Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чароўны трусік” пашкодзіў “лапку”, але ад амбітных плянаў не адмаўляецца


У суботу 21 лістапада ў Кіеве стартуе дзіцячы конкурс песьні “Эўрабачаньне-2009”. Беларусь на імпрэзе прадстаўляе 13-гадовы Юры Дземідовіч, за якім ужо трывала замацавалася мянушка “Чароўны трусік” — у адпаведнасьці з нумарам, які ён прывёз ва Ўкраіну. Яшчэ да пачатку конкурснай праграмы беларускі хлопчык стаўся ці ня самым раскручаным сярод усіх удзельнікаў — ягоны “Чароўны трусік” стаў прадметам спрэчак у асяродку знаўцаў акультных навукаў, а па колькасьці спампоўваньняў у інтэрнэце падлетку пазайздросьцілі б нават пасьпяховыя дарослыя артысты.

За дзень да вырашальнага выступу ў Юры Дземідовіча здарыўся непрыемны інцыдэнт: хлопчык дэзарыентаваўся ў сьвятле юпітэраў і зваліўся са сцэны. У выніку — зламаны палец рукі і ўдвайне сапсаваны настрой, бо ў гэты ж дзень у яго быў 13-ты дзень нараджэньня. “Чортаў тузін” насамрэч аказаўся нешчасьлівым. Праўда, куратары з суправаджэньня запэўніваюць: форс-мажор не павінен адбіцца на выступе — маўляў, палец на голас не ўплывае.

Варта зазначыць, што маленькія беларусы — у бясспрэчных лідэрах дзіцячага “Эўрабачаньня”. За шэсьць гадоў існаваньня такога конкурсу выхаванцы беларускіх пэдагогаў двойчы былі пераможцамі, адзін раз спыняліся на другой прыступцы і аднойчы замкнулі першую чацьвёрку. Праўда, пасьля вяртаньня дадому пра трыюмфатараў практычна нічога не чуваць — за выключэньнем, бадай, Ксеніі Сітнік, якой асабіста апякуецца маці, прадусарка Сьвятлана Стацэнка. Ці ёсьць шанец у безумоўна таленавітага Юры Дземідовіча ня зьнікнуць разам з заканчэньнем кіеўскага канцэрту?

Над сытуацыяй разважаюць Канстанцін Драпеза і Аляксандра Кірсанава — салісты дуэту “Аляксандра&Канстанцін”, першыя ўдзельнікі дарослага “Эўрабачаньня” ад Беларусі:

Дуэт Аляксандра і Канстанцін
Аляксандра: “Па-першае, у хлопчыка павінен прайсьці пэрыяд мутацыі голасу. Тады і паглядзім, што ён будзе ўяўляць у больш дарослым узросьце”.

Канстанцін: “Так, Аляксандра ў нас — спэцыяліст па вакале. Праблема ў тым, што з узростам, у 13-14 гадоў, якраз адбываецца мутацыя голасу. І то, калі, як у Рабэрціна Ларэці, у кагосьці голас мяняецца, то здараецца такая праблема, што ён сам фізычна нічога ня можа зрабіць”.

Аляксандра: “Але на пачатковым этапе яшчэ шмат будзе залежаць, які кіраўнік побач зь ім…”

Канстанцін: “Так, але ж мы ж ведаем: каб стымуляваць працэс, нават кватэры давалі людзям, якія заваёўвалі нейкія месцы. Але тут не пра дабрабыт асабліва трэба клапаціцца, далей няхай ён вырасьце проста добрым чалавекам. Не абавязкова, каб быў артыстам — Кіркоравым ці яшчэ кім. Галоўнае, каб ён ня быў бандытам і ўвогуле адмоўным пэрсанажам. Бо немагчыма ўсім дзецям быць вундэркіндамі, так жа? Тады ўсім дзецям пляцовак папросту ня хопіць, калі ўсе як Сітнік будуць сьпяваць і першыя месцы займаць… Шчыра кажучы, адмыслова мы за Юрам ня сочым, адзін раз бачылі ў паўфінале ягоны выступ, але разам ткнулі пальцам: ён — самы крэатыўны з усіх, і цалкам правільна, што ў Кіеў паехаў менавіта ён”.

Псыхоляг Яўгенія Бараева працуе з адоранымі і таленавітымі дзецьмі. На яе думку, трапляючы ў дарослы антураж, некаторыя зь іх выяўляюць схільнасьці, уласьцівыя, зноў жа, дарослым людзям. І ўжо ад канкрэтнага дзіцяці залежыць, як ён скарыстае шанец заявіць пра сябе:

“Сёньня ўвогуле даказана: посьпех чалавека, апроч творчых здольнасьцяў, інтэлекту, матывацыі, шмат у чым вызначаецца якасьцямі асобы. І вось адоранасьць зараз разглядаецца як патэнцыял, як магчымасьць, рэалізацыя якой залежыць ад многіх фактараў. У тым ліку значную ролю мае якасьць асобы, асабовыя фактары. Падчас удзелу дзяцей у конкурсах, турнірах успрыняцьце посьпеху вызначаецца асабовай сьпеласьцю. У сьпелай асобы не адбываецца сур’ёзных трансфармацый. А вось нясьпеласьць прыводзіць да таго, што зьмяняецца самаацэнка, зьмяняюцца ўстаноўкі ў адносінах да іншых, чаканьні з боку іншых у адносінах да сябе. То бок гэта адбываецца ў чалавека асабова нясьпелага”.

Можна спадзявацца, што сьпеласьць Юры Дземідовіча за час падрыхтоўкі да “Эўрабачаньня” загартавалася шматразова. Нагадаем, што да конкурснай песьні вымушана была зьвярнуцца нават царква. У Менскае эпархіяльнае ўпраўленьне паступіла некалькі заяваў з просьбай прааналізаваць тэкст “Чароўнага трусіка” на прадмет наяўнасьці таемнага і акультнага сэнсу. Аднак у афіцыйным адказе Беларускай праваслаўнай царквы паведамляецца, што ў выніку экспэртызы спэцыялісты прыйшлі да высновы: у частцы, якая выконваецца па-лацінску, няма ніякіх намёкаў на акультныя рытуальныя дзеяньні: “Пераклад выразу на лацінскай мове, а таксама магчымае гучаньне песьні пры яе прайграваньні ў зваротным парадку ня маюць у дадзеным кантэксьце ніякага падвойнага сэнсу”. У сваю чаргу, царкоўнікі лічаць, што музычныя вартасьці і недахопы песьні павінна ацэньваць упаўнаважаная на гэта камісія.

21 лістапада ў Кіеўскім палацы спорту Юры Дземідовіч па выніках жэрабя выступіць перадапошнім, пад № 12. Першай на сцэну выйдзе швэдзкая “зорачка”, права закрыць конкурсную праграму выпала ўдзельніку з Македоніі. Нагадаем, што дзіцячае “Эўрабачаньне-2010” пройдзе ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG