Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У школу — у касках?


Старыя школьныя будынкі ў Віцебску сталі небясьпечнымі для вучняў. Дзясяткі гадоў яны стаяць без капітальнага рамонту і ствараюць небясьпеку для жыцьця і здароўя вучняў.


Папераджальная стужка павінна гарантаваць бясьпеку вучняў
У Віцебскай сярэдняй школе № 10 нядаўна абрынуўся кавалак сьцяны пад самым дахам. Небясьпечнае месца абгарадзілі папераджальнай стужкай, і цяпер, кажа завуч, чакаюць сродкаў на рамонт ад гарадзкіх уладаў:

“Школа сапраўды ня новая — існуе з 1937 году. Калі казаць пра бясьпеку дзяцей — то гэта месца не прахадное, мы насамрэч яго абгарадзілі, каб там ніхто не хадзіў. Ну, а рамонт школа сама зрабіць ня ў стане, вы ж ведаеце. Пра тое, што адбылося, гарадзкія ўлады ведаюць і па меры магчымасьці рамонт зробяць”.

Капітальнага рамонту ў сярэдняй школе № 10 не было ўжо 10 гадоў. А цэгла з паддашша валіцца якраз на пляцоўку для гульняў ва ўнутраным дворыку. Настаўнікі і бацькі пішуць скаргі, аднак сродкаў, каб грунтоўна аднавіць будынак, дагэтуль няма.


У сярэдняй школе № 2, пабудаванай у 1954-м годзе, сьцены і столь разбураюцца ня звонку, а зь сярэдзіны. Апошняе такое здарэньне адбылося тут у верасьні: са столі зваліўся кавалак ляпніны даўжынёй каля мэтру.

Ніхто не пацярпеў, але толькі праз шчасьлівы выпадак: літаральна за імгненьне настаўніца папрасіла вучаніцу перайсьці на іншае месца.

Бацька вучня-трэцяклясьніка распавёў, што пазьней гэтае месца проста затынкавалі. Але падобнае ў школе здараецца ўжо не ўпершыню, і тым ня менш пра рамонт будынка гаворкі пакуль няма:

“У сталоўцы таксама асыпалася столь. Дробнай трухой сыпалася. Калі бацькі спыталіся, што школа зрабіла, нехта з настаўнікаў сказаў: “Ежу вашым дзецям замянілі”. Так што — ня дай Бог, нешта зноў пачне руйнавацца. Настаўнікі баяцца, што школу зачыняць”.

У школе № 2 столь асыпалася і ў спартовай залі, і ў падсобных памяшканьнях. Тым ня менш на капітальны рамонт унутры будынка спадзявацца не выпадае, кажа прадстаўніца школьнай адміністрацыі:

“Столь у спартовай залі абвалілася — адрамантавалі. У клясе, дзе адваліўся кавалак тынкоўкі — дзяцей адразу перавялі і таксама адрамантавалі. Што яшчэ будзе рабіцца? Вось адрамантавалі фасад, памянялі вокны, дзьверы, цяпер плот новы паставяць і заасфальтуюць. Але ўнутры — наўрад ці што будзе рабіцца. Вы ж ведаеце, як нас фінансуюць…”

Дарэчы, вокны, якія выходзяць ва ўнутраны двор школы, так і засталіся старыя. Новыя плястыкавыя канструкцыі паставілі толькі там, дзе іх відаць з плошчы Перамогі — самага вядомага ў Віцебску будаўнічага праекту.

Фасад школы абнавілі і ўсталявалі падсьветку
Але новыя вокны паставілі толькі з трох бакоў

У гэтай клясе абвалілася тынкоўка. Фота прадаставілі бацькі вучняў СШ №2
Уваход у школьны падвал.
Вонкавае абнаўленьне будынку яго не закранула


Кожны жыхар гораду ведае, што рэканструкцыя плошчы адбываецца з асабістай ініцыятывы старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца. Грошай на яе не шкадуюць: толькі на першым этапе рэканструкцыі ўжо асвоена 16 мільярдаў рублёў. Увесну тут зьнішчылі каштоўныя дрэвы, каб усьцяж закласьці ўсю тэрыторыю тратуарнай пліткай. Нядаўна на плошчы зьявіліся ліхтары і фантаны, пасярэдзіне ўжо ставяць навагоднюю ёлку, а ўсе будынкі навокал аздоблены каляровым падсьвятленьнем.

Усталявалі падсьвятленьне і на школьным будынку, панарабіўшы адтулін у старых мурах. Цяпер туды зацякае дажджавая вада, і гэта можа справакаваць наступныя разбурэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG