Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм БНФ: АДС больш не існуе


Кааліцыя Аб'яднаных дэмакратычных сілаў больш не існуе – заявіў на сваім пасяджэньні 21 лістапада ў Менску сойм Партыі БНФ.

Як патлумачыў заяву старшыні партыі Ігар Лялькоў, устаноўчыя дакумэнты аб стварэньні АДС цяпер не выконваюцца і фактычна страцілі сваю сілу. Паводле яго слоў, асноўны кіроўчы орган АДС — палітрада — не зьбіраецца з 2008 году, а ўсе прынцыповыя рашэньні прымаюцца "толькі некалькімі членамі прэзыдыюму палітрады".

Сябра сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць нясвоечасовым прыняцьце такой пастановы ў адносінах да АДС. Паводле яго слоў, рашэньне партыі аб фактычным спыненьні існаваньня кааліцыі будзе нэгатыўна ўспрынятае як унутры краіны, гэтак і за яе межамі.

"Стварэньне АДС дазволіла беларускай апазыцыі існаваць у выглядзе адзінага суб'екта пры перамовах з уладамі. Менавіта ў гэтым выглядзе структура ўспрымалася і за мяжой. Адсутнасьць узгодненай пазыцыі можа пазбавіць апазыцыю месца ў парлямэнцкай структуры "Ўсходняга партнэрства", — сказаў ён.

Са свайго боку старшыня партыі Аляксей Янукевіч заявіў, што АДС за мяжой ужо ніхто не разглядае ў якасьці адзінага выразьніка думкі апазыцыі.

У сваёй пастанове сойм Партыі БНФ даручыў старшыні і яго намесьнікам пачаць перамовы з усімі палітычнымі сіламі Беларусі аб стварэньні пастаянна дзейнай кансультацыйнай пляцоўкі.

Таксама сойм Партыі БНФ зацьвердзіў плян дзейнасьці перадвыбарнага штабу на мясцовых выбарах. Партыя мае намер правесьці ўзгадненьне вылучэньня сваіх кандыдатаў зь іншымі палітычнымі і грамадзкімі арганізацыямі ў рэгіёнах у рамках "Беларускага незалежнiцкага блёку" і мясцовых кааліцыяў для найбольш эфэктыўнай арганізацыі выбарчай кампаніі.

Партыя БНФ накіравала сваю прапанову аб узгодненым вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Нацыянальны камітэт АГП разгледзіць гэтую прапанову на пасяджэньні 26 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG