Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве застрэлілі праваслаўнага сьвятара


Царква, дзе быў забіты Данііл Сысоеў

Царква, дзе быў забіты Данііл Сысоеў

У ноч на пятніцу ў расейскай сталіцы быў забіты настаяцель храму сьвятога Фамы Данііл Сысоеў. Ягоны памочнік Уладзімір Стральбіцкі цяжка паранены.

Стрэлы прагучалі ў царкоўным двары. Прыхаджане, падасьпеўшы, даставілі пацярпелых у найбліжэйшую лякарню. Праз гадзіну пасьля замаху Данііл Сысоеў памёр.

Сьледзтва распрацоўвае розныя вэрсіі забойства, асноўнай лічыцца місіянэрская дзейнасьць сьвятара. На месцы злачынства зброя не была знойдзеная, і гэта дае сьледчым падставы меркаваць, што забойца ня быў прафэсійным кілерам.

Паступае супярэчлівая інфармацыя аб меркаваных матывах учыненага злачынства. Паводле адных зьвестак, сьвятар вёў актыўную працу з мусульманскай інтэлігенцыяй, уступаючы ў публічныя дыскусіі з тымі, хто не падзяляў ягоных поглядаў. Згодна зь іншай інфармацыяй, Сысоеў гэтаксама актыўна змагаўся і зь іншымі рэлігійнымі групамі, рыхтаваная ім дысэртацыя была прысьвечаная адвэнтыстам сёмага дня.

Вядома, што пагрозы на адрас сьвятара паступалі апошнім часам рэгулярна. Сысоеву званілі і нават адпраўлялі лісты электроннай поштаю з абяцаньнямі хуткай расправы.

У забітага 35-гадовага сьвятара засталіся жонка і трое дзяцей.

Словы вядоўцы праграмы “З хрысьціянскага пункту гледжаньня” расейскай службы нашага радыё, сьвятара Якава Кротава пра Данііла Сысоева чытайце тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG