго грошай, каб ён працаваў. Вялікі быў, а кватэра маленькая. Тады я ім не змагла карыстацца. Аднак працягвала марыць пра гэта. І вось у мяне ёсьць вазок. Заўсёды марыла пагуляць адна па горадзе, бо я ня ведаю свайго гораду. Калі мяне нехта вязе, я не магу засяродзіцца на тым, куды я еду. Мне трэба самой даведацца, якія горад, якія вуліцы. Самой кіраваць і самой выбіраць кірунак. Мара мая цяпер спраўджваецца. І я буду сама кіраваць адна”.

Вазочак для Інгі Татур

Інга Татур – беларускамоўная блогерка. Піша на хрысьціянскія й мастацкія і шмат якія іншыя тэмы. Блогеркай стала пасьля знаёмства зь меркаваньнямі ў інтэрнэце Сяргея Балахонава й Андрэя Хадановіча. У інтэрнэт-прасторы вядомая пад нікам “Міхалінка”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG