Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдкая навіна. Беларуская чыгунка зьменшыла кошты на квіткі на шэрагу пасажырскіх цягнікоў унутраных зносін. На гэта паўплывала падзеньне аб’ёму пасажырскіх перавозак, выкліканае крызісам і грыпам.

Беларуская чыгунка ажыцьцяўляе каля 50% пасажырскіх перавозак. Апошнім часам яна вымушаная зьмяншаць кошты на квіткі, каб падвысіць аб’ёмы перавозак. Ад 1 верасьня зьменшаны кошты на расейскім і ўкраінскім напрамках. Да прыкладу, паездка ў Маскву стала на 7% таньнейшаю, у Кіеў — амаль на 12%. Ад сёньня патаньнелі квіткі на цягніках

  • Віцебск — Горадня,
  • Гомель — Менск і
  • Менск — Варшава (па тэрыторыі Беларусі).

Цэны зьменшыліся ў сярэднім на 17 % залежна ад катэгорыі вагона. Да прыкладу, квіток на цягнік Віцебск — Горадня ў купэ патаньнеў у сярэднім на 6 тысяч рублёў, у плацкартным — на 5 тысячаў і ў агульным — на 3 тысячы. Прадстаўніца аддзелу абслугоўваньня пасажыраў пасажырскай службы чыгункі Марына Тоўсьцік сказала:

“Беларуская чыгунка прыняла такое рашэньне ў мэтах прыцягненьня пасажыраў. На гэты момант зьменшаны ўзровень тарыфаў на праезд у гэтых цягніках. Улічваючы падзьвіжны састаў, населенасьць і гэтак далей, прынялі рашэньне зьменшыць тарыфы менавіта на гэтыя цягнікі. Гэта зноў-такі ў парадку экспэрымэнту. Што будзе далей, наколькі нашы дзеяньні правільныя, пакажа жыцьцё. Мы лічым, што прыцягнем большую колькасьць пасажыраў”.

Спадарыня Тоўсьцік адзначае, што ў асеньне-зімовы пэрыяд звычайна адбываецца спад пасажырапатоку.

“Таксама нядаўнія падзеі — ВРВІ і грып — яны таксама вельмі адбіліся на аб’ёме пасажырскіх перавозак. Падзьвіжнасьць у канікулярны пэрыяд, што было ярка выражана ў мінулы год, сёлета крыху спала”.

Барыс Жаліба
Паводле эканаміста Барыса Жалібы, зьмяншэньне аб’ёму перавозак — праява крызісу, які стаў прычынай зьмяншэньня пакупніцкай здольнасьці грамадзянаў. Ён адзначыў, што пасажырскія перавозкі ў Беларусі стратныя ад часоў СССР. Яны перакрываюцца рэнтабэльнымі грузавымі перавозкамі і, ня выключана, часткова зь бюджэту.

“Тое, што зьмяншаюцца тарыфы, — гэта не таму, што ў нас дзяржава такая добрая, а з прычыны зьмяншэньня пакупніцкай здольнасьці насельніцтва. Людзі сталі меней езьдзіць. Наша дзелавая эканоміка зьменшыла свой тонус. І людзі сталі эканоміць больш. Таму падлічылі, што калі зьменшыць тарыфы, то гэта, магчыма, перакрыецца тым, што больш людзей стане езьдзіць і агульная выручка стане большай”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG