Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сям’і — і ў небясьпецы


У Гомелі 539 дзяцей ў 399 сем’ях знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Прычым, траціна дзяцей маюць узрост да 5 гадоў. Такія лічбы падае гарадзкі сацыяльна-пэдагагічны цэнтар.

Гаротны стан дзяцей найчасьцей выкрываюць супрацоўнікі ўстановаў адукацыі. Пятая доля такой працы прыпадае на міліцыю, мэдыкаў, камунальнікаў, усіх іншых крыніцаў.

Невыносныя ўмовы жыцьця дзецям іншы раз ствараюць і самі бацькі. На памяці дзікі выпадак, што здарыўся ў вёсцы Камаровічы Петрыкаўскага раёну. П’яны бацька так зьбіў сваю гадавалую дачку, што яна памерла. Суд пакараў мужчыну 16 гадамі зьняволеньня.

Сёлета ў рэгіёне паводле рашэньняў камісій па справах непаўналетніх каля двух з паловай сотняў дзяцей адабралі ў бацькоў. З другога боку, у біялягічныя сем’і вярнулі звыш 400 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Міліцыя ўзяла на ўлік у рэгіёне больш як 2,2 тысячы бацькоў, якія матэрыяльна не падтрымлівалі сваіх нашчадкаў. За невялікім выключэньнем, іх уладкавалі на працу, каб яны маглі сплачваць грошы дзяржаве на ўтрыманьне дзяцей у інтэрнатах. Аднак ад працы, па зьвестках міліцыі, ухіляецца кожны чацьвёрты бацька.

XS
SM
MD
LG