Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікаля Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Інфармацыю пра тое, што прадпрымальніку з Ваўкавыску Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту, пацьвердзіў Радыё Свабода ягоны адвакат Павел Сапелка. Адвакат быў нешматслоўны, спаслаўшыся на падпіску, якую даў сьледчым.

“Скажам так, я не абвяргаю гэтых зьвестак. Што да прозьвішчаў асобаў, на якіх, паводле сьледзтва, нібыта рыхтаваў замах мой падабаронны, адкажу наступнае. Цяпер не зьявілася ніякіх новых прозьвішчаў, апрача тых, якія раней ужо былі ў друку у сувязі з гэтай справай”, – сказаў адвакат Павел Сапелка.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага з абвінавачаньня ў падпале дому міліцыянта ў Ваўкавыску. Улетку зьявіліся зьвесткі, што прадпрымальніка падазраюць таксама ў рыхтаваньні тэрактаў супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянка. Вядома, што Мікалай Аўтуховіч сваёй віны паводле гэтых абвінавачаньняў не прызнае. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.
Мікалай Аўтуховіч
нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасьля школы закончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. У 1981 годзе яго забралі ў армію, служыў кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Пазьней закончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць у Аўганістан. За ахову мосту пад Кандагарам, ды ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў званьні старшага прапаршчыка, стаў займацца бізнэсам.

Увосень 2003 году больш за два тыдні трымаў галадоўку супраць таго, што падатковая служба арыштавала таксоўкі, а міністэрства транспарту прыпыніла дзеяньне ліцэнзіі на пасажырскія таксаперавозкі ягонай фірме. Да яго далучыліся кіроўцы і дыспэтчары, усяго галадалі больш за 30 чалавек.

Вясной 2005 году 31 дзень трымаў галадоўку супраць арышту аўтамабіляў і блякаваньня рахунку фірмы. Разам зь ім трымалі галадоўку болей за 35 чалавек.

Быў аршытаваны 14 кастрычніка 2005 г., зь першага дня арышту 74 дні трымаў галадоўку. Быў асуджаны 7 ліпеня 2006 г. на тры гады і шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за ухіленьне ад выплаты падаткаў і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. 18 студзеня 2008-га яму замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства.

Зноў быў арыштаваны 8 лютага 2009 г. Яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае да Аўтуховіча прэтэнзій. Таксама яго падазраюць у захоўваньні зброі. Ад 16 красавіка да 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку пратэсту супраць зацягваньня ягонай справы і патрабаваньнем, каб яе або перадалі ў суд, або вызвалілі яго й ягоных сяброў.

З 4 да 15 траўня галадоўку салідарнасьці з ваўкавыскімі вязьнямі трымалі моладзевыя актывісты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG